Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІТАЙСКІХ НЕЛЕГАЛАЎ У БЕЛАРУСІ ПРАВЕРЫЛІ НА АТЫПОВУЮ ПНЭЎМАНІЮ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Грамадзянаў Кітаю, што спрабавалі нелегальным чынам трапіць зь Беларуcі ва Ўкраіну, затрымалі ля вёскі Барысаўка Кобрыньскага раёну. Адтуль яны былі перавезеныя ў Маларыту і зьмешчаныя ў памежную камэндатуру. Паводле словаў памежнікаў, у затрыманых кітайцаў адсутнічалі дакуманты, але самі яны кажуць, што трапілі ў Беларусь з Масквы асобнымі групамі на двух аўтамабілях. Не хаваюць кітайцы ад беларускіх памежнікаў і сваёй мэты — транзытам праз Беларусь трапіць у Заходнюю Эўропу. Вось што распавёў нашаму радыё камэндант Маларыцкай памежнай камэндатуры Iгар Чарнышоў.

(Чарнышоў: ) “Пачнем з таго, што ў Беларусі яны знаходзяцца ад двух да трох месяцаў. Трапілі сюды з Расеі. Мы трымалі іх асобна ад усіх астатніх, выклікалі да іх мэдыкаў. Усё нармальна, мэдыкамі яны агледжаныя. Праблемаў у нас зь імі няма па стану здароўя”.

Маларыцкі камэндант таксама паведаміў, што ўжо сёньня будуць пардрыхтаваныя дакуманты для дэпартацыі грамадзянаў Кітаю ў Расею, адкуль яны трапілі ў Беларусь.

Аглядаць кітайскіх нелегалаў памежнікі выклікалі мэдыкаў з Маларыцкага раённага шпіталю. Галоўны лекар гэтай установы Ўладзімер Ялкоўскі кажа, што падазрэньнні на захворваньне атыповай пнэўманіяй сярод затрыманых кітайскіх грамадзянаў ня спраўдзіліся.

(Ялкоўскі: ) “Выехаў наш эпідэміёляг, а таксама інфэкцыяніст — два чалавекі. Яны іх агледзілі, сымптомаў рэсьпіраторна–вірусных інфэкцыяў ні ў кога з гэтых людзей ня выяўлена. Паводле часу, які яны знаходзіліся ў Расеі і ў нас, можна казаць, што хвароба гэтая ўжо магла сябе праявіць, бо яны працяглы час тут былі. Таму мы выключылі ўсялякую магчымасьць гэтага і яны пайшлі далей па этапу”.

Спадар Ялкоўскі мяркуе, што куды большая пагроза зьяўленьня атыповай пнэўманіі ў Беларусі застаецца ад хворых, якія карыстаюцца паветраным транспартам.
XS
SM
MD
LG