Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН З СЫНОЎ САДАМА ХУСЭЙНА ВЫКРАЎ МІЛЬЯРД ДАЛЯРАЎ З НАЦЫЯНАЛЬНАГА БАНКУ ІРАКУ


Сяргей Абламейка, Прага

Выманьне грошай са сховішча Нацыянальнага банку Іраку ажыцьцявілі другі сын Садама Хусэйна Кусэй і асабісты памочнік прэзыдэнта Абід аль Хамід Махмуд. У 4 гадзіны раніцы 18 сакавіка яны зьявіліся ў Банку і прад’явілі службоўцам загад аб выманьні наяўных грошай, падпісаны асабіста Садамам Хусэйнам. У Банку зьдзівіліся такому візыту, але пярэчыць ня сталі – у тагачасным Іраку загады Хусэйна не абмяркоўваліся. Паводле “New York Times”, гэтая апэрацыя можа лічыцца найбуйнейшым абрабаваньнем банку ў гісторыі чалавецтва.

Чыноўнік, які паведаміў саюзьнікам аб гэтым выкраданьні, дагэтуль баіцца рассакрэціць сваё імя. Ён расказаў, што сын і памочнік Хусэйна ўзялі 900 мільёнаў даляраў ЗША ў стадаляравых купюрах і 100 мільёнаў эўраў. Каб адвезьці такую колькасьць грошай, спатрэбіліся тры грузавыя аўтамабілі, брыгада рабочых дзьве гадзіны працавала над пагрузкай каштоўнага грузу.

Газэты пішуць, што інфармацыя аб выкраданьні мільярду даляраў можа стаць ключом да разгадкі таямніцы, як Хусэйн зьбіраўся ўратавацца, а магчыма, і вярнуцца да ўлады. Афіцыйныя асобы сёньня выказваюць занепакоенасьць, што гэтыя грошы могуць быць выкарыстаныя для фінансаваньня рэшткаў ураду Хусэйна, члены якога, магчыма, хаваюцца, у навакольлях Багдаду. Ірацкая апазыцыя таксам выказвае апасеньні, што гэтыя грошы могуць быць выкарыстаныя для фінансаваньня пазьнейшага антыамэрыканскага перавароту ў Багдадзе і вяртаньня Садама да ўлады.

На сёньняшні дзень няма ніякай інфармацыі аб месцы знаходжаньня Садама Хусэйна, яго сына Кусэя і асабістага памочніка Абіда аль Хаміда Махмуда. Няма і дакладнай інфармацыі аб тым, дзе могуць знаходзіцца скрадзеныя грошы. Аднак палкоўнік арміі ЗША Тэд Сіл паведаміў, што грошы, магчыма, трапілі ў Сырыю. Прынамсі ёсьць інфармацыя, што калёна грузавікоў перасякала ў тыя дні мяжу з Сырыяй.

Ірацкія афіцыйныя асобы паведамілі, што скрадзены мільярд даляраў – гэта чацьвертая частка ўсіх тагачасных ірацкіх запасаў цьвёрдай валюты. Пры гэтым вядома, што яшчэ 400 мільёнаў даляраў у амэрыканскай валюце і 40 мільёнаў у ірацкай былі разрабаваныя марадзёрамі з банкаў па ўсёй краіне пасьля 9 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG