Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"АСКАРД" - СТАЛІЦА "ВАЙСРУТЭНІІ" З КРЭМАТОРЫЕМ У ЦЭНТРЫ


Алена Панкратава

У часы трэцяга рэйху Беларусь разам з прыбалтыйскімі краінамі належыла да гэтак званага Остлянду. Гаўляйтэрам альбо кіраўніком нямецкай цывільнай акупайцыйнай адміністрацыі ў Беларусі быў Вільгельм Кубэ.

Кубэ атрымаў унівэрсітэцкую адукацыю ў Бэрліне, вучыўся на гісторыка і філёлага. Кажуць, менавіта з падачы Кубэ немцы сталі называць Беларусь Weissruthenien, а не WeissRussland. Гэтым падкрэсьлівалася яе адрознасьць ад Расеі(Russland). У сваіх прамовах і нататках Кубэ неаднойчы падкрэсьліваў, што беларусы паводле свайго генатыпу адрозныя ад расейцаў, што гэта - больш эўрапэйская раса.

Паводле нямецкага журналіста Паўля Коля, які напісаў нямала кніг на тэму нямецкай акупацыі Беларусі, Кубэ рабіў стаўку на тую частку беларускага насельніцтва, якая пацярпела ад сталінскай дэнацыналізацыі. Разам з рухам партызанскага супраціву, у Беларусі пашыралася калябарацыя. Як асоба з надзвычайнымі амбіцыямі, Кубэ меў нямала пражэктаў новага парадку для Беларусі. У адной са сваіх праграмных прамоваў, якая ў 1942 годзе была надрукаваная ў “Frankfurter Zeitung”, Кубэ сьцьвярджаў:

"Мы ня будзем прапаноўваць гэтаму народу розных парляманцкіх цацак і дэмакратычных цукерак. Мы прапануем яму падзяліць з намі наш лёс: праз працу, сэлекцыю, паляпшэньне традыцыяў, культуры, зямлі і хлеба; праз тыя сілы, якія ў гэтага народу сьпяць, праз захаваньне самога ягонага віду".

Пра пляны Кубэ для перабудовы Беларусі неаднойчы ўзгадвала ўдава гаўляйтара Аніта Кубэ, якая ўсё яшчэ жыве ў адным з дамоў для састарэлых пад Мюнхенам і якой зараз 92 гады.

(Аніта Кубэ): “Мой муж гаварыў: вайну мы мусім выйграць. Інакш гэта будзе наша вялікая параза. Але я тут дзеля таго, каб адбудаваць усё па-новаму, -гаварыў ён. Аднак спачатку трэба выйграць вайну. Тады мы створым сапраўдны новы парадак, сапраўдную новую імперыю.Так ён сабе ўяўляў".

Пра які парадак гаварыў гаўляйтар? Ня выключана, што ў “Вайсрутэніі” ён бачыў месца для ажыцьцяўленьня агульнаэўрапейскай сэлекцыі, чысткі. Ад пачатку акупацыіі ў Менск прыходзілі эшэлёны з сотнямі аўстрыйскіх, нямецкіх, польскіх габрэяў. Лепшыя інжынэрныя сілы рэйху працавалі над праектамі крэматорыяў і газавых камер для Беларусі. Паводле акупацыйнай прэсы, для таго, каб убачыць гэтыя пабудовы, на экскурсію адмыслова прыязджалі італьянскія фашысты.

Кубэ быў перакананым і пасьлядоўным антысэмітам. Гэта не перашкаджала яму слаць не зусім звычайныя дакумэнты ў Бэрлін, у тым ліку на адрас гестапа. Ён абураецца, што ахвяраў хаваюць жывымі, выдзіраюць са ськівіцаў залатыя каронкі. Гаўляйтэр выказвае сваю незадаволенасьць тым, што сярод зьнішчаных габрэяў нямала здаровых людзей: хто ж тады будзе працаваць на рэйх?!

Шэраг нямецкіх і польскіх гісторыкаў перакананыя, што падобныя дзеяньні Кубэ сталі паступова выклікаць падазрэньні ў нямецкім кіраўніцтве. Дасьледчыкі нават не выключаюць, што замова забойства гаўляйтэра зыходзіла ад саміх немцаў.

Замах на Кубэ рыхтаваўся год. Паводле некаторых меркаваньняў, у пэўны перыяд, у 1942-1943 годзе гестапа не надта фільтравала кандыдатуры тых беларусаў, якія наймаліся на працу ў дом гаўляйтара. Так у сямью Кубэ трапіла Алена Мазанік. Тое, што муж Мазанік быў чырвонаармейцам, чамусьці апынулася па-за ўвагай пільных і пэдантычных супрацоўнікаў нямецкай тайнай паліцыі. Вось што расказвала сама Алена Мазанік:

(Алена Мазанік): “Расьсяліліся яны (Кубэ) на плошчы Свабоды, занялі вялікі будынак. І тады сталі патрэбныя служанкі , рабыні, трэба было паліць печы, прыбіраць, чысьціць боты. Самае складанае і цяжкае з таго, што прыйшлося рабіць, гэта мыць ад крыві аддзеньне забітых суачыньнікаў, габрэяў. Я заўсёды плакала, калі мыла гэтыя рэчы.
Кубэ пэрсанальна аглядаў кожную, якая ішла наймацца да яго на працу. Мне ён сказаў : калі хочаш працаваць ў нас, ты мусіш быць сумленнай. Я адказала: "Яволь!" Ён агледзеў мае рукі, яны былі вялікія і моцныя. Гэта яму спадабалася -- магу працаваць. У мяне ўзялі адбіткі пальцаў, я мусіла падпісацца, што буду верай і праўдай служыць вялікай Нямеччыне. Інакш там не затрымацца. Добра. Аформілі і я пачала там працаваць.”

Алена Мазанік памерла ў 1996 годзе ў Менску. Напярэдадні сьвята Перамогі, на доме № 1 па вуліцы Чачэрына прыладкавалі мэмарыяльную дошку: "Тут жыла партызанка, Герой Савецкага Саюзу, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Алена Мазанік, якая 22 верасьня 1943 года ажыцьцявіла замах на гаўляйтара Кубэ".

Вуліца Чачэрына знаходзіцца непадалёк ад плошчы Свабоды, месца, дзе калісьці месьціўся адзін з дамоў сям’і гаўляйтэра. Кажуць, што ўспаміны пра гэтую сям’ю амаль ніколі не пакідалі Алену Мазанік. Яна нярэдка ўзгадвала пра тое, што цяжарная Аніта і яе тры маленькія сыны выратаваліся ад выбуху літаральна цудам. Як ні дзіўна, Аніта і Алена на працягу ўсяго жыцьця сымпатызавалі адна адной.

Асабліва пяшчотна ставілася Мазанік да дзяцей Кубэ. У размове зь блізкімі людзьмі Мазанік гаварыла, што ня можа сабе дараваць таго, што аднойчы замахнулася на жыцьцё жанчыны, якая ў многім ёй дапамагала, а таксама на жыцьцё яе бязьвінных дзяцей.

Журналіст Паўль Коль, які напрыканцы 1980-1990 нярэдка прыязжаў у Беларусь, быў сувязным паміж Мазанік і Кубэ. Аніта дасылала Алене лісты, якія Мазанік дэманстрацыйна зьнішчала. Калі ж сьведкаў побач не было, Мазанік пыталася ў журналіста:”Як там Аніта, як яе дзеці?”

Сярод успамінаў, якімі дзяліліся з журналістам беларуская партызанка і жонка нямецкага гаўляйтэра, уражваў расповед пра архітэктурны эскіз новай сталіцы “Вайсрутэніі”. Гэты плян абедзьве жанчыны бачылі ў кабінэце Кубэ, на ягоным рабочым стале. Гаворыць Паўль Коль:

(Паўль Коль:) “Аскард -- так мусіў называцца гэты горад, зруйнаваны на 80%. Рэшткі гораду мусілі зраўняць зь зямлёй. Сам горад хацелі пабудаваць на поўдзень ад Менску. Я бачыў той плян новага гораду. Кажуць, што гэта быў эскіз самога Кубэ. Ня ведаю. Гэты быў вялікі горад, з характэрнай таталітарнай архітэктурай. Назва “Аскард” паходзіць з мовы готаў –германскіх плямёнаў. Дарэчы, вы ведаеце, што праектавалася ў цэнтры гэтага гораду? Плошча для растрэлаў, а таксама крэматорый. Гэта тое, што называлася новам парадакам. Горад, паводле новага парадку”.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG