Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЧАРГОВЫЯ АХВЯРЫ ЧЫСТКІ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Rzeczpospolita” піша, што акрамя гарадзенскай “Ратушы” пад пагрозай ліквідацыі апынуліся яшчэ прынамсі 3 уплывовыя грамадзкія арганізацыі зь Менску, Гомеля і Баранавічаў, якія атрымалі напярэдадні судовыя позвы.

Так што тэза пра тое, што абвінавачаньні супраць “Ратушы” могуць быць толькі пачаткам хвалі перасьледу недзяржаўных арганізацыяў напярэдадні выбараў, якая была зьмешчаная ў “Rzeczpospolitej” у мінулым тыдні, аказалася прарочай.

Польскі штодзёньнік адзначае, што прычыны, паводле якіх улады хочуць зьліквідаваць грамадзкія арганізацыі, вельмі нязначныя і нават абсурдныя, прыкладам, “ужываньне скарочанай назвы” ці “падрыхтоўка назіральнікаў да ўдзелу ў мясцовых выбарах”.

У такой сытуацыі прадстаўнікі “трэцяга сэктару” зьвярнуліся да уладаў з прапановай адклікаць судовыя позвы супраць грамадзкіх арганізацыяў ды наладзіць сумесныя кансультацыі.

“Гэткім чынам беларускія недзяржаўныя арганізацыі распачынаюць акцыю пратэсту “Наша салідарнасьць”. Каардынатар гэтай акцыі Алесь Бяляцкі, які ўжо цяпер гаворыць пра катастрафічныя наступствы ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў для грамадзянскай супольнасьці Беларусі, аднак, яшчэ спадзяецца на тое, што ўлады пойдуць на перамовы з прадстаўнікамі “трэцяга сэктару”.

“Мэтай гэтых перамоваў, паводле спадара Бяляцкага, мае быць неадкладнае прыстасаваньне беларускага заканадаўства ў справе дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў да міжнародных нормаў”, – піша “Rzeczpospolita”.

Аднак, паводле меркаваньняў некаторых польскіх адмыслоўцаў у справах Беларусі, менскія ўлады ніколі не пойдуць на ніякія перамовы з грамадзкімі арганізацыямі, бо абавязкова хочуць іх зьліквідаваць, каб пазбавіць грамадзтва шанцаў арганізаванага ўплыву на вынікі будучых парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG