Гэта ўжо трэцяя акцыя падобнага кшталту ў Наваполацку. І хаця яны ладзяцца ў самым цэнтры горада без адпаведнага дазволу ўладаў, міліцыянты да гэтай пары іх правядзеньню не перашкаджалі. Самі ўдзельнікі жывога ланцуга тлумачаць гэта тым, што работнікі міліцыі й самі не абыякавыя да лёсу былога міністра ўнутраных справаў.
Як і мінулы раз, удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты зьніклых палітыкаў і журналістаў, а таксама раздавалі ўлёткі. І калі ранейшым часам той-сёй гукаў з-за людзкіх сьпінаў: “Колькі вам заплацілі?!” — дык сёньня такіх воклчкаў не было, і некаторыя зь мінакоў, пачытаўшы ўлёткі, папаўнялі зьвёны жывога ланцуга.
Вось што нам сказаў арганізатар акцыі, кіраўнік тутэйшай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валер Шаўчэнка:
(Шаўчэнка: ) “Мы выйшлі сёньня на цэнтральны наваполацкі пляц, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу ўладаў і грамадзкасьці на праблему зьніклых людзей. Мы ўжо ня просім улады, а патрабуем знайсьці вінаватых і прылюдна іх пакараць. Гэта будзе адзін зь першых крокаў на доўгім і цяжкім шляху Беларусі да дэмакратыі. Мы ня спынім падобныя акцыі да той пары, пакуль злодзеі ня будуць знойдзеныя”.