Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ ТАВАРЫСТВА ВОЛЬНЫХ ЛІТАРАТАРАЎ АДЗНАЧЫЛІ 10-Я ЎГОДКІ СВАЙГО ЛІТАБ’ЯДНАНЬНЯ

Вінцэсь Мудроў, Полацак

Стварэньне ТВЛ сталася вынікам пошуку непадуладных палітычнай мімікрыі літаратараў свайго месца ў новай культурніцкай сытуацыі. “Мы вольныя ад догмаў, мы вольныя ад манапольнай літаратуры”, — заявілі тады 20 паэтаў і пісьменьнікаў, што сабраліся на ўстаноўчы сход.

Сёньня ТВЛ адзначае свой юбілей. Пра творчыя здабыткі сяброў таварыства гаварыў на ўрачыстай акадэміі, што ладзілася ў Полацкім цэнтры нацыянальнай культуры, ягоны галоўны каардынатар, паэт і літаратурны крытык Алесь Аркуш.

(Аркуш: ) “Сёньня Таварыства Вольных Літаратараў адзначае сваё дзесяцігодзьдзе. За гэтыя гады былі наладжаныя дзясяткі імпрэзаў, праведзеныя тры міжнародныя канфэрэнцыі, выйшла шмат кніг, выходзіў часопіс “Калосьсе” і альманах “Ксэракс Беларускі”. Таварыства наладзіла творчыя сувязі зь літаратурнымі суполкамі Ўкраіны, Расеі, Польшчы.

І гэтая зьява — Таварыства Вольных Літаратараў — стала па-сапраўднаму адметнаю зьяваю ў культурным жыцьці Беларусі, бо аб’ядналіся ў ТВЛ рэгіянальныя пісьменьнікі, і дзякуючы гэтаму ўтварэньню, гэтай арганізацыі, яны апынуліся ў эпіцэнтры культурніцкіх падзеяў”.

Падчас урачыстай акадэміі адбылося й ганараваньне ляўрэата прэміі ТВЛ “Гліняны Вялес” за 2002 год. Прэмія ўручаецца за найлепшую паэтычную альбо празаічную кнігу году. Героем сёньняшняга вялесаваньня стаў малады пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, які выдаў летась кнігу прозы “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”.

Дамо слова ляўрэату:

(Бахарэвіч: ) “Да самой ідэі прысуджэньня літаратурных прэміяў я стаўлюся даволі адмоўна. Літаратура ня спорт, ня конкурс жаночай прыгажосьці... Але тое, што мая кніга была ганараваная “Гліняным Вялесам” — гэта для мяне, у пэўным сэнсе, перамога Літаратуры над так званай “журналісцкай прозай”, якая апанавала кніжную прастору”.

А заключным акордам сёньняшніх ўрачыстасьцяў сталася адкрыцьцё памятнага знака — валуна з выбітай на ім абрэвіятурай “ТВЛ”. Прычым, выбіваць літары мусілі па чарзе ўсе прысутныя тэвээлаўцы. Камень ляжыць на беразе ракі Палаты, непадалёку ад Сафійскага сабору, а аўтарам такой ідэі стаў вядомы беларускі мастак, ганаровы сябар ТВЛ Алесь Пушкін.

(Пушкін: ) “Мы зараз рушым на бераг пракаветнай Палаты, каб пакінуць на камені сьціплае сьведчаньне нашай мастацкай дзейнасьці ў багатай на больш значныя падзеі гісторыі слаўнага Полацку. Гэта будзе містычны, энэргетычна-мастацкі супольны ўчынак нас, што на імгненьне зьявіліся ў вечным горадзе. Бо што такое дзесяць гадоў? Гэта сапраўды - імгненьне!”

XS
SM
MD
LG