Баявы шлях сьвіслацкага салдата — тыповы для большасьці беларускіх вэтэранаў:
(Назаровіч: ) “Я ўдзельнік вайны. Мне было 17 гадоў, як пайшоў у партызаны. У 18 гадоў пасьля злучэньня з арміяй генэрал-маёр з генштабу другога Беларускага фронту, калі мы стаялі ў Горадні, узнагародзіў Ордэнам Славы 3-й ступені. Дайшоў да Данцыгу, пакуль вайна скончылася”.
Цяпер Міхаілу Назаровічу — 77. Ходзіць з кійком, часта хварэе і таму мае патрэбу ў рэгулярным лячэньні. Але бяда ў тым, што лячыцца ў Сьвіслачы няма дзе. Прычым, узьнікла гэтая праблема толькі ў апошнія гады:
(Назаровіч: ) “Вось я не магу хадзіць. Пры немцах і то тут бальніца была”.
(Карэспандэнт: ) “А што цяпер, зачынілі?”
(Назаровіч: ) “Так, зачынілі”.
Цяпер на месцы зачыненага шпіталю — амбуляторыя. Малады фэльчар Сяргей Галюк так патлумачыў сытуацыю з закрыцьцём шпіталю:
(Галюк: ) “У раёне наогул ідзе скарачэньне шпітальных ложкаў. Лічыцца неэфэктыўным утрымліваць на вёсцы шмат шпіталяў. Будуць зачыняць таксама ў Ліпені, Ясені, хутчэй за ўсё і ў Татарцы. Для людзей сталага ўзросту было б нашмат лепш, каб шпіталь быў тут”.
Міхаіл Назаровіч паведаміў, што грамадзкі пратэст, у тым ліку мясцовых вэтэранаў вайны, ня меў плёну:
(Назаровіч: ) “Што гэты фэльчар скажа? Накіроўвае ў Ялізава, а зь Ялізава ў Менск. Абы-што зрабілі. Канаем дома і ўсё”.
(Карэспандэнт: ) “Вы змагаліся за такое жыцьцё, якое ёсьць тут зараз?”
(Назаровіч: ) “Не. Калі б я ведаў, што будзе так, ня ведаю, што б рабіў. Што такое жыцьцё будзе нашым дзецям ды ўнукам. Няма ўлады. Лукашэнка языком пабалбоча і ўсё. У тэлевізары пакажуць, што праедзе дзе-нібудзь — ды ўся музыка. Спытайце ў любога чэснага салдата, афіцэра, сяржанта, ці ваяваў ён за гэтую ўладу, дык ён скажа тое ж, што і я”, — зазначыў Міхаіл Назаровіч, вэтэран вайны зь мястэчка Сьвіслач Асіповіцкага раёну.