Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУПНЫ КРОК ДА ПРЫНЯЦЬЦЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ АМЭРЫКАНСКІХ ПАЛІТЫКАЎ ПАДТРЫМАЦЬ ДЭМАКРАТЫЮ Ў БЕЛАРУСІ – ГАЛАСАВАНЬНЕ Ў ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ КАНГРЭСУ ЗША.


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Нягледзячы на значную колькасьць спонсараў у Кангрэсе, Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі меў бы ня надта вялікі шанец быць прынятым хутка, калі б праходзіў як асобны дакумэнт. Таму, каб прысьпешыць прыняцьцё, спонсары законапраекту і яго аўтар, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, прапанавалі аб’яднаць усе асноўныя палажэньні гэтага законапраекту з Актам міжнародных стасункаў на 2004-2005 гады.

Акт міжнародных стасункаў ахоплівае ўсе важныя кароткатэрміновыя палітычныя і фінансавыя аспэкты міжнароднай палітыкі ЗША, так як іх бачыць Кангрэс. Гэты Акт звычайна прымаецца вельмі хутка, асабліва цяпер, калі законадаўцы хочуць паўплываць на палітыку, якую праводзіць Дзярждэпартамэнт. Так што, уключэньне Кангрэсам Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі ў Акт міжнародных зносінаў – гэты вельмі пазытыўны крок, які дае шанец дакумэнту стацца законам ужо сёлета.

Аднак пад час абмеркаваньня, палажэньні Акту былі крыху зьмененыя. Тэкст быў трохі скарочаны. Зьнікла і сама назва - Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Цяпер асноўныя палажэньні дакумэнту ўвайшлі як разьдзел 15-ы ў Акту міжнародных зносіназ. Абагульніліся і некаторыя фармулёўкі. Так, напрыклад, сума дапамогі 40 мільёнаў даляраў, якая была ў першапачатковым Акце аб дэмакратыі ў Беларусі цяпер гучыць як “неабходная сума”.

Аб’ём гэтай сумы будзе вызначаць Дзярждэпартамэнт. Гэты факт, вядома, зьмякчае гучаньне законапраекту. Але, паводле неафіцыйных зьвестак, пэўны ціск Кангрэсу на Дзярждэпартамэнт праз само прыняцьцё палажэньняў па Беларусі можа прывесьці да кампраміснага варыянту, калі сума дапамогі будзе большая ад заплянаваных Дзярдэпартамэнтам летась 8-мі мільёнаў, але меншая ад 40-а мільёнаў.

Ухвалены ўчора варыянт законапраекту захаваў амаль нязьменнымі мову палажэньняў пра дапамогу недзяржаўным арганізацыям і мэдыям, ды мову пра санкцыі, у тым ліку і візавыя, да рэжыму.

Таксама захаваліся палажэньні, якія вымагаюць ад Прэзыдэнта ЗША справаздачы па гандлі і транзыце беларускім рэжымам зброі і вайсковых тэхналёгіяў. Канчатковы тэкст законапраекту можа яшчэ некалькі разоў памяняцца ў працэсе праходу праз Палату прадстаўнікоў і Сэнат.

Нагадаю, што Сэнацкая вэрсія Акту застаецца пакуль нязьменнай і мае назву Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Невядома, ці Сэнат будзе спрабаваць прыняць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі як самастойны дакумэнт, ці пагодзіцца з Палатай прадстаўнікоў і прагаласуе за іх варыянт. Шмат што залежыць ад сытуацыі ў самой Беларусі. Як неаднаразова казалі прадстаўнікі Кангрэсу, іх пазыцыя можа зьмякчыцца, калі яны ўбачаць крокі да сапраўднай лібэралізацыі ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG