Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Шлях чалавецтва — гэта крокі ад аднаго інтэлектуальнага прарыву да другога. Адныя зь іх рэвалюцыйна перайначылі й наш сьветагляд, і нашае рэальнае жыцьцё, іншыя засталіся толькі ў гісторыі вялікіх авантураў чалавечага духу. Але ўсе яны вартыя ўвагі й павагі. Прыкладаў і тых, і іншых — нямерана. Згадаем хоць бы рэвалюцыю Капэрніка, які давёў чалавецтву, што ня Сонца рухаецца вакол Зямлі, а зусім наадварот.
Ці ўтопію Тамаза Кампанэлы “Горад Сонца”, дзе жыцьцё арганізаванае так, што людзі там жывуць у справядлівай згодзе і ня ведаюць ані бедаў, ані нястачы. Або філязофію Фрыдрыха Ніцшэ, які крытычна пераасэнсаваў усю папярэднюю культуру і змусіў нас інакш глядзець і на саміх сябе, і на гэты сьвет... Адсюль і пытаньне: а ці былі і на нашай зямлі людзі, схільныя да вялікіх інтэлектуальных авантураў?”
(Валянцін Акудовіч: ) “Былі, ёсьць і ўжо ж, напэўна, будуць. Іншая справа, што нам, бадай, як мала каму яшчэ, падыходзіць эвангельскае выслоўе: “Няма прарока ў сваёй айчыне”. А насамрэч у нас таксама хапала вялікіх авантурнікаў, якія не саступалі хоць каму. І іхныя надзвычай сьмелыя, экстравагантныя ідэі ўскалыхвалі ня толькі айчынныя, але і эўрапейскія розумы. Бо ідэі гэтыя мелі пад сабою пэўныя навуковыя падставы і базаваліся зусім на пераканаўчай лёгіцы”.
(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — філёзаф Валянцін Акудовіч. Інтэлектуалы–авантурнікі сваімі ідэямі, апярэджваючы час, гэтаму часу кідалі выклік. Спадар Валянцін, калі зазірнуць у аддаленую гісторыю, каго б з такіх інтэлектуалаў–авантурнікаў, вы назвалі б сярод першых?”
(Акудовіч: ) “Відавочна, Казімера Лышчынскага. Выдатна адукаваны шляхціч, ваяр, грамадзкі дзяяч, філёзаф. Быў памагатым рэктара Брэсцкага калегіюма, паслом Сэйму. Ваяваў на колькіх войнах. Аднак, пасьля адсланіўся і ад вайсковай, і ад грамадзкай дзейнасьці, каб на адзіноце ў сваім маёнтку пад Брэстам напісаць знакамітую і праз стагодзьдзі філязофскую працу — «Трактат пра неіснаваньне Бога»”.
(Ракіцкі: ) “Нас, гадаванцаў атэістычнага ладу жыцьця, нават калі мы й не бязбожнікі, ніяк ня дзівіць чалавек, які праз філязофскі роздум адмаўляе існаваньне Бога. Але не забудземся — і гэта самае істотнае! — што тады яшчэ было толькі XVII стагодзьдзе і ані чалавек у паасобку, ані грамадзтва ў цэлым і ў жахлівым сьне не маглі сабе ўявіць гэты сьвет бяз Бога…”
(Акудовіч: ) “Менавіта. Нават такія вялікія папярэднікі Лышчынскага, як Капэрнік, Галілей ці Джардана Бруна ня ставілі наяўнасьць Бога пад сумнеў, яны толькі асьцярожна спрабавалі давесьці, што тая карціна сьвету, якую навязвае рэлігійны канон, не зусім адпавядае сьвету рэальнаму.
Інтэлектуальная авантура Казімера Лышчынскага сягала куды глыбей, яна пагражала пабурыць самыя падваліны, на якіх трымалася тагачасная цывілізацыя. Адсюль і той неверагодны вэрхал, які ўсчаўся, як толькі праз даношчыка сталася вядома пра існаваньне трактату. У 1688 годзе Сэйм Рэчы Паспалітай у справе Лышчынскага зладзіў аж 19 паседжаньняў. Лёсам філёзафа турбаваліся ня толькі на айчыне, але і ва ўсёй Эўропе. Першая парыская газэта зьмясьціла пяць паведамленьняў пра суд над ім”.
(Ракіцкі: ) “Зрэшты, найлепшым сьведчаньнем пра тое ўзрушэньне, якое нарабіў гэты твор, ёсьць прысуд ягонаму аўтару. 30 сакавіка 1689 году на Старым рынку ў Варшаве вялікага беларускага філёзафа змусілі ўласнаруч зьнішчыць рукапіс, а затым яму адсеклі галаву і спалілі цела”.
(Акудовіч: ) “Заўважым, што гэтая жахлівая падзея адбылася ня ў змрочным Сярэднявеччы, а ў цывілізаванай Рэчы Паспалітай, якая ганарылася сваімі вольнасьцямі. Значыць, сапраўды філязофскі роздум Казімера Лышчынскага быў успрыняты як нешта такое, што можа нізрынуць увесь белы сьвет”.
(Ракіцкі: ) “А ці ёсьць прыклады вялікіх інтэлектуальных авантураў у блізкім да нас часе?”
(Акудовіч: ) “Хапае. І ў аддаленым, і ў зусім блізкім. Давайце зьвернем увагу хаця б на Васіля Купрэвіча. Знаны біёляг, акадэмік, 17 гадоў узначальваў Беларускую Акадэмію навук... Дарэчы, у маладосьці ўдзельнічаў у штурме Зімовага палацу. Але нас тут цікавіць не адметны лёс хлопца з-пад Смалявічаў, а ягоная “філязофія вечнага жыцьця”. Рэч у тым, што Васіль Купрэвіч выснаваў тэорыю, згодна зь якой у чалавека ёсьць усе падставы жыць ня проста доўга, а вечна”.
(Ракіцкі: ) “Натуральна, гэта ўтопія. Але ўтопія належыць сур’ёзнаму навукоўцу, а не пісьменьніку–фантасту. На якіх жа навуковых дадзеных яна магла паўстаць?”
(Акудовіч: ) “Сутнасьць здуменьня Купрэвіча палягае на тым, што ў аснове ўсіх жывых формаў ляжыць пратапляст, неверагодна ўстойлівае рэчыва, якое можа бясконца доўга абнаўляць самое сябе. Прыкладам, таполя ўжо 80 мільёнаў гадоў перадае самыя драбнюткія прыкметы свайго першапродка. Або вось яшчэ прыклад доўгажыхарства: навукоўцам вядомыя асобіны дрэвападобных расьлінаў, узрост якіх сягае 12 тысячаў гадоў”.
З гледзішча Купрэвіча, сьмерць — зьява не біялягічная, а гістарычная. Сьмерць існавала не заўсёды, яна ўзьнікла толькі на пэўным гістарычным этапе. Калі заўгодна, сьмерць — гэта творца жыцьця, бо менавіта ад яе пачалася эвалюцыя прыроды. Калі б сьмерці не было, і ўсё жывое існавала вечна, то нашыя зьвярыныя продкі так ніколі і не сталіся б людзьмі.
Але на гэты час сьмерць ужо выканала сваю эвалюцыйную функцыю. Яна болей не паляпшае чалавека як від. А значыць, ад яе можна і трэба пазбаўляцца, як ад анахранізму”.
(Ракіцкі: ) “Як паставіліся да гэтай, так бы мовіць, жыцьцядайнай канцэпцыі ў навуковым сьвеце?”
(Акудовіч: ) “У сваю пару — гэта канец шасьцідзясятых,— канцэпцыя Васіля Купрэвіча займела шырокі розгалас ва ўсім Савецкім Саюзе. Не забыліся на яе і цяпер, прынамсі, у Расеі. Параўнаўча нядаўна там выйшла кніга “Рускі касьмізм”, дзе ў адным шэрагу з працамі Ўладзімера Салаўёва, Мікалая Фёдарава, Канстанціна Цыялкоўскага, Мікалая Бярдзяева надрукаваная і праца па “філязофіі вечнага жыцьця” Васіля Купрэвіча”.
(Ракіцкі: ) “На маёй памяці скандальныя спрэчкі вакол ідэяў колькі год таму памерлага доктара тэхнічных навук, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Альбэрта Вейніка. Вы таксама яго далучаеце да сьпісу найвялікшых беларускіх інтэлектуалаў–авантурнікаў?”
(Акудовіч: ) “Папулярнасьць ідэяў Вейніка была не такой масавай, як у выпадку Купрэвіча, але, бадай, больш шырокай і больш, калі можна так сказаць, трывалай. Ня толькі ў краінах былога Саюзу, але й за іншымі межамі ў яго і па сёньня застаюцца апантаныя пасьлядоўнікі.
Глябальная канцэпцыя Альбэрта Вейніка мае назву Агульнай Тэорыі Прыроды. Ён яе выклаў у капітальнай працы «Тэрмадынаміка рэальных працэсаў», якая была надрукаваная ў Менску ў 1991 годзе. Свае высновы Вейнік падмацаваў безьліччу матэматычных формулаў і разьлікаў ды ня меншай колькасьцю экспэрымэнтальных досьледаў, якія ён правёў з дапамогай тых прыбораў, што сам прыдумаў”.
(Ракіцкі: ) “Дык у чым сутнасьць ягоных ідэяў?”
(Акудовіч: ) “Сутнасьць ідэяў Вейніка ў тым, што, як рэальны, гэтак і нерэальны сьвет, гэта значыць той, дзе месьцяцца душа, дух, прывіды, фантомы і да таго падобнае маюць агульную прыроду, падпарадкаваную аднолькавым фізычным законам. Гэтаксама маюць пэўную фізычную прыроду і такія абстракцыі, як час, прастора, думкі, уяўленьні — што ён не аднойчы фіксаваў на сваіх прыборах”.
(Ракіцкі: ) “Ён што, даводзіў існаваньне ў прыродзе душы?”
(Акудовіч: ) “У нейкай ступені, сапраўды. Паводле Вейніка, у прыродзе існуюць “тонкія” і “звыштонкія” сьветы, аб’екты. “Тонкія аб’екты” валодаюць якасьцямі, якія ў Бібліі называюцца душой, а “звыштонкія” — духам.
Тут трэба згадаць, што для Альбэрта Вейніка кожнае слова ў Бібліі фізычна і матэматычна бясспрэчныя. Прынамсі, самыя неверагодныя цуды, якія там апісваюцца, натуральна, падпадаюць пад фізычныя законы, сфармуляваныя ім у Агульнай Тэорыі Прыроды.
Цікава, што калі Казімер Лышчынскі, зь якога мы распачалі гаворку, адмаўляў Богу ў праве на існаваньне таму, што Той супярэчыць законам прыроды, то Альбэрт Вейнік цалкам наадварот выводзіць існаваньне Бога зь фізычных законаў, якім аднолькава падпарадкаваны як бачны, гэтак і нябачны сьвет. Між іншым, стваральнік гэтых абодвух сьветаў тут таксама не выключэньне”.
(Ракіцкі: ) “Слухаю вас і не магу адагнаць ад сябе адную думку. Тры авантурныя ідэі, якія вы нам прадставілі, паўсталі з адвечнага роздуму чалавека пра Бога і прыроду. Вы лічыце гэта прынцыповай адметнасьцю інтэлектуальных высілкаў беларусаў?”
(Акудовіч: ) “Натуральна, не. Гэта якраз тыя праблемы, якія аднолькава хвалявалі чалавека, дзе б ён ні нарадзіўся. Бадай, адметнасьць беларусаў адно ў тым, што яны спрабавалі разьвязаць гэтыя праблемы болей радыкальным чынам. Верагодна, гэтак атрымоўвалася таму, што ў рэальным жыцьці беларусы ня мелі магчымасьці рэалізоўваць сябе й свае праекты. І тады іхная энэргія скіроўвалася ў сфэру мысьленьня, дзе й выбухала радыкалізмам”.