Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗАМІНАЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЗЕ НА ВЁСЦЫ: П’ЯНСТВА АБО НЕРЭФАРМАВАНАСЬЦЬ?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Нядаўна беларускі кіраўнік вельмі арыгінальна патлумачыў прычыну нізкай эфэктыўнасьці тутэйшай прадстаўнічай улады — як і ў далёкія часы, ва ўсім вінаватыя кадры: на вёсках скрозь лайдакі ды п’яніцы! Карэспандэнты Радыё Свабода разглядаюць гэтую вэрсію, шукаюць адказ на пытаньне — сапраўды рабоце саветаў замінае выключна іхная алькагалізацыя, або праблема ў іншым, у неабходнасьці радыкальнай рэформы мясцовага самакіраваньня?

На апошняй сэлектарнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка ў зьневажальнай форме ахарактарызаваў работнікаў сельскіх саветаў: маўляў, мала таго, што лайдакі — на працы зьяўляюцца толькі апоўдні, дык затым яшчэ й напіваюцца, валяюцца п’яныя пад плытамі... Вось дык партрэт сёньняшняй савецкай улады на беларускай вёсцы! Каб пабачыць гэткі разгул дэмакратыі — а Лукашэнка намаляваную ім жа карціну назваў праявай рэальнай дэмакратыі ў краіне — нашы карэспандэнты выправіліся ў дарогу і пачалі шукаць, так бы мовіць, алькасаветы ды дэпутатаў-алькаголікаў.

Паколькі паблізу буйных гарадоў пра такое дзіва ніхто ня чуў, Севярын Квяткоўскі ўзброіўся мапай і выправіўся ў сапраўдную глушэчу — у вёску Налібокі, якая дала назву адной з самых непралазных беларускіх пушчаў. А раптам там — у далечыні ад вачэй хаваецца выкрыты галоўным савецкім начальнікам гора-старшыня?

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Рыгоравіч выступаў, дык сказаў, што ў многіх сельсаветах старшыні п’яніцы і нічога ня робяць”.

(Спадарыня: ) “О-о! Не, не-не!.. У нас гэта няпраўда, у нас гэтага няма”.

(Спадар: ) “Дастойныя людзі, прыстойныя людзі, працуюць”.

(Спадарыня: ) “У нас сакратар, дык увогуле расьпісвае яна людзей, каторыя маладыя жэняцца, дык мы задаволеныя”.

(Спадар: ) “Што трэба, усе пытаньні вырашаюцца”.

(Спадарыня: ) “Усё добра ў нашым сельскім савеце”.

(Другая спадарыня: ) “Добры, канечне, спраўляецца”.

(Спадарыня: ) “А першы дзень, як зьбіралі малако, дык старшыня сам езьдзіў зьбіраў, бо не было каму”.

Чаму так здарылася, суразмоўцы Севярына Квяткоўскага ўдакладняць ня сталі. Затое на другім канцы Беларусі, у Кіраўскім раёне наш карэспандэнт Міхал Стэльмак сутыкнуўся з гэтай жа праблемай:

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет дапамагае мясцовым жыхарам?”

(Кіташкін Генадзь: ) “Не. Я сёньня зьвярнуўся, каб дабавілі грошай за малако!”

(Канойка Эўфрасіньня: ) “Нічога не дабавяць”.

(Кіташкін: ) “А я 1000 тон малака ў месяц не здаю”.

(Канойка: ) “Ён возіць малако на сваім кані. Уласным. Купіў, каб вазіць для сельсавету”.

(Кіташкін: ) “Які ідзе падман!”

(Карэспандэнт: ) “А колькі плацяць вам за тое, што вы зьбіраеце малако?”

(Кіташкін: ) “З тоны 15 тысяч. А я тоны не зьбіраю. 800 кіляграмаў я сабраў. Я прашу, дайце мне аклад. Хаця б 50 тысяч рублёў”.

(Канойка: ) “Хай табе дадуць хаця б 20 тысяч рублёў”.

З такімі крыўдамі малаказборшчыкаў мясцовыя начальнікі пагаджаюцца, аднак разводзяць рукамі, як і суразмоўца нашага карэспандэнта Марыі Ўсьціновіч — старшыня Вайнілаўскага сельсавету Чавускага раёну Тамара Жыркевіч. Яна прызнае: так, зараз часьцей за ўсё даводзіцца выконваць ролю бясплатнага кансультанта ў любых справах, бо ў прадстаўнічай улады няма ні грашовай базы, ні матэрыяльнай, каб дапамагаць людзям самастойна. Выпадае займацца арганізацыйнай працай ды прасіць старшыню калгасу вырашаць бясконцыя вясковыя праблемы.

Тым ня менш, Тамара Жыркевіч, дэпутацкі стаж якой аж 17 гадоў, зусім ня згодная, што роля саветаў у жыцьці вёскі паменшылася.

(Жыркевіч: ) “Раней было прасьцей, таму што былі больш моцныя гаспадаркі, і людзі былі лепш забясьпечаныя матэрыяльна, яны свае праблемы больш самі здымалі. А зараз наадварот”.

Ніводнага дня не бывае, каб у сельскі савет ніхто не зайшоў. Людзі ідуць сюды са сваімі маленькімі й вялікімі праблемамі, а таму Тамары ня вельмі зразумела, чаму нават кіраўніцтва дзяржавы дазваляе сабе зьняважаць прастаўнічую ўладу на сяле.

(Жыркевіч: ) “Крыўдна, канечне. У нас у раёне саветы працуюць “ад і да”. Каб здымалі на месцы пытаньні, каб людзі радзей зьвярталіся ў вышэйшыя органы. Імкнемся здымаць на месцы жыцьцёвыя пытаньні, імкнемся ставіцца па-чалавечы. Не як чыноўнікі, а проста па-чалавечы. Такі падыход”.

“У сялянаў зараз столькі праблемаў, што яны мала ўсьміхаюцца”, — гаворыць старшыня Вайнілаўскага сельскага савету. Гэта ж яскрава бачна й на прыкладзе жыхароў кіраўскай вёскі Морхавічы, зь якімі гутарыў Міхал Стэльмак. Вось фрагмэнт тае размовы:

(Кіташкін Генадзь: ) “Мы купляем хлеб па 560 рублёў. А ў горадзе па 340 рублёў. Мы ў гаўне ходзім”.

(Канойка Эўфрасіньня: ) “Гэта ж трэба, каб у горадзе таньней, а ў нас даражэй быў”.

(Кіташкін: ) “Дык ці будуць у калгасе працаваць?!”

(Канойка: ) “Вунь там, дзе трактар стаіць, дык ён, бедны, арэ, але ў яго на стале кавалка хлеба няма. І маленькае дзіця нарадзілася”.

Вяскоўцы зьвязваюць сёньня свае беды не зь мясцовым, сельсавецкім ды калгасным начальствам, а з вышэйшым, з Лукашэнкам.

(Кіташкін: ) “Ён жа сам калгасьнік. Вясковы хлопец. Хіба ён сам гэтага не разумее?”

(Канойка: ) “Брахаў, брахаў, па рублю дабавіў пэнсіі, каб мы яго выбралі. А мы яго выбралі, дык ён кукіш пад нос. Хлеб даражэе і даражэе. А дабаўкі ніякай няма. Я атрымліваю 50 тысяч рублёў пэнсіі. Ні парасяці ў мяне няма, ні каровы. Хай я старая, але ж таксама хачу есьці. Хлеба трэба купіць, макароны трэба купіць, мукі таксама. І дроваў трэба купіць, і соткі пасеяць — трэба каня наняць. І што мне з гэтых 50 тысяч застанецца? Застанецца пальцы сасаць і ўсё”.

Такія ж праблемы і ў жыхароў далёкай ад Кіраўскага раёну Налібоцкай пушчы. Севярын Квяткоўскі сьведчыць: калі ў цэнтры сельсавету можна пабачыць прыватны трактар на падворку, тут хапае маладых працаздольных людзей, то вось на ўскрайку — напрыклад, у маляўнічай вёсачцы Пільнянская Рудня жывуць ужо адныя пэнсіянэры, зь якіх усяго два мужчыны. Спадарыня Марыя толькі праз пэўны час прыгадала імя старшыні сельсавету — Вацлаў Найдзён:

(Карэспандэнт: ) “Вы ў сельсавеце часта бываеце?”

(Марыя: ) “Не-е-е!.. Я ўжо не йду, я прэстарэлы чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, можа, па дапамогу?”

(Марыя: ) “Ніхто мне нічога не дапамагае. Пэнсія малая — 50 тысяч. А соткі ж трэба аплаціць. І будынак аплаціць, і не хватае. На харчы. Аддам, і галадаю. А мне дапамогі ніякае не даюць у сельсавеце”.

Спадар жа з больш блізкіх да цэнтру сельсавету Прудоў ня згодны:

(Спадар: ) “Ну, знаеце, людзі цяпер хочуць, каб хтосьці. Трэба ж, каб і самі людзі пра сябе клапаціліся. Ну што, сельсавет пойдзе камусьці лаўку рабіць каля падворка? У кожнага ёсьць дзеці — яны ж павінны дапамагаць”.

(Марыя: ) “Дзеці ёсьць, толькі ў дзяцей свае дзеці, свая праблема. Адна жыву”.

А як глядзіць на гэтую праблему старшыня Налібоцкага сельсавету?

Быў выходны дзень, і Вацлава Найдзёна наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі засьпеў у вялікім дыхтоўным доме за гаспадарскай працай, калі ён з жонкай рыхтаваў хатнюю кіўбасу. Адсутнасьць фінансаваньня й старэньне вёскі Вацлаў называе самай вялікай праблемай у сваёй працы:

(Найдзён: ) “У вёсках цяжка, вельмі цяжка з гэтымі бабулькамі. Я лічу так, што бабулькі, ёсьць у іх дзеці. Якіх яны выгадавалі — павінны прыяжджаць сюды, дапамагаць ім”.

Атрымліваецца, праблема старых людзей — найперш маральная:

(Найдзён: ) “Вось і сёньня бачыў: унук прыехаў з Валожына да бабулькі, і плот паставілі, і бульбу пасадзілі — жыцьцё ідзе”.

Жыцьцё ў Налібоцкім сельсавеце сапраўды ідзе поўнай хадой — трэба сеяць. Калі імя Вацлава Найдзёна збольшага ведаюць, дык імёны сваіх прадстаўнікоў у раённым савеце, тым больш вышэй, мала хто можа прыгадаць:

(Спадарыня: ) “Бог іх знае”.

(Спадарыня: ) “Хто ж у нас раённы — забылася ўжо”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаем мы тых парлямэнтаў”.

(Спадарыня: ) “Выбіралі… Ну дык што, што выбіралі?”

(Спадар: ) “Выбіралі нейкіх там… А хто іх ведае”.

Што да Вацлава Найдзёна, апрача занятасьці ў сельсавеце, ён працуе на ўласнае зямлі, а як старшыня дае зарабіць іншым, напрыклад, тым, хто мае гандаль. А пра сваіх калегаў п’яніц і лайдакоў ня чуў:

(Найдзён: ) “Ня ведаю, ня ведаю такіх. Працы многа. Разумееце?”

Разам з тым старшыня бачыць: праца тая часта нагадвае высілкі Сызыфа — таўчэсься, намагаесься, а выніку няма. Тлумачыць савецкую неэфэктыўнасьць нібыта суцэльным п’янствам ня варта, навата калі такое й сустракаецца. Справа ў іншым. Гадамі складзеная сыстэма больш не спрацоўвае, бо патрабуе рэформы, разьвіцьця сваіх структураў. Вось што сказала нашай карэспандэнтцы Марыі Ўсьціновіч старшыня сельсавету з Чавускага раёну Тамара Жыркевіч, калі разважала пра насьпелыя перамены:

(Жыркевіч: ) “Магчыма, нават стаўленьне дзяржавы да сельскіх саветаў. Матэрыяльная база сельскіх саветаў павінна ўмацоўвацца, я так лічу. Нам тут на месцы больш бачна, мы ведаем людзей і маем зь імі больш зносінаў, мы ведаем сытуацыю ў сем’ях і каму сапраўды патрэбная дапамога, а каму і не патрэбная. І я мяркую, што роля сельскага савету была бы больш істотная, калі б у нас была нейкая матэрыяльная база. А так мы выконваем ролю душапрыказчыкаў, я б сказала так”.

Выказанае старшынёй сельсавету меркаваньне падтрымлівае і мясцовы дэпутат Уладзімер Цімафееў:

(Цімафееў: ) “З такімі магчымасьцямі нічога ня зробіш. Абсалютна нічога. Пры такім жыцьці што можна зрабіць дэпутату? Тэхнікі няма, каб падсабіць агарод пасеяць. Саляркі няма. Вось і ўсё. Што можна зрабіць? Чым можна падсабіць? Нічым. Калі жыцьцё зьменіцца, тады і будзем падсабляць”.

Нягледзячы на тое, што Ўладзімер Цімафееў упэўнены ў неабходнасьці існаваньня савецкай сыстэмы для сучаснай вёскі, ён, аднак, не хавае сумных асаблівасьцяў дэпутацтва ў цяперашніх умовах:

(Цімафееў: ) “Паводле майго меркаваньня, дэпутат ня мае ніякай улады. Дэпутат патрэбны, калі ў інваліда вайны ўзяць тысячу рублёў на помнік Жукаву: вось ідзі й вазьмі. А калі папросіш нешта падсабіць, дык нічога ня зробяць. Вось і ўсё”.

А жыхары кіраўскай вёскі Морхавічы лічаць, што “блізкая ўлада” губляе свой аўтарытэт і дзякуючы нядобрасумленнасьці сельсавецкіх работнікаў, дэпутатаў. З калгасьнікамі размаўляе Міхал Стэльмак:

(Карэспандэнт: ) “А вось казалі, што сельсаветы мусяць дапамагчы пэнсіянэрам засеяць агароды”.

(Канойка: ) “Ніхто нічога не дапамагае. Толькі брэшуць”.

(Кіташкін: ) “Прыехалі. Сабралі грошы, каб платы пабудаваць. І тры гады будуюць”.

(Канойка: ) “Яны крадуць і жывуць. А мы тут у гаўне”.

(Кіташкін: ) “Так, мы ў гаўне. Усё сабе паразьбіралі. І трактары. А гэтым калекам — кукіш пад нос”.

Сваё меркаваньне наконт сельскіх саветаў, іх ролі ў жыцьці вяскоўцаў выказалі і жыхары Вайнілаў з Чавускага раёну. Вольга Лявонцеўна Сьцепчанка галасавала на выбарах у мясцовыя саветы за тутэйшых грамадзкіх актывістаў, каб яны зрабілі яе жыцьцё лепшым. Пэнсіянэрка адказвае тым, хто кажа, што сельскія саветы фармальныя і ня вельмі патрэбныя людзям:

(Сьцепчанка: ) “Ведаеце што, гэта можа сказаць чалавек, які, відаць, валодае альбо вялікай уладай, альбо вялікім багацьцем. Такім людзям яны не патрэбныя. А такім як мы — патрэбныя. Паспрабуйце схадзіць за простай даведкай. Калгасы, як вы ведаеце, у заняпадзе. Няма тэхнікі, няма іншага. У сельскі савет ідуць, хоць яны неяк стабільныя і даўно існуюць”.

Галіна Іванаўна Ткачова і Ганна Віктараўна Сталярова ўважаюць сельскі савет за стырно вясковага жыцьця:

(Ткачова: ) “Ведаеце што, лішняга мы не патрабуем, а калі што трэба, то, падаецца, нам дапамогуць. Ні ў брыкеце мне не адмаўлялі, ні ў дровах, вось”.

(Сталярова: ) “А чаго — нам саветы патрэбныя! Яны нам дапамагаюць, мы да іх зьвяртаемся. Наконт зямлі, паліва даюць. Саветы нам патрэбныя, мы без саветаў як без рук ды бяз ног”.

Хай не для ўсіх, аднак жа для многіх — гэта праўда. Як праўда й тое, што, на думку многіх вяскоўцаў, сёньняшнія саветы сваімі магчымасьцямі таксама амаль інваліды. Лукашэнка ў традыцыйнай для сябе манеры тлумачыць прабуксоўку савецкага мэханізму, зьмяшчаючы акцэнты на нібыта суцэльна кепскіх выканаўцаў — п’янтосаў ды лайдакоў. Маўляў, варта замяніць алькаголікаў на працаголікаў і ўсё загудзе…

Аднак як паказвае жыцьцё і сьцьвярджаюць беларускія й міжнародныя экспэрты мясцовага самакіраваньня, справа тут зусім не ў алькагалізацыі саветаў, а ва ўпартым нежаданьні ўладаў адважыцца нарэшце на сапраўдную рэфармацыю прадстаўнічай улады.

XS
SM
MD
LG