Выстава “СМІ ў Беларусі” сустракала наведнікаў расейскамоўнай шыльдай. Усё афармленьне, праграма, цырымонія адкрыцьця былі выкананыя па-расейску. Пасьля адкрыцьця пачаўся дзень Першага нацыянальнага тэлеканалу. Вядучыя БТ таксама выступалі на сцэне толькі па-расейску. А побач стаялі кардонныя муляжы тых самых “твараў БТ”, што былі на сцэне. З прычыны шматлюднасьці й цісканіны гэтыя муляжы амаль паваліліся на падлогу.
На выставе фірмовым балёнікам над сцэнай БТ была прадстаўленая і адзіная беларускамоўная FM-cтанцыя “Cталіца”, частоты якой кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі вырашыла перадаць камэрцыйнай расейскамоўнай станцыі. Міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны з гэтай нагоды сказаў:
(Падгайны: ) “Справа ў тым, што частата выдзеленая не для “Сталіцы-ФМ”, а для Белтэлерадыёкампаніі. І фактычна на сёньняшні дзень дзяржаўная камісія па радыёчастотах, якую я ўзначальваю, ня мае права высунуць нейкія прэтэнзіі да Белтэлерадыёкампаніі, калі яны памяняюць фармат, перанясуць на нейкую іншую частату й гэтак далей. Хаця я думаю, што гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае”.
Нягледзячы на гэтую заяву міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, прэсавая служба Белтэлерадыёкампаніі ўжо абвесьціла, што адзіная беларускамоўная ФМ-станцыя “Сталіца” з 1 чэрвеня будзе пераведзеная на ўльтракароткія хвалі, якія раней займаў расейскі “Маяк”.
Спадар Падгайны таксама паведаміў, што ягоны расейскі калега Міхаіл Лесін атрымаў запрашэньне, але на выставу “СМІ ў Беларусі” не прыехаў. Чакалася, што ён прывязе прапановы наконт аплаты рэтрансьляцыі для беларускіх гледачоў расейскіх тэлеканалаў. Не прыехалі ў Менск і прадстаўнікі кітайскіх мэдыяў — ім перашкодзіла эпідэмія атыповай пнэўманіі. Але на выставе усё ж быў стэнд з надпісам “СМІ амбасады Кітаю”. Суседні стэнд занялі прадстаўнікі Ўкраіны — дзьве супрацоўніцы ўкраінскага дзяржаўнага камітэту прэсы, тэлебачаньня й радыёвяшчаньня, якія прывезьлі з Кіева выпадковыя нумары ўкраінскіх газэтаў і часопісаў.
Найбольшую папулярнасьць на выставе мелі стэнды “Российской газеты”, дзе раздавалі фірмовыя плястыкавыя пакеты ды асадкі, і беларускай газэты “Звязда”, дзе налівалі самагонку і прапаноўвалі цыбулю, сала й бульбу.
На выставе я сустрэў і новага галоўнага ідэоляга Беларусі — намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага, які адказаў на пытаньне пра лёс праекту новага Закону аб друку, што цяпер знаходзіцца ў адміністрацыі.
(Праляскоўскі: ) “Ён рыхтуецца. Закон аб друку будзе адпавядаць міжнародным стандартам. Ён сапраўды рыхтуецца ў адміністрацыі… Не рыхтуецца ў адміністрацыі прэзыдэнта, а адміністрацыя прэзыдэнта ўносіць свае прапановы й папраўкі, на што яна мае законнае права. А прымацца ён будзе абсалютна адпаведна з нашай Канстытуцыяй — парлямэнтам. І я думаю, што ў вельмі хуткім часе ён убачыць сьвет”.
(Карэспандэнт: ) “Нейкія элемэнты дзяржаўнай ідэалёгіі там будуць?”
(Праляскоўскі: ) “Дзяржаўная ідэалёгія закладваецца ў любы закон, у любы нарматыўны акт. Таму, безумоўна, будуць некаторыя элемэнты. Я лічу, што гэта нармальна, гэта цывілізавана — што дзяржаўная ідэалёгія будзе прадстаўленая ў законе аб сродках масавай інфармацыі”.
(Карэспандэнт: ) “Вы ўжо пасьпелі нешта зрабіць на новай пасадзе — пакіраваць ідэалёгіяй?”
(Праляскоўскі: ) “Гэта пытаньне вельмі складанае. Кіраваць ідэалёгіяй — гэта няправільна. Ідэалёгія — гэта складнік дзейнасьці народу, дзяржавы. Сваю задачу я якраз бачу ня ў нейкім кіраваньні, навязваньні, а ў аб’яданьні нармальных, здаровых сілаў і ў нейкай каардынацыі”.
Насуперак заявам спадара Праляскоўскага пра каардынацыю, аб’яднаньня ўсіх сродкаў масавай інфармацыі на выставе не адбылося. Тыднёвік “Белорусская газета” й штодзённая “Народная воля” афіцыйна адмовіліся ад удзелу ў гэтай імпрэзе. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў:
(Мельнікаў: ) “Выстава як выстава. Улада робіць са сваімі ўладнымі журналістамі сваю выставу. Няхай ладзяць. А што нам рабіць, калі там такія грошы патрабуюць за кожны квадратны мэтар плошчы”.
(Карэспандэнт: ) “А якія, дарэчы, грошы?”
(Мелдьнікаў: ) “А мы нават у гэтым годзе не даведваліся, таму што ўсё роўна не па нашых магчымасьцях. Гэта было ўжо вядома ў мінулым годзе й пазамінулым. Празь нейкую камэрцыйную структуру нешта там робіцца. Дзяржаўныя журналісты, зразумела, на бюджэтныя сродкі, якія яны атрымліваюць, на датацыі ўдзельнічаюць у гэтым”.