Увядзеньне візаў для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі ёсьць адным з варункаў далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу. Варта адзначыць, што Польша ідзе на гэты крок апошняй сярод 10 краінаў-кандыдатаў.
Яшчэ на пачатку бягучага году Варшава запрапанавала беларускаму боку гэтак званы “ўкраінскі варыянт”. Паводле гэтага варыянту, наўзамен бязьвізавага рэжыму для палякаў, польскія візы былі б для беларусаў бясплатныя. Афіцыйны Менск на гэта не пагадзіўся.
У выніку беларусы, адрозна ад украінцаў, за польскія візы будуць вымушаныя плаціць. Пра кошты візаў пакуль не паведамляецца, але паводле неафіцыйных зьвестак, папярэдняя прапанова палякаў - 4 альбо 5 эўра за візу.
Вядома таксама, што візы, адрозна ад цяперашняга ваўчара, будуць ляпіцца ў пашпарт. Беларусы змогуць атрымліваць як аднаразовыя візы, так і доўгатэрміновыя, на падставе якіх можна будзе шмат разоў перасякаць мяжу цягам шасьці месяцаў ці году.
Паводле папярэдніх разьлікаў, тэрмін выдачы польскіх візаў для грамадзянаў Беларусі будзе складаць 1-2 дні.