Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АТЫПОВУЮ ПНЭЎМАНІЮ НАЗЫВАЮЦЬ НАЙБОЛЬШ НЕБЯСЬПЕЧНЫМ З ДАГЭТУЛЬ ВЯДОМЫХ РЭСЬПІРАТОРНЫХ ЗАХВОРВАНЬНЯЎ

Алена Ціхановіч, Прага

Аднак на ўчорашняй сваёй нарадзе ў Брусэлі міністры аховы здароўя краінаў Эўразьвязу і краінаў-кандыдатаў пакуль вырашылі абысьціся бяз жорсткіх мераў кантролю і назіраньня за грамадзянамі, што прыедуць на тэрыторыю Эўразьвязу зь іншых краінаў. Вырашана таксама пакуль не ствараць агульны эпідэміялягічны цэнтар. Міністры Эўразьвязу сышліся на тым, што меры перасьцярогі павінны быць адэкватныя небясьпецы і не пашыраць падазрэньні і страхі, якія могуць мець дрэнны ўплыў на сацыяльнае і эканамічнае жыцьцё.

На старонках брытанскага мэдычнага часопісу “Ланцэт” былі апублікаваныя вынікі новага дасьледаваньня хваробы САРС. Ад САРСу, ці нетыповай пнэўманіі, як паведамляе часопіс, памер кожны пяты пацыент з тых, што былі шпіталізаваныя у Ганконгу. Пры тым, з пацыентаў, якім было больш за 60 гадоў, паміраў кожны другі. У маладзейшых доля смяротных зыходаў значная меншая – каля 7%. Гэтыя высновы, аднак, заўважу, зробленыя толькі паводле статыстыкі Ганконгу. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, сярэдняя доля смяротных зыходаў у сьвеце – ад 6% да 10%.

Сёньня ў Ганконгу прайшло пахаваньне першай мэдсястры, якая заразілася ад пацыентаў, выконваючы свае прафэсійныя абавязкі.

Найбольшую небясьпеку па-ранейшаму хвароба ўяўляе ў Кітаі. Агенцыя Сіньхуа паведамляе пра шэраг жорскіх захадаў ураду ў гэтай справе. У правінцыі Ляонінг два лекары страцілі свае ліцэнзіі. Адзін зь іх адмовіўся аглядаць пацыента з падазрэньнем на САРС. Другі проста не прысутнічаў на сходзе, прысьвечаным змаганьню з хваробай. У Пэкіне затрыманыя чатыры чалавекі, якіх абвінавацілі ў тым, што яны распаўсюджвалі праз Інтэрнэт і праз тэкставыя паведамленьні на мабільныя тэлефоны чуткі, якія, на думку ўладаў, пашыраюць паніку. Толькі ў кітайскай сталіцы ў карантынных умовах утрымліваюцца ўжо каля 17 тысячаў чалавек. Хатнія жывёлы, якія ім належалі, таксама ізалююцца. Як заяўляе паліцыя, каты і сабакі будуць ліквідоўвацца з-за небясьпекі таго, што яны могуць быць таксама носьбітамі хваробы.

У правінцыі Гебэй за апошні тыдзень колькасьць захворваньняў падвоілася. Паводле заявы кітайскага прэм’ера Вэн Дзыбао, галоўныя сілы ў змаганьні з хваробай павінны быць якраз накіраваныя ў бяднейшыя сельскія мясцовасьці. Ён таксама прапаваў бясплатнае лячэньне ад САРСу фэрмэраў. Між тым, агенцтва Reuters у сваім рэпартажы сёньня адзначае, што многім кітайскім сялянам прыходзіцца клікаць у свае дамы чараўнікоў і чараўніц або маліцца ля статуяў Буды, каб той іх ахаваў іх ад новай чумы.

Рэальная пагроза жыцьцю, страхі і перасьцярогі, зь ёй зьвязаныя літаральна мяняюць усе без выключэньня аспэкты жыцьця краінаў гэтага рэгіёну і сьвету. Арганізатары конкурсу прыгажосьці Міс Сусьвету, які павінен адбыцца ў Панаме ў чэрвені, патрабуюць ад удзельніц мець “чыстую” мэдычную даведку. Мадэлі з Ганконгу, якія нядаўна бралі ўдзел у модным паказе ў аўстралійскім Сыднэі, выходзілі на сцэну ў дэкаратыўных хірургічных масках.

Кардынал Філіпінскай каталіцкай царквы Джэйм Сін загадаў сьвятарам змагацца з масавай гістэрыяй страху, нагнанай САРСам. Але ён жа параіў, каб аплаткі для прычасьця падаваліся вернікам ня ў рот, як звычайна, але ў руку. Ён таксама раіць людзям устрымлівацца ад цалаваньня рэлігійных статуяў.
XS
SM
MD
LG