Вёска Ліпа зь яе больш як дзьвюма сотнямі хатаў стаяла пры шашы Гомель–Магілёў. Праз тры гады пасьля аварыі вяскоўцаў пачалі перасяляць ў іншыя месцы з прычыны выяўленай тут высокай радыяцыі. Неўзабаве ліпаўскія хаты наогул закапалі ў зямлю. Засталіся толькі пабудовы Зінаіды Досавай, яе сына Алега і нявесткі Алы. Распавядае Алег Досаў:
(Досаў: ) “Я ня змог зьехаць з роднай зямлі. Гэта адно. Па-другое, у жонкі маёй у горадзе была аднапакаёўка. Калі высялялі, абяцалі: прапісвайся да жонкі і, як высяленец, атрымаеш большую кватэру. Я прапісаўся. Але мне сказалі: “Ты — працаздольны. На пэнсію табе рана. Ільготаў табе ніякіх няма”. Ну раз няма, я сюды вярнуўся назад — і нікуды мы больш не паехалі”.
Паўгоду таму Алег пахаваў маці. Сын Досавых — жанаты, жыве ў Гомелі. Там вучыцца ў школе і меншая дачка. Жонка Ала таксама езьдзіць на працу ў будаўнічую арганізацыю пры абласной дзяржаўтаінспэкцыі. Правіць гаспадарку пераважна сам Алег, 43-гадовы мужчына з барадою і моцна загарэлым на веснавым сонцы тварам.
(Досаў: ) “Займаюся сельскай гаспадаркай. Вёску выселілі, але наўкола аруць і сеюць. Ужо няма радыяцыі. Фэрму забралі, школу забралі. Пліты перавезлі на бройлерную птушкафабрыку. Ужо няма радыяцыі ніякай. Вось прэзыдэнт прыяжджаў у Акцябар. Пэрспэктыўны! А мы пяць кілямэтраў ад яго жывем”.
Алег — пчаляр з адукацыі, скончыў у свой час Сьмілавіцкі тэхнікум, што пад Менскам. Паскардзіўся, што гэтай зімою прапала 28 сем’яў з 40. Выручае іншая гаспадарка.
(Досаў: ) “Кароўка, конік ёсьць, куры”.
(Карэспандэнт: ) “А вы як, прадукцыю сваю правяраеце?”
(Досаў: ) “ Абавязкова. Ніколі не адпрэчвалі яе”.
(Карэспандэнт: ) “А малако?”
(Досаў: ) “Ну, малако крыху… Дапушчальная норма ў бэкерэлях, я ня ведаю дакладна, 125, а ў нас — 160. Крышачку болей”.
(Карэспандэнт: ) “І што, вы яго п’яце?”
(Досаў: ) “А хто нам лепшае дасьць, браток?! Я ж кажу, “Камінтэрн” во сее да самай вёскі, “Краснаакцябарскі” саўгас — сее. І тым жывёлу кормяць, што і мы”.
(Карэспандэнт: ) “Дык і дзеці бяруць прадукцыю?”
(Досаў: ) “Бяруць усё, і бульбу бяруць. У нас поўная аўтаномія, толькі хлеб не пячэм”.
Ліпаўскі гаспадар сьцьвярджае, што грошы зарабляе, прадаючы сваю прадукцыю ў абласным цэнтры.
(Досаў: ) “Двух кабанчыкаў нават на Цэнтральны рынак завозілі. Ніжэй нормы радыяцыя ў мясе паказала. Кажуць, што ялавічына не праходзіць. Мы яе не вазілі. Здавалі цялят у саўгас “Краснаакцябарскі”.
У вольны ад гаспадаркі час Алег займаецца паляваньнем, ловіць рыбу ў ліпаўскай рэчцы, глядзіць тэлевізар, калі ёсьць бэнзын для працы прыдбанага электрагенэратара. А яшчэ — ратуе курэй і гусей ад лісіцаў і больш небясьпечных драпежнікаў — ваўкоў.
Ёсць у ліпаўскага абарыгена і свая мара:
(Досаў: ) “Калі б спыталі пра маю запаветную мару, я б хацеў бы, каб вёска вярнулася назад. Вось і ўсё!”