Аўтарытэтныя асобы пацьвярджаюць, што гэтая інфармацыя не беспадстаўная, бо ў часе будаўніцтва стала зразумела, што тарфянікі, на якіх узводзіцца бібліятэка, могуць ня вытрымаць такой вагі.
Прадстаўнікі геадэзічнай службы і архітэктары бачаць прычыну ў геалягічных адметнасьцях глебы на дадзенай тэрыторыі. Яшчэ за савецкім часам праект забудовы праспэкта Скарыны меў на ўвазе спачатку будаўніцтва на гэтым месцы вышынных жылых дамоў, пазьней — унівэрсытэцкіх карпусоў, але будаваць на дрыгве так і не адважыліся, пакінуўшы тут на доўгія гады былы калгасны сад.
Акадэмік Радзім Гарэцкі сумняецца, што былі зробленыя сапраўды грунтоўныя геалягічныя дасьледаваньні гэтага месца.
(Гарэцкі: ) “На гэтым месцы было балота, старажытныя тарфянікі. Таму калі тут пахаваныя тарфянікі вялікай магутнасьці, глеба будзе прасядаць. Значыць, іх трэба прайсьці, каб падмурак пакласьці глыбей, а не наверх, таму што зямля будзе хістацца. Таму калі ўзводзіць такія фундамэнтальныя будынкі, патрэбныя абавязковыя інжынэрна-геалягічныя дасьледваньні”.
(Карэспандэнт: ) “Калі гаворка сапраўды ідзе пра такую маштабную будоўлю, пэўна, за круглы стол мусілі сесьці ўсе зацікаўленыя бакі?”
(Гарэцкі: ) “Магчыма. Але ж у нас, як і за савецкім часам, мае месца валюнтарызам: “пабудаваць тут!” І ўсё. Так што асабліва ні ў каго і не пыталіся — гэтак жа, як і ў справе будоўлі атамных электрастанцыяў, якія цяпер існуюць вакол Беларусі. Іх таксама збудавалі, на жаль, без геалягічных дасьледваньняў, без уліку тэктонікі, сэйсьмічнасьці і г.д.”
Вядомы беларускі архітэктар Лявонці Зданевіч прыгадвае, што гэта ня першы выпадак, калі гатовы аб’ект або ягоны прататып на стадыі будаўніцтва, не адпавядаў праектнай дакумэнтацыі. Найбольш яскравы прыклад — манумэнт на пляцы Перамогі ў Менску. Ад рэзанансавых хваляў мэтро яго ўжо колькі разоў дадаткова ўмацоўвалі, бо помнік цягам апошніх гадоў упарта нахіляецца на бок. Пасьля будаўніцтва мэтро рашчыліны зьявіліся на купалаўскім тэатры, а таксама на шэрагу дамоў уздоўж праспэкту Скарыны і архітэктурных помніках Верхняга гораду.
(Зданевіч: ) “Што тычыцца месца, то месца можа быць любое. Пытаньне ў тым, колькі дадаткова сродкаў давядзецца аддаць на будаўніцтва. Я чуў, што там цяпер узьніклі складанасьці. Не дастаткова грунтоўна былі зробленыя дасьледваньні глебы, і таму ёсьць пэўныя праблемы з падмуркам. Але я лічу, што гэтая бібліятэка — абсурд з гледзішча зьявы ўвогуле. На сёньняшні дзень разьвіцьцё навукі, тэхнікі, сродкаў інфарматыкі ідзе ў іншым рэчышчы. Лепей было б зрабіць у кожным раёне невялічкія цэнтры, і таньней было б разоў у дзесяць. На жаль, уся інфармацыя, якая ішла за маё жыцьцё ў тэме будаўніцтва, у тым ліку і пра мае аб’екты, была заўсёды непрафэсійнай. Гэта тычыцца і Палацу рэспублікі, і іншых аб’ектаў”.
Між іншым, жыхары катэджавага пасёлку, што месьціцца недалёка ад месца будаўніцтва бібліятэкі, ня першы год скардзяцца, што пакутуюць ад падтапленьня дамоў грунтовымі водамі, што ёсьць вынікам прасяданьня глебы. У некаторых дамах зьявіліся рашчыліны, і людзі тэрмінова пакідаюць яшчэ нядаўна жаданы імі прэстыжны раён.