Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ ПЕРАКАНАНЫЯ, ШТО ІДЭАЛЁГІЯ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ СПРЫЯЕ ФАШЫЗМУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пасьля афіцыйных мерапрыемстваў, 9 траўня да помніка на менскай плошчы Перамогі пад двума вялікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі 10 актывістаў Партыі БНФ. Фронтаўская дэлегацыя ўсклала да абэліску кош з кветкамі, пасьля чаго лідэр гэтай партыі Вінцук Вячорка зьвярнуўся да людзей з прамовай:

(Вячорка: ) “Партыя БНФ распаўсюдзіла заяву-віншаваньне з Днём Перамогі. Віншуючы ўсіх змагароў за незалежнасьць краіны, усіх тых, хто клаў жыцьцё, каб мы маглі жыць пад мірным небам, тым ня менш, мы выказваем трывогу. У сувязі з тым, што пакуль знаходзяцца палітыкі, дзяржаўныя дзеячы, якія ўскладаюць сюды вянкі, а потым кажуць, што ўнутраная палітыка Гітлера не была такой кепскай, датуль пагроза свабодзе й незалежнасьці застаецца”.

Лідэр БНФ таксама лічыць, што адраджэньню таталітарызму спрыяе й замоўчваньне ўладамі наступстваў панаваньня ў Беларусі камуністычнай сыстэмы.

Вэтэраны, што былі ля помніка Перамогі, даволі прыхільна ўспрынялі прыход актывістаў БНФ. Гаворыць вэтэран другой усясьветнай вайны, лейтэнант мэдычнай службы Соф’я Кунцэвіч:

(Кунцэвіч: ) “Адзіны наш беларускі народ, і ня важна, хто тут жыве. Я выказваю вялікую падзяку вам усім. Вы малойцы, што памяталі й памятаеце нас. Вам гэта перадалі вашыя бацькі. Мы Беларусь, баранілі, баронім і заўсёды будзем бараніць”.

Калі актывісты БНФ сыходзілі з плошчы, да Вінцука Вячоркі падбег міліцыянт і спрабаваў затрымаць яго за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу. Ён пакінуў спадара Вячорку ў спакоі толькі пасьля ўмяшальніцтва міліцэйскага начальства.

А 8 траўня, у дзень падпісаньня капітуляцыі трэцяга Райху, на Вайсковыя могілкі Менску прыходзілі актывісты “Народнай грамады”. Сацыял-дэмакраты ўсклалі кветкі да магілаў загінулых удзельнікаў вайны і арганізавалі жалобны мітынг. Гаворыць лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Рэальна вайна пачалася тады, калі да ўлады ў буйной эўрапейскай краіне прыйшлі сілы, якія лічылі нямецкую нацыю выключнай, а Нямеччыну цэнтрам арыйскай цывілізацыі. Тое, што зараз Беларусь яе кіраўнікі абвяшчаюць цэнтрам таксама нейкай цывілізацыі, выглядае трохі сьмешна. Таму што мы не такая вялікая краіна і народ наш вельмі міралюбны. Аднак сьмех сьмехам, але ж каб не наклікаць бяды. Бо гэтае жаданьне ваяваць з усім сьветам, зноў і зноў вяртацца да канфрантацыйнай мадэлі сьвету, яно можа дорага каштаваць нашаму народу”.

Лідэр сацыял-дэмакратаў лічыць, што будучыя сьвяткаваньні 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі й Дня Перамогі ўлады будуць выкарыстоўваць у сваіх прапагандысцкіх мэтах напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Мікола Статкевіч заклікае дэмакратычныя сілы перахапіць у іх ініцыятыву і разам з грамадзтвам годна адзначыць гэтыя даты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG