Сёньня ў вёсцы Копці Віцебскага раёну адбылося адкрыцьцё двух новых помнікаў — помнік абаронцам, што загінулі ў часе вызваленьня вёскі ў 1943 годзе, ды асобна — помнік старэйшаму сыну Сталіна Якаву Джугашвілі, які тут таксама ваяваў. Ініцыятар стварэньня гэтых помнікаў — тутэйшы пэнсіянэр, вэтэран Віктар Цярэшчанка, які й зрабіў іх уласнымі рукамі.
(Цярэшчанка: ) “Вось дзежка, у мяне дома цэмэнт — і ўсё! Хіба са школы дадуць чалавека яго замяшаць. Усё сам. Я ўжо во тры гады змагаюся, каб тут адчыніць музэй баявой славы… Тут жа столькі вядомых людзей ваявала! І ў міністэрства зьвяртаўся, і да Лукашэнкі. Ды дзе там!”
Віктар Цярэшчанка распавёў, што ў гэтых мясьцінах ваявалі і сын Чапаева, і сын Катоўскага. Але найбольш вартым асобнага помніка ён палічыў Якава Джугашвілі, старшага лейтэнанта Чырвонай Арміі, а потым вязьня нямецкага канцлягеру, якога бацька-Сталін адмовіўся памяняць на палоннага нямецкага генэрала Паўлюса, сказаўшы легендарную фразу “Мы салдатаў на генэралаў не мяняем”. У тым палоне Якаў Джугашвілі загінуў.
Але сёньня на мітынгу, які папярэднічаў адкрыцьцю двух помнікаў, выступоўцы гаварылі ня толькі пра тую даўнюю, вайсковую гісторыю. Запрошаныя прадстаўнікі ад камуністычных партыяў розных кірункаў крытыкавалі дэмакратаў. Вэтэраны скардзіліся на малыя пэнсіі. А вучні тутэйшае школы, як высьветлілася, увогуле ня ведалі, зь якое нагоды іх прывялі на гэты мітынг. Падсумаваў уражаньні ад імпрэзы настаўнік тутэйшае школы Сяржук Салодкі:
(Салодкі: ) “Я такога пампэзнага мітынгу ня памятаю ад савецкага часу! Ну, было раней — зьбіраліся там па тры чалавекі ад калгасу, ад школы… Настаўнікі хто хацеў — ішоў, хто не хацеў — ня йшоў. А тут усіх прыгналі!”
Калі ўлічыць яшчэ й выхаванцаў тутэйшага дзіцячага садку, якіх з паветранымі шарыкамі ў руках прывялі выхавацелькі, то народу на мітынгу было пад дзьве сотні. Не было на ім хіба прадстаўнікоў раённых уладаў, хаця запрашэньне яны атрымалі.