Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СТВАРАЮЦЬ НОВЫ ПРАФСАЮЗ, КАБ АДХІЛІЦЬ БУХВОСТАВА І ФЯДЫНІЧА


Віталь Цыганкоў, Менск

Першае паседжаньне аргкамітэту ў справе стварэньня прафсаюзу прамысловасьці прайшло ў сераду 7 траўня, а на 28 траўня ўжо прызначаны ўстаноўчы зьезд. У інтэрвію для Радыё Свабода намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Эдвард Матуліс адмаўляе сувязь паміж стварэньнем новага прафсаюзу з атакай на структуры, што ўзначальваюць апазыцыйныя лідэры Бухвостаў і Фядыніч.

(Матуліс: ) “Я б ня зьвязваў гэта з прафсаюзамі, якія ўзначальваюць Фядыніч і Бухвостаў. У прамысловасьці сёньня існуе шэсьць прафсаюзаў, акрамя прафсаюзаў аўтасельгасмашу і радыёэлектроннай прамысловасьці. 7 траўня адбылося паседжаньне прадстаўнікоў тых прафсаюзаў, якія сёньня не ўваходзяць у ФПБ. Яны сабраліся і вырашылі стварыць адзіны прафсаюз.

Што тычыцца таго, ці будуць далучацца да іх іншыя прадпрыемствы, то гэта яшчэ невядома, як там атрымаецца. Аднак тыя, хто ўчора сабраўся, прынялі зварот да ўсіх прафсаюзаў прамысловасьці й сказалі, што яны адкрытыя да далучэньня”.

(Карэспандэнт: ) “Тым ня менш, відаць, ня варта адмаўляць, што паміж новым прафсаюзам прамысловасьці й існымі прафсаюзамі на чале з Бухвоставым і Фядынічам будзе барацьба за галасы працоўных?”

(Матуліс: ) “Напэўна, будзе. І там будзе відаць, які прафсаюз будзе больш моцны. Напэўны, туды і пойдуць шараговыя сябры прафсаюзы, дзе ўбачаць большую абарону іхных правоў”.

На думку некаторых назіральнікаў, відавочная сьпешка са стварэньнем новага прафсаюзу выкліканая тым, што зусім нядаўна, 30 красавіка, адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі й кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка. Галоўны рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч упэўнены, што менавіта гэтым тлумачыцца зьяўленьне новага прафсаюзу.

(Старыкевіч: ) “Безумоўна, гэты крок скіраваны на выкананьне загаду Лукашэнкі аб адхіленьні ад кіраўніцтва галіновымі прафсаюзамі Фядыніча і Бухвостава. Наколькі ён будзе пасьпяховым, у значнай ступені залежыць ад адміністрацыйнага рэсурсу — наколькі моцны ціск будзе аказаны на “пярвічкі”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, ці падрыхтаваныя Бухвостаў і Фядыніч да такога разьвіцьця падзеяў? Ці здолеюць яны што-небудзь проціпаставіць наступу ФПБ?”

(Старыкевіч: ) “Я думаю, яны апынуліся ў досыць складанай сытуацыі. У іх даволі адмабілізаваныя структуры, аднак занадта няроўныя магчымасьці. Таму зыход процістаяньня пакуль прадказваць вельмі цяжка. Спадзяюся, што ў Бухостава і Фядыніча хопіць магчымасьцяў адбіць і гэтую атаку”.

Нагадаем, што ўлады ўжо імкнуліся замяніць апазыцыйных лідэраў прафсаюзаў Фядыніча і Бухвостава. Дасюль, аднак, прафсаюзны актыў аказваў давер сваім даўнім лідэрам. Відавочна, што цяпер ФПБ вырашыла пайсьці іншым шляхам — утварэньне паралельнага прафсаюзу і стварэньне яму больш прывабных умоваў для дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG