Антон Кішкурна абвінавачвае намесьніка начальніка Савецкага райаддзелу міліцыі Яўгена Гуранкова ў тым, што той зламаў яму руку, калі цягнуў з машыны, а таксама зьбіваў яго разам з двума іншымі міліцыянтамі. На ягоную думку, міліцыянты наўмысна склалі пратакол (нібыта за непадпарадкаваньне), каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці.
Цяпер, калі ў пракуратуры ёсьць заява Антона і заключэньне судмэдэкспэртызы, міліцыянты спрабуюць даказаць, што яны не нападалі на Антона, а паміж імі і Антонам адбылася бойка. Сам Антон не выключае, што суд можа стаць на бок міліцыянтаў і пакараць яго арыштам альбо штрафам.
(Кішкурна: ) “Мяне абураюць паводзіны супрацоўнікаў міліцыі. Мяне абурае, як яны нахабна хлусяць. Відавочна, што міліцыянты адчуваюць сваю беспакаранасьць. У мяне мала спадзяваньняў на тое, што іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці”.
Судзьдзя Аксана Рэлява перанесла разгляд справы. Яна вырашыла азнаёміцца з заключэньнем судмэдэкспэртаў і дапытаць яшчэ аднаго сьведку — Лявона Баршчэўскага. Вінцук Вячорка прысутнічаў на судовым паседжаньні. Ён так пракамэнтаваў гэты судовы працэс Радыё Свабода:
(Баршчэўскі: ) “Відавочныя супярэчнасьці ў паказаньнях супрацоўнікаў міліцыі, незалежна ад таго выступалі яны ў форме, ці бяз формы падчас самой падзеі. Я думаю, што самым галоўным, не юрыдычным, а маральным фактам падзеяў 26 сакавіка ёсьць паламаная рука Антона Кішкурны. Гэта сымбаль стаўленьня гэтага рэжыму да тых, хто змагаецца за дэмакратыю і свабоду і нават да іхных дзяцей”.
Наступнае паседжаньне адбудзецца 13 траўня. Плянуецца, што будзе агалошаны прысуд. Калі судзьдзя вызначыць, што 26 сакавіка ля будынку суду адбылася бойка і пакарае Антона Кішкурну за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, то хутчэй за ўсё пракуратура ня будзе распачынаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў.