Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ЎПРАВА ЮСТЫЦЫІ ІНІЦЫЮЕ ЗАКРЫЦЬЦЁ “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Выснова пра ліквідацыю “Грамадзянскіх ініцыятываў” зробленая ўправай юстыцыі ў суботу, 3 траўня, напярэдадні шэрагу выходных і сьвяточных дзён. Гэтым разам управа правярала статутную дзейнасьць аб’яднаньня. З усяго відаць, чыноўнікі сьпяшаліся, бо 13 траўня заканчваецца год, як “Ініцыятывам” было вынесена першае папярэджаньне за так званае вырыстаньне тэхнікі, атрыманай ад замежных фундатараў, для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гэтым разам таксама фігуравалі выбары, праўда, у мясцовыя саветы. У ліку парушэньняў названы таксама выпуск інфармацыйных бюлетэняў і нібыта няправільна аформленыя пратаколы паседжаньняў праўленьня і іншыя дакумэнты.

Старшыня аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карніенка называе некалькі прычынаў расправы з арганізацыяй. “Грамадзянскія ініцыятывы” рэалізоўваюць у рэгіёне шэраг сацыяльных праектаў, у тым ліку і для моладзі, маюць свае аддзяленьні ва ўсіх раёнах і могуць рэальна ўплываць на насельніцтва. Гэта моцна турбуе ўлады, і асабліва перад магчымым рэфэрэндумам адносна працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ адну акалічнасьць называе сам спадар Карніенка:

(Карніенка: ) “І апошняя прычына, чаму аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы” патрапіла пад такі прэсінг улады, зьвязана, як мне здаецца, з разглядам у кангрэсе ЗША славутага дакумэнта — Акту пра дэмакратыю ў Беларусі. Аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы” — адна з тых структураў, якія, як лічыць улада, могуць выкарыстаць сродкі вось гэтага самага Акту пра дэмакратыю ў Беларусі. Гэта, безумоўна, выкананьне каманды “фас”.

Наколькі юрыдычна абгрунтаванае рашэньне ўправы юстыцыі пра закрыцьцё “Ініцыятываў”, распавядае юрыст Леанід Судаленка:

(Судаленка: ) “Зь юрыдычнага гледзішча абвінавачаньні не абгрунтаваныя ніякімі законамі. Скажам, кіраўнікі аб’яднаньня займаліся перадвыбарчай агітацыяй. Хіба ж гэта забаронена? Уражаньне такое, што юрысты ўпраўленьня не знаёмыя з Выбарчым кодэксам. Альбо зноў-такі ўзяліся за аргтэхніку, якая нібыта выкарыстоўваецца не па мэтавым прызначэньні. Гэтую тэхніку ў нас ужо адабралі, а цяпер імкнуцца забраць і рэшткі.

Абвінавачваюцца “Ініцыятывы” і ў выпуску інфармацыйных бюлетэняў. Але якая норма закону парушаная, таксама ня згадваецца. У мяне, як юрыста, складваецца ўражаньне, што ў абвінавачаньнях шмат словаў, якія не пацьверджаныя ніякімі заканадаўчымі нормамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG