Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ НЕ ПАМІНАЮЦЬ ІХ ЯК ПАМЕРЛЫХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо чатыры Радуніцы запар не прыяжджае Юры Захаранка ў Васілевічы, каб адведаць магілы сваякоў і продкаў. Раней, кажа Ульяна Захаранка, не было году, каб сын не знайшоў магчымасьці на колькі гадзінаў прыехаць у Васілевічы.

(Захаранка: ) "На Радуніцу Юра абавязкова прыяжджаў і ўсё рабіў – фарбаваў агароджу, магілкі прыбіраў, усё чыста. І бацькаву магілку, і бабулі зь дзядулем. А цяпер там ужо і дзяцька ляжыць, і цётка, і брацік – шмат. Усяго 7 нашых магілаў. Гэта ў мяне пляменьніца, дачка сястры, дапамагае зь імі прыбірацца. Яна і мяне даглядае. Прыедуць – і дроў мне наносяць, я ж сама не магу ўнесьці, нічога не магу. І на агародзе яны. Яшчэ не баранілі, але гной ужо завезьлі і хутка будуць усё садзіць”.

На Васілевіцкія могілкі адведаць магілы сваякоў адвозіў Ульяну Захаранку яе ўнук, сын Уладзімера, старэйшага брата Юрыя. Уладзімер, былы падводнік, заўчасна памёр ад хваробы сэрца. Для маці абодва сыны жывыя, што б зь імі ні здарылася, але нават думаць, што і Юра памёр, яна сабе не дазваляе. Сэрца маці хоча верыць, што ён жывы, аднойчы вернецца і па завядзёнцы пастукае ў шыбу – маўляў, адчыняй, маці, дзьверы.

Ня змогуць пайсьці сёньня на могілкі Вольга Завадзкая і Зінаіда Ганчар. Вольга Завадзкая згадвае, што калі Дзіма быў у Менску, ён заўсёды адвозіў яе на сваім аўтамабілі на Паўночныя могілкі, дзе знайшлі вечны спачын сваякі. У тым ліку, дзед Рыгор Басаў і Юрын дзядзька, Валер Басаў. Той самы, які і прывёў Дзіму на тэлебачаньне. Зьміцер быў яму вельмі ўдзячны за штуршок у апэратарскай кар'еры і заўсёды шанаваў памяць пра яго. Але сёньня кветкі да гэтых магілаў Вольга Завадзкая пакладзе толькі ў думках – бо ў яе працоўны дзень. Што да памяці пра Дзіму, то яна кажа, памінаць яго на Радуніцу – такой традыцыі ў іх сям’і няма. Зьміцер Завадзкі, які зьнік больш за 1030 дзён таму, застаецца для Завадзкіх жывым.

Гэтак сама думае пра свайго мужа Віктара Зінаіда Ганчар. Сёньня яна хворая і таму не выходзіць з дому, а то б паехала ў Ліду да маці Віктара Ганчара Валянціны Адамаўны. Разам яны схадзілі б да магілаў продкаў Віктара. Зінаіда Ганчар кажа, што, як паправіцца, абавязкова паедзе туды.

А вось што пра Радуніцу сказала мне Ірына Красоўская.

(Красоўская: ) "Гэта дзень смутку. Таму што заўсёды, калі згадваеш блізкіх і знаёмых, якія ужо пахаваныя, гэта заўсёды частка твайго жыцьця, якую ты пражыла разам з імі. Я ў гэты дзень вельмі сумую. Як па памерлых, гэтак і па тых, у каго няма магілаў... Увечары мы сустрэнемся зь сяброўкамі, якія таксама вернуцца з могілкаў, і пасядзім за сталом”.

Нагадаю, Ірына Красоўская чакае свайго мужа Анатоля, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром, ужо 1235 дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG