Вёскі Ліпа Буда-Кашалёўскага раёну па сутнасьці няма. Яе на пачатку 1990-х гадоў з прычыны высокай радыяцыі закапалі ў зямлю. Засталіся тут толькі могілкі ды хата адзінага гаспадара – Алега Досева і ягонай жонкі. Раней ўлады Алега проста выпіхвалі зь вёскі, штрафавалі, а цяпер – махнулі рукой.
(Досеў: ) “Ужо практычна я нікому не патрэбны – ні для добрага пытаньня, ні для кепскага”.
43-гадовы жыхар ёсьць фактычна і вартаўніком вясковых могілак. Паўзь яго хату праехалі ўжо з паўтара дзясятка аўтамашын. Іншыя спыняліся набраць вады. Алег і сам збіраецца на могілкі. Паўгады таму ён пахаваў тут маці. Бацька памёр яшчэ да Чарнобылю.
На могілках ня меней як паўсотні людзей – і старых, і маладзейшых, і нават дзяцей.Усе яны разам прыбіраюць магілы , ставяць ля крыжоў і помнікаў на сподачках розны пачастунак.
(Жанчына: ) “Мяне завуць Ганна Карчэўская. Кожны год прыяжджаем. Кветкі вязём, пасху вязём, цукеркі вязём, яйкі. Прыбіраем магілкі. Пэўна ж, пачуюць і ўбачаць продкі. Трэба ж іх памінаць, каб і нас паміналі. Мы ж туды хутка пойдзем таксама”.
Ганна Карчэўская перасялілася, як і некаторыя іншыя вяскоўцы, у Сьветлагорскі раён, у вёску Судавіцу. Але доўга там жыць не змагла, пераехала ў Гомель – бліжэй да дзяцей.
Яшчэ адна перасяленка, Любоў Ермакова, лічыць, што людзі дарма пакінулі сваю вёску.
(Ермакова: ) “Мы б даўно паварочаліся, але яны хаты пазабіралі харошыя – паставілі сабе дачы. А мы цяпер сядзімо за столькі кілямэтраў! Мы чатыры гады жылі ў радыяцыі і не памерлі. Мы болей здароўя на перасяленьні страцілі, чым тут, жывучы ў сваіх хатах”.
У Вольгі Пракапенкі свой рытуал сустрэчы з памерлымі роднымі.
(Пракапенка: ) “Вось я прыйшла, цяпер жа Вялікдзень, сказала: “Хрыстос Уваскрос”, пацалавалася з крыжам. І вечная памяць…”
Нягледзячы на тое, што вёскі няма, сюды па-ранейшаму прывозяць хаваць памерлых людзей.
(Жанчына: ) “Клаўдзія Масьлёнчанка. Крайні пахаваны – мой муж. Я мужа з Магілёву прывязла і пахавала тут. Ён – ліквідатар. Сваю зямлю любіў. У горадзе не хацеў сярод чужых людзей. Я ведала ягонае жаданьне ляжаць у сваёй зямлі. Ён – мэханізатар, араў гэтыя землі. Тут і пахаваны”.