Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ ГОРАДУ НАДЖАФ ЗНОЙДЗЕНЫЯ МАСАВЫЯ ПАХАВАНЬНІ АХВЯРАЎ РЭЖЫМУ ХУСЭЙНА


Юры Дракахруст, Прага

Масавыя пахаваньні ахвяраў рэжыму Хусэйна былі знойдзеныя каля гораду Наджаф, прыблізна за 100 кілямэтраў на поўдзень ад Багдаду. Большасьць пахаваных целаў належаць дарослым мужчынам, але трапляюцца таксама жаночыя і дзіцячыя целы. Паводле папярэдніх ацэнак, у сакрэтных магілах пад Наджафам пахавана каля 80 чалавек.

Пасьля вайны 1991 году шыііты, што жывуць на поўдні краіны, паднялі паўстаньне. Улады бязьлітасна расправіліся зь яго ўдзельнікамі. Тысячы людзей былі забітыя ці бяссьледна зьніклі. Толькі асобныя людзі ведалі таямніцу могілак на ўскрайку гораду. На мінулым тыдні гэтыя людзі паведамілі новым гарадзкім уладам і амэрыканскім вайскоўцам пра сакрэтныя могілкі. Сотні гараджанаў з рыдлёўкамі накіраваліся на месца пахаваньня, спрабуючы знайсьці парэшткі сваіх родных. “Washington Post” прыводзіць словы аднаго з удзельнікаў гэтых раскопак, сын якога зьнік 10 гадоў таму: “Я спадзяюся, што змагу знайсьці нейкае адзеньне, па якім я пазнаю цела сына. Што я яшчэ магу зрабіць?”

Але праз пэўны час пошукі былі забароненыя , раён могілак ачапілі амэрыканскія вайскоўцы. Па-першае, прайшло занадта шмат часу, ідэнтыфікаваць парэшткі без адмысловага абсталяваньня немагчыма. Па-другое, як адзначаюць праваабарончыя арганізацыі, аматарскі пошук можа зьнішчыць фактычны падмурак для юрыдычнага дасьледаваньня злачынстваў былога рэжыму.

Амэрыканская агенцыя Associated Press паведамляе падрабязнасьці, спасылаючыся на амэрыканскіх афіцэраў, якія распачалі дасьледаваньне. Паводле іх, у некаторых пахаваных ускрытыя чэрапы, магчыма, каты рабілі нейкія экспэрымэнты над зьняволенымі, некаторыя пахаваныя застрэленыя – на чарапах бачныя кулявыя дзюркі. Некаторыя шкілеты прыкаваныя да мэталічных канструкцыяў.

Паводле “Washington Post”, масавыя пахаваньні ахвяраў тэрору былі знойдзеныя і ў іншых месцах краіны, прынамсі, на поўначы, населенай пераважна курдамі. Газэта прыводзіць меркаваньне Пітэра Букгарда, прадстаўніка праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch. Ён мяркуе, што колькасьць патаемных пахаваньняў ахвяраў былога рэжыму ў Іраку пераўзыходзіць тое, што было знойдзена ў свой час у Косаве і ў Афганістане. Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі, за гады кіраваньня Садама Хусэйна зьнікла каля 200 тысячаў ірацкіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG