Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІХ ПІЛЁТАЎ ЗДАДУЦЬ У АРЭНДУ ЎКРАІНЕ


Ігар Карней, Менск

Паўгоду пілёты заставаліся беспрацоўнымі, бо ўрад і Дзяржаўны камітэт авіяцыі так і не знайшлі сродкаў, каб набыць першы пасажырскі "Боінг 737/500". Спачатку плянавалася набыць "Боінг" у лізынг у красавіку, затым — у траўні. Паводле інфармаваных крыніцаў, гэтая працэдура цяпер адтэрмінаваная на ліпень.

Пасьля таго, як краіны Эўразьвязу забаранілі палёты над сваёй тэрыторыяй бальшыні самалётаў "Ту" (а ад 2006 году гэта будзе тычыцца ўжо ўсіх без выключэньня расейскіх мадэляў), беларускія чыноўнікі абвясьцілі пра намер пераарыентавацца на пасажырскія судны ад усясьветных лідэраў авіявытворчасьці. Аднак пакуль намеры не рэалізаваныя. Чаму разрэклямаваны "Боінг" так і не прызямліўся на беларускім лётнішчы? Гэтае пытаньне я задаў прадстаўніку Дзяржкамавія Вадзіму Біцану.

(Біцан:) "Пытаньне павінна вырашыцца найбліжэйшыі днямі. Пакуль што нічога канкрэтнага сказаць не магу. Увогуле, інфармацыя адносна тэндэру канфідэнцыйная, і гаворка можа весьціся пра новы самалёт наогул. Усё залежыць ад таго, як пойдуць грошы, колькі змогуць іх знайсьці."

(Карэспандэнт:) "Але хоць краіны, зь якімі вядуцца перамовы, можаце назваць?"

(Біцан:) "Пакуль не. Пакуль нельга."

Адмыслоўцы цьвердзяць: цяпер, бадай, самы зручны час для абнаўленьня нацыянальнага авіяпарку. Пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001году, а зараз і з прычыны эпідэміі нетыповай пнэўманіі зьнізіліся авіяперавозкі: сотні вялікіх і малых авіякампаніяў на мяжы банкруцтва. Аднак зацікаўленыя асобы ў Беларусі, падобна, чакаюць ідэальнага варыянту: купіць новы самалёт за тыя самыя грошы, што і патрыманы.

Тым часам пілёты, якія ўвесь мінулы год засвойвалі практыку кіраваньня "Боінгамі" у Галяндыі, Чэхіі і Ўкраіне, засталіся беспрацоўнымі. Сёньня стала вядома, што ўсе яны 15 траўня будуць выпраўленыя ў Кіеў, дзе прынамсі да сярэдзіны ліпеня будуць працаваць ва ўкраінскіх авіякампаніях.

Практыка здачы ў арэнду людзей ці тэхнікі замежным фірмам стала апошнім часам звыклай для Беларусі. Амаль усё беларускае авіяпрадпрыемства "Трансавіяэкспарт" разам зь пілётамі і самалётамі здадзенае ў арэнду расейскім кампаніям і цяпер лётае пад расейскімі апазнавальнымі знакамі. Два самалёты Ту-154 "Белавія" цягам апошняга году стала працуюць у Пакістане. Гучнымі міжнароднымі скандаламі сталіся гісторыі з экіпажамі беларускіх самалётаў, якія заставаліся закладнікамі неадпрацаваных дамоваў з арэндадаўцамі Лібіі, Нігерыі, Экватарыяльнай Гвінеі, Анголы, Шры-Ланкі. А для саміх беларускіх пілётаў падзеі былі драматычнымі. Тым ня меней, сытуацыю, калі разладзіўся ўласны рынак авіяперавозак, беларускае кіраўніцтва спрабуе разьвязаць кантрактамі, бальшыня якіх не нясе істотных фінансавых выгодаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG