Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ ПАМІНАЛІ НА РАДАЎНІЦУ СВАІХ РОДНЫХ, А ТАКСАМА АХВЯРАЎ РЭПРЭСІЯЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Людзі, што адзначаюць дзень памінаньня продкаў – Радаўніцу, пачалі прыходзіць у Курапаты з самай раніцы. Спыняліся каля крыжа-капліцы з абразом Маці Божай Курапацкай – усіх нявінна растраляных, малілілся, ускладалі кветкі, запальвалі сьвечкі. За гэтым назіраў міліцэйскі патруль, спэцыяльна пастаўлены на тэрыторыі мэмарыялу з нагоды Радаўніцы. Вось якая размова адбылася ў мяне са спадарыняй Валянцінай, што жыве непадалёк ад Курапатаў:

(Карэспандэнт: ) " Скажыце, чаму вы сёньня прыйшлі ў Курапаты?"

(Валянціна: ) " Даўно ўжо тут была. Вось прыйшла, гляджу колькі крыжоў тут паставілі!"

(Карэспандэнт: ) "Але чаму вы прыходзіце на Радаўніцу менавіта ў гэтае месца?"

(Валянціна: ) "Ну а як жа ж. Тут і бацюшка бывае, і ксёндз. Моляцца".

(Карэспандэнт: ) "І вы прыходзіце маліцца за душы загінуўшых?"

(Валянціна: ) "Ну так. Трэба ж. Пагінулі бедныя, невінаватыя. Думаеце вінаватыя?"

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Раманцоў прыходзіць у Курапаты часта:

(Раманцоў: ) "Гэты дзень вялікае сьвята наша – Радаўніца. Калі мы ўспамінаем усіх сваіх родных і блізкіх. І ня толькі родных і блізкіх. Калі мы народ, калі мы нацыя, калі мы памятаем усё, што было, і ня хочам каб паўтарылася гэта мы павінны ўспамінаць усіх. Якія нявінна загінулі падчас і фашыстоўскай акупацыі, падчас сталінскага тэрору. Таму я прыйшоў узгадаць усіх. Я жыву далёка ад дому, і няма магчымасьці адведаць магілы родных і блізкіх. Я прыйшоў у Курапаты, каб узгадаць і родных памерлых, і тых, што загінулі".

Некалькі актывістаў КХП БНФ, што прыйшлі на Радаўніцу ў Курапаты, працавалі там – прыбіралі тэрыторыю мэмарыялу. Прэсавы сакратар гэтай партыі Валер Буйвал лічыць, што цяпер галоўнай задачай ёсьць выпрацоўка пляну супрацьдзеяньня магчымаму будаўніцтву побач з Курапатамі катэджнага пасёлку.

У Бэрнарды Івановай шмат сваякоў загінула падчас бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Некалі яна паставіла ў Курапатах свой мэмарыльны крыж і сёньня прыйшла да яго, каб памянуць сваіх родных:

(Іванова: ) "Мая сям'я паставіла тут крыж 3 асобам нашых родных, у тым ліку майму дзеду. Яны ня тут загінулі, але яны загінулі дакладна ад тых самых рук. Мы тут паставлілі сымбалічны крыж. Сёньня павінны прыехаць мае дзеці й унукі, паглядзець, дзе ён стаіць, хто ня бачыў. І я прыйшла каб памянуць сёньня тут родных. Я ўражаная, што ўбачыла так жахліва зламаныя, спаганеныя крыжы. І гэта проста балюча".

Актывісты КХП БНФ і Маладога фронту паламаныя крыжы адрамантавалі і прыбралі тэрыторыю ўрочышча.

Тым часам многія менчукі прыходзілі на Радаўніцу да магілаў сваіх родных. Асабліва шмат было людзей на Ўсходніх могілках. Узгадвалі ня толькі сваякоў, але й пахаваных там вядомых людзей. Каля магілы Генадзя Карпенкі я сустрэў нямала людзей, якія ўшаноўвалі яго памяць. Гаворыць пэнсіянэр спадар Уладзімер:

(Уладзімер: ) "Я прыйшоў да помніка Генадзя Дзьмітрыевіча Карпенкі, бо часта быў на мітынгах і і бачыў, як ён змагаўся за лепшае жыцьцё для народу. Калі я ўпершыню ўбачыў помнік, які ўлады дазволілі паставіць, то мяне абурыла, што такі заслужаны чалавек, усё рабіў для народу, і яму не знайшлося месца там, дзе пахаваная эліта. Гэта сьведчыць аб адносінах уладаў да людзей, якія імкнуцца лепей зрабіць для народу".

Наведваньне могілак працягвалася 6 траўня да самага вечара.
XS
SM
MD
LG