Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ ФРАНТАВІКІ Ў ВЁСКАХ КАЖУЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ НА ІХ ЗАБЫЛІСЯ


Галіна Абакунчык, Менск

9 траўня адбудзецца традыцыйнае шэсьце вэтэранаў галоўным праспэктам сталіцы. Па-за ўвагай найвышэйшых уладаў па-ранейшаму застануцца былыя франтавікі-вяскоўцы, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш.

У вёсцы Скрыль Пухавіцкага раёну вэтэранскіх сем’яў цяпер усяго чатыры, хоць яшчэ некалькі гадоў таму былыя франтавікі жылі амаль у кожным двары. Гэтак жа імкліва зьмяншаецца й увага уладаў да састарэлых шарагоўцаў мінулай вайны ды іхных сем’яў. Пра гэта кажуць самі вэтэраны — жыхары вёскі муж і жонка Федарчукі, а таксама Новікі.

Васіль Федарчук інвалід, мае франтавыя ўзнагароды й раненьні, як і спадар Іван Новік. Акрамя таго, ягоная жонка Мар’я Новік яшчэ дзяўчынкай была вывезеная на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Вось што яны паведамілі:

(Спадар: ) “На нас не глядзіць ніхто, літаральна ніхто”.

(Спадар: ) “Хоць бы прыехалі, зраблілі які сход, спыталіся пра нашыя патрэбы, дык сам — можаш ня можаш, едзь дамагайся і нічога не даможасься. Цэглы й той не дастаць”.

(Спадарыня: ) “Сама езьдзіла ў раён да старшыні, прашу — выпішце мне цэглы, а ён — не, едзьдзе ў свой калгас. Прыйшла я да старшыні, а ён мне кажа — што я вам выпішу, калі ў мяне па ўсім калгасе толькі тысячу цаглінаў? І па сёньня разбураная печ і грубка, пэўна, пакуль згарым”.

(Спадарыня: ) “Мой гаспадар удзельнік вайны, інвалід з вайны, а хто на яго зьвяртае ўвагу? Быў дзень пажылых людзей. Як па радыё паслухаеш, дык у горадзе гэтым людзям і нейкі канцэрт, і тое, і іншае, а ў вёсцы хоць бы хто слова сказаў. Некалі хоць якую-небудзь паштоўку прышлюць павіншуюць, а цяпер на ўсё забыліся”.

Дзеля справядлівасьці жыхары вёскі Скрыль дадаюць, што кіраўніцтва мясцовага калгасу “Іскра” 9 траўня ўсё ж запрашае іх да помніка загінулым аднавяскоўцам. Там пасьля імправізаванага мітынгу былым франтавікам дараць першыя вясновыя кветкі й грошы, якіх хапае роўна на дзьве пляшкі гарэлкі. Яны ўдзячныя й гэткай увазе, але гэтым людзям ужо больш за 70 гадоў і цяпер іх больш клапоціць дапамога ў звыклых сялянскіх клопатах, якую зьбяднелы калгас ня ў стане прапанаваць.

(Спадарыня: ) “Тут праблемаў мора: у калгасе ўсё раскіданае: няма й коней, і вупражы, нічога. Дык вось гэтай вясной можа будзем рыдлёўкай капаць гэтыя соткі ды садзіць, бо трактар жа ніхто ня дасьць: і на калгасныя палі няма ні бэнзыну, ні саляркі, нічога”.

(Спадарыня: ) “Павысушвалі балоты й у студнях ня стала вады, дык цяпер трэба на фэрму па ваду езьдзіць”.

(Спадарыня: ) “Гадоў восем таму па вёсцы паставілі калёнкі, дык і паўгоду ніхто вады ня браў, як яны паржавелі, так іх і кінулі. А грошы ж за іх нехта некалі плаціў”.

(Спадарыня: ) “А пэнсію плацяць калі заўгодна: я павінная атрымоўваць пятага, а могуць прынесьці дваццатага”.

(Спадар: ) “У газэтах чытаеш і па радыё прэзыдэнт кажа, што навядзе парадкі, а як усё было, так і застаецца”.

Гэтак гавораць ветэраны вайны зь вёскі Скрыль Пухавіцкага раёну. Паводле іх, гэткім чынам жывуць і іхныя знаёмыя ў суседніх вёсках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG