Міністэрства абароны ЗША паведаміла, што кааліцыйныя сілы ў Іраку знайшлі падазроную пераносную лябараторыю для вырабу мікробаў, якую відавочна пакінуў рэжым Садама Хусэйна. Учора, у часе брыфінгу ў Пэнтагоне, упершыню з часу пачатку ваеннай апэрацыі ў Іраку ЗША заявілі, што маюць доказы наяўнасьці зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Дарэчы, гэта і было падставай для вайны з рэжымам Хусэйна. Стэфэн Кэмбоўн, падсакратар у справах абароны і выведкі, паведаміў, што лябараторыя была знойдзеная 19 красавіка, пасьля захопу амэрыканскімі сіламі Багдаду, на курдзкім кантрольна-прапускным пункце ў Тал-Кайфе.
(Кэмбоўн: ) “У рукі кааліцыйных сілаў трапіў ірацкі прычэп
(трэйлер), вельмі падобны да таго, які апісаў дзяржсакратар Паўэл ў лютым, выступаючы ў ААН”.
Кэмбоўн паведаміў, што ЗША яшчэ абсьледуюць гэты прычэп, аднак дагэтуль ніякіх мікробаў у ім ня знойдзена. Ён паўстрымаўся ад заявы, што гэта канкрэтны доказ віны Іраку. Аднак ён паведаміў, што на прычэпе знаходзілася абсталяваньне, якое магло быць скарыстанае для вытворчасьці біялягічнай зброі. Кэмбоўн сказаў, што прычэп мог быць скарыстаны для розных мэтаў, але плятформа відавочна служыла толькі для вытворчасьці біялягічнай зброі. Аб гэтым, дарэчы, паведаміў адзн з ірацкіх дэзэртэраў.
(Кэмбоўн: ) “Хаця некаторыя элемэнты прычэпа маглі ўжывацца для іншых мэтаў, чым вытворчасьць біялягічнай зброі, аднак амэрыканскія і брытанскія экспэрты прыйшлі да высновы, што раней гэты сродак транспарту, як і паведаміў адзін зь ірацкіх дэзэртэраў, не выконваў ніякай іншай функцыі акрамя вытворчасьці біялягічных рэчываў”.
Падчас вайны ў Іраку некалькі разоў паведамлялася, што знойдзена нешта падазронае. Потым аказвалася, што зброі масавага зьнішчэньня ўсё ж знойдзена не было. Калі зараз пацьвердзіцца, што гэта сапраўды нейкі элемэнт такой зброі, дык гэта будзе моцны аргумэнт на карысьць адміністрацыі прэзыдэнта Буша, якая распачынала вайну з мэтай зьнішчэньня біялягічнай, хімічнай і ядзернай зброі ў Іраку. Што тычыцца верагоднасьці падобных знаходак, дык сапраўды, адкрыцьці, зробленыя ў аднабоковым парадку, без незалежнай праверкі, могуць выклікаць сумнеў. Тым болей, што Злучаныя Штаты не дазваляюць інспэктарам ААН аднавіць сваю працу. На гэтую праблему зьвярнула ўвагу Філіс Бэніс, зь Інстытуту Палітычных Дасьледаваньняў у Вашынгтоне.
(Бэніс: ) “Я думаю, існуе вельмі сур’ёзная праблема верагоднасьці. Між іншым, з гэтай прычыны, многія сілы ў ААН і ня толькі ў ААН выказваюцца за тое, каб інспэктары вярнуліся ў Ірак і завяршылі сваю працу”.
Трэба прызнаць, што ЗША ўсё ж спадзяюцца знайсьці доказы таго, што Ірак працаваў над зброяй масавага зьнішчэньня. Паводле Пэнтагону, кааліцыйныя сілы праверылі ўсяго 70 зь ліку 600 падазроных аб’ектаў. Раней, на прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе, амэрыканскі генэрал Ўільям Ўолэс заявіў, што ЗША сабралі ўжо “вялікую колькасьць” доказаў віны рэжыму Хусэйна. Шмат інфармацыі аб гэтым паходзіць ад прадстаўнікоў ірацкага рэжыму ніжэйшага рангу. На думку генэрала, зброя масавага зьнішчэньня не была ўжытая супраць кааліцыйных сілаў толькі таму, што яна была добра схаваная ад інспэктараў ААН і яе цяжка было дастаць са сховішчаў, паколькі інспэктары пакінулі краіну перад самым пачаткам вайны. У кожным разе генэрал, як і адміністрацыя ЗША, перакананы, што забароненая зброя ў Іраку ёсьць і раней ці пазьней яна будзе знойдзеная.