Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. ЗАГАДКІ БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІКІ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Віталь Цыганкоў: ) “Паводле беларускай афіцыйнай статыстыкі, за тры месяцы гэтага году рэальны заробак беларускага працаўніка зьменшыўся на 5% у параўнаньні са сьнежнем 2002 году. Гэтая лічба склалася з наступнага — ад пачатку году намінальны заробак вырас усяго на 3%, тады як спажывецкія цэны — на 8,1%. Такім чынам, статыстычныя зьвесткі зноў сьведчаць пра пагаршэньне ўзроўню жыцьця беларускага насельніцтва.

Зь іншага боку, столькі гадоў вядучыя эканамісты краіны справядліва кажуць пра зьніжэньне ўзроўню жыцьця, разам з тым, гэтае падзеньне не выклікае масавых пратэстаў беларусаў. Магчыма, у гэтай статыстыцы ёсьць нейкія падводныя камяні?”

(Міхал Залескі: ) “Справа ў тым, што статыстыка не ахоплівае ўсіх эканамічна актыўных людзей. Мы маем статыстыку толькі па тых, хто працуе на афіцыйна зарэгістраваных прадпрыемствах альбо занятыя афіцыйна зарэгістраванай дзейнасьцю. Калі ж праводзяцца дасьледаваньні, напрыклад, па хатніх гаспадарках, то відавочным робіцца, што існуюць цэлыя праслойкі й вялікія групы людзей, якія маюць нідзе і нікім не фіксаваныя прыбыткі. І гэта зусім не абавязкова крымінальныя прыбыткі — у Беларусі чорны сэктар адносна невялікі. Гэта звычайны беларускі спосаб выжываньня”.

(Цыганкоў: ) “Назавем гэта “шэры сэктар”.

(Залескі: ) “Я б сказаў, такі сьветла-шэры беларускі сэктар. 92% бульбы вырошчваецца ў прыватных гаспадарках — не ў калгасах. Зразумела, што гэтая бульба прадаецца. Усе ягады, грыбы, гародніну — усё людзі купляюць на рынках. Зь іншага боку, частка людзей незарэгістравана працуе за мяжой. Яны едуць як турысты, прывозяць адтуль грошы і не рэгіструюць. Многія маюць даходы ад прыватных падсобных гаспадарак, лецішчаў — статыстыка ня ўлічвае гэтага. Між тым, калі ўзяць структуру спажываньня, аказваецца, што другім па колькасьці спажытага ёсьць прадукцыя ўласнай вытворчасьці”.

(Цыганкоў: ) “Аднак найперш ад эканамічных хібаў дзяржавы церпяць бюджэтнікі — людзі, якія працуюць толькі на адным месцы, і асабліва ня могуць дзе-небудзь яшчэ зарабляць, а таксама пэнсіянэры. Дарэчы, з 1 траўня падвышаюцца пэнсіі і тарыфная стаўка першага разраду. Падвышэньне гэтае, аднак, надзвычай нізкае — ад 26500 да 28000 беларускіх рублёў. Ці можа яно кампэнсаваць зьніжэньне ўзроўню даходаў, што фіксуецца ад пачатку году?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Мяркую, што большасьць гэтых лічбаў створаная штучна, не адпавядае рэаліям і ствараюцца яны пад палітычны заказ. Але я б не пагадзіўся са сваім суразмоўцам, што ў нас малы “чорны сэктар”. Тыя ж дзяржаўныя чыноўнікі, якія атрымліваюць капейкі, у асноўнай сваёй масе (хай яны мяне прабачаць) жывуць нядрэнна толькі таму, што існуе моцны чорны рынак грошай, якія раздаюцца ў капэртах і пакетах. Тым самым нядрэнна падтрымліваецца бюджэтная знаць.

Па-другое, як слушна сказаў мой калега, вельмі шмат людзей, што называецца, “круцяцца”. Яны працуюць на мінірынках, за мяжой, зарабляюць грошы, якія ня ўлічваюцца ні ў статыстыцы, ні ў падатковых інспэкцыях. У Беларусі, якая знаходзіцца паміж многіх межаў і мае магчымасьць ператоку шматлікіх фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў, людзі маюць ад гэтага дастакова шмат таго, што ня ўлічваецца. Беларусы не дайшлі да стану такога, што будуць есьці траву. Узровень жыцьця, які ёсьць у большасьці беларусаў, не цягне іх на вуліцу, і пакуль што задавальняе большасьць зь іх”.

(Цыганкоў: ) “Усе мы памятаем, як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што сярэдні заробак у Беларусі дасягне магічнай лічбы 100 даляраў. Зараз паабяцана, што да 2006 году заробак будзе 250 даляраў. Ці рэальныя гэтыя лічбы, ці ёсьць магчымасьці ў дзяржавы пры сёньняшнім стане эканомікі дасягнуць гэтага ўзроўню?”

(Залескі: ) “Тэхналягічна можна хоць заўтра зрабіць заробак 500 і 1000 даляраў. Усё залежыць ад таго, якія будуць кошты. Трэба зважаць, што існуе парытэт пакупной здольнасьці валютаў і выніковае спажываньне хатніх гаспадарак. І калі мы паглядзім на суседнюю Літву, што на старце перабудовы мела гэты паказчык ніжэйшы за нас, то зараз літоўцы абганяюць нас — пры пераразьліку, з улікам усіх коштаў і выплатаў яны маюць ужо на 200 даляраў больш, чым беларусы. І тут ідзе гульня на сьвядомасьці людзей — кажуць, 150, 200 даляраў. Аднак кошты зьядаюць гэтыя даляры”.

(Цыганкоў: ) “Магчыма, гэтую новую магічную лічбу — 250 даляраў сярэдняга заробку — можна таксама дасягнуць прыватызацыяй, распродажам беларускіх прадпрыемстваў. Дарэчы, у гэтай сфэры дзяржава пакуль не выконвае ніякіх сваіх плянаў. Ці сёньняшняе кіраўніцтва не разумее неабходнасьці прыватызацыі, ці проста нічога ня можа зрабіць,бо гэта не адпавядае ідэалёгіі?”

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што беларуская прыватызацыя пастаўленая з ног на галаву. Яна адрозьніваецца ад таго, што праходзіла ва ўсіх краінах, дзе пачыналі зь невялікіх цырульняў, крамаў, кавярняў. А ў нас пачынаецца прыватызацыя з 5–6 найбуйнейшых ліквідных прадпрыемстваў, якія ёсьць эканамічным падмуркам дзяржавы”.

(Цыганкоў: ) “Нельга сказаць, што малой прыватызацыі зусім няма. Шэраг прыватных крамаў, кавярняў існуе...”

(Нісьцюк: ) “Пытаньне ў тым, якія ўмовы створаныя, каб гэтыя крамы давалі эфэкт. Бо асноўныя фонды беларускай эканомікі вельмі танна каштуюць. І тая прыватызацыя, што плянуецца, ня дасьць тых грошай, на якія разьлічвае наш урад. Тыя грошы даўно можна было за прыватызацыю ўзяць, але зараз, калі асноўныя фонды састарэлі — яны нічога не каштуюць. Пасьля таго, як незалежныя экспэрты правядуць ацэнку нашых асноўных фондаў, прыватызацыя ня дасьць грошай, на якія мы разьлічваем. Калі ня прыйдуць інвэстыцыі з усяго сьвету, ня будзе нічога. Гэта самая вялікая хлусьня, што мы сваімі сіламі можам выйсьці з той сытуацыі, у якой апынуліся”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, пра інвэстыцыі. Найбольш, напэўна, красамоўная лічба невыкананьня паказчыкаў у галіне эканомікі — гэта якраз інвэстыцыі. Беларускі ўрад зацьвердзіў плян сабраць паўтара мільярду даляраў інвэстыцыяў на гэты год. Аднак, паводле афіцыйнай інфармацыі, за першыя тры месяцы прыцягнута толькі 4 мільёны даляраў. Заплянаваныя паўтара мільярду — гэта, на вашую думку, авантурнае папулісцкае рашэньне ці для гэтага меліся нейкія падставы, якія зараз ня спраўджваюцца?”

(Залескі: ) “Некалі казалі: “Партыя сказала “трэба”, камсамол адказаў “будзе”. Так і тут. Аднак магчымасьці для інвэстыцыяў ёсьць. Беларусь зьяўляецца лідэрам у пэўных спэцыфічных галінах. Пра гэта, дарэчы, сьведчаць вынікі прысуджэньня дзяржаўных прэміяў у навукова-тэхнічнай галіне. Гэта сыстэма распазнаваньня вобразаў і сыстэма кіраваньня боем у рэальным часе, пры гэтым прэмія была дадзеная за экспарт такіх сыстэмаў.

Аднак хто будзе купляць нашую звыштэхналягічную зброю, якую можна перадаваць па тэлефонным дроце? Гэтая галіна ёсьць полем для інвэстыцыяў у Беларусь. Беларусь — адзін з сусьветных лідэраў у праграмаваньні, у нанатэхналёгіях, у сучасных такіх рэчах, пра якія ўлада нібыта не забываецца. Аднак інвэстары не ідуць у такія галіны, бо ня маюць тут палітычнага апірышча, палітычнай пэўнасьці, упэўненасьці ў будучым”.

(Цыганкоў: ) “Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць людзей не задаволеная сваім узроўнем жыцьця. Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі падае, аднак гэта не выліваецца ў нейкую асэнсаваную падтрымку апазыцыйных партыяў. Што ня так тут робяць апазыцыйныя палітыкі?”

(Нісьцюк: ) “Трэба ўзяць шараговага грамадзяніна Беларусі. Мне бачыцца, што ён не разумее, чаму жыве дрэнна. Вельмі шмат гадоў у галаву яму ўбівалася, што вінаватыя ёсьць паўсюль, акрамя структураў улады. Вінаватыя апазыцыя, Захад, Усход, бізнэсоўцы, банкіры і гэтак далей.

Несьвядомасьць людзей у палітычнай, эканамічнай прававой галіне дала магчымасьць замбаваць іх на тое, што сярод ворагаў няма кіраўніка дзяржавы і прэзыдэнцкай вэртыкалі. І таму гэты чалавек не шукае ва ўладзе вінаватага ў сваіх цяжкасьцях. Апазыцыя не рабіла і асабліва ня робіць зараз — шкада вельмі гэта прызнаваць — тую працу, якая вельмі патрэбная. Трэба людзей адукоўваць, трэба ім расказваць і паказваць. І калі няма магчымасьці прыйсьці праз тэлебачаньне, трэба ісьці да людзей і зь імі працаваць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG