Часопіс “Маладосць” нарадзіўся, калі памёр Сталін. Першы нумар замест стужак ружовых, як і належыць немаўляці, быў спавіты ў жалобна-чорныя. Але гэта былі знакі вызваленьня, перадвесьне творчай свабоды, надзея на адлігу й вясну. З тае пары “Маладосць” зьведала ўзьлёты й падзеньні, папулярнасьць і абыякавасьць чытачоў. Паўстагодзьдзя для часопісу — век паважны, але мусіш маладзіцца, калі назва абавязвае. У нас у гасьцях новая рэдактарка старога часопісу паэтка Раіса Баравікова.
(Міхась Скобла: ) “Спадарыня Раіса, вы кіравалі даволі рэспэктабэльным жаночым часопісам “Алеся”, у якога былі свае традыцыі, свой чытач. І раптам кінулі “Алесю” й прыйшлі ў “Маладосць”. Дзеля чаго?”
(Раіса Баравікова: ) “Кожны пісьменьнік марыць працаваць менавіта ў літаратурным выданьні — гэта галоўная прычына. І калі ўзьнікла сытуацыя з заменай галоўных рэдактараў, і мне паступіла прапанова ўзначаліць “Маладосць”, я з радасьцю пагадзілася. І, як мне ўяўляецца, кінулася на амбразуру, каб ратаваць выданьне, ратаваць літаратуру. Бо паўгоду часопіс не выходзіў — сытуацыя была папросту катастрафічная! Мы вымушаныя былі пачынаць фактычна з нуля. А “Маладосць”, так ужо склалася, заўсёды была прагрэсіўнай і дэмакратычнай, дастаткова прыгадаць аўтараў, якія там друкаваліся...”
(Скобла: ) “У “Маладосці” сапраўды слаўная гісторыя, тут ніхто не пярэчыць. Але давайце пагаворым пра дзень сёньняшні. У першым падпісаным вамі нумары вы прасілі прабачэньня ў чытачоў і абяцалі падняць аўтарытэт выданьня. Але да гэтай пары (а пры вас выйшла ўжо сем нумароў) наклад працягвае падаць. Індывідуальная падпіска дасягнула рэкордна нізкай лічбы — каля 100 асобнікаў. Дык што перашкодзіла вам сустрэць юбілей зь лепшымі паказьнікамі?”
(Баравікова: ) “Зьмяншэньне накладаў — гэта агульная сытуацыя з нашым друкам. Гэта праблема ня толькі “Маладосці”. Мы вывучалі сытуацыю: у 1990 годзе наклад быў больш за 12 000 асобнікаў (часопіс быў цалкам самаакупны), у 1992 годзе — 6 000 з хвосьцікам. Аказалася, што як толькі рухнуў Савецкі Саюз, школьныя бібліятэкі адмовіліся ад літаратурных выданьняў...”
(Скобла: ) “Ну ня будзем жа мы для таго, каб падняць наклад “Маладосці”, аднаўляць Савецкі Саюз...”
(Баравікова: ) “Я проста прыклад прывяла — што адбывалася з накладамі. Потым, калі часопіс паўгоду не выходзіў, вы што, думаеце — усе адразу кінуцца падпісвацца? Да таго ж, індывідуальная падпіска заўсёды была невялікая, гэта асабістае права чалавека, на што яму падпісвацца. Наклад выданьня заўсёды вызначаўся ведамаснай падпіскай, бібліятэкамі — грамадзкімі й школьнымі”.
(Скобла: ) “А вы не дапускаеце такой думкі, што ў пэўны момант ваш заснавальнік і фундатар — міністар інфармацыі спадар Падгайны — грукне кулаком па стале й скажа: ня трэба нам такіх часопісаў, якія ня маюць падпісыкаў. І спыніць фінансаваньне. І апэляваць, сапраўды, ня будзе да каго... Станоўчай дынамікі ж няма”.
(Баравікова: ) “Станоўчая дынаміка ёсьць! Я думаю, што вы не адмовіце — “Маладосць” мае шыкоўны зьнешні выгляд, вокладка на крэйдаванай паперы друкуецца, дызайн сучасны. Я думаю, што зь цягам часу ўсё гэта павінна спрацаваць”.
(Скобла: ) “Вось жа нядаўна ў сваім “пасланьні парлямэнту” Аляксандар Лукашэнка даў каманду ўсім бібліятэкам падпісацца на дзяржаўныя выданьні. Ці гэта так, пусты гук?”
(Баравікова: ) “Вынік можа быць толькі пасьля 1 ліпеня, калі закончыцца чарговая падпіска. Мы чамусьці забываем, што “Маладосць”, як і шэраг другіх выданьняў, — дзяржаўныя, яны фінансуюцца зь беларускага бюджэту. У Расеі ж зусім іншая сытуацыя — там усе выданьні даўно прыватныя. І калі беларускія бібліятэкі падпісваюцца на “Крестьянку” ці “Лизу” (а яны ўпарта падпісваюцца!), то гэта значыць, што мы грашамі нашых падаткаплатнікаў падтрымліваем расейскі інфармацыйны бізнэс. Навошта гэта?! Увага найперш павінна быць да родных дзяржаўных выданьняў”.
(Скобла: ) “Гадоў зь дзесяць пры “Маладосці” выходзіла ў сьвет бібліятэчка — 12 кніжак штогод. Ці зьбіраецеся вы яе нейкім чынам адрадзіць?”
(Баравікова: ) “Гэта наш боль. Сёньня ўсё ўпіраецца толькі ў фінансавыя сродкі. Як толькі ў нас зьявіцца такая магчымасьць...”
(Скобла: ) “Даруйце, але мне здаецца, што такая магчымасьць у вашай рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура й мастацтва”, якою кіруе Таіса Бондар, ёсьць. Нядаўна, прыкладам, там выдалі паэтычную кнігу сумнеўнай якасьці супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта Эдуарда Скобелева. Заплянавана да выданьня яшчэ некалькі кніг. І грошы знаходзяцца”.
(Баравікова: ) “Міністэрства інфармацыі выдзяляе нам сродкі выключна “пад нешта”. Калі б нам далі на бібліятэчку…”
(Скобла: ) “А вы там у сваёй “рэдакцыйна-выдавецкай установе” ня можаце пераразьмеркаваць сродкі?”
(Баравікова: ) “Мы такога права ня маем. Усё гэта сёньняшнім часам непамерна складана”.
(Скобла: ) “Вы здолелі паразумецца з пакаленьнем 40-гадовых. Я, пагартаўшы абноўленую “Маладосць”, убачыў на яе старонках творы Алеся Наварыча, Адама Глёбуса, Андрэя Федарэнкі. Але няма ў часопісе ні Янкі Брыля, ні Рыгора Барадуліна, ні Ніла Гілевіча, ні Генадзя Бураўкіна. Вас гэта не трывожыць?”
(Баравікова: ) “Калі б сёньня нам перадаў свой твор Васіль Уладзімеравіч Быкаў, мы былі б толькі ўдзячныя й лічылі б гэта для сябе за гонар. Тое ж тычыцца Янкі Брыля й Генадзя Бураўкіна. У нас атрымаўся невялікі казус зь Нілам Сымонавічам Гілевічам. Мы папрасілі ў яго вершы, і ён нам іх прынёс, дарэчы, вельмі добрыя творы. Але здарыўся юбілей Міхася Пташука, і ўдава прынесла нам невядомы й вельмі цікавы кінасцэнар. І нам трэба было выбіраць паміж Гілевічам і Пташуком. Мы надрукавалі сцэнар”.
(Скобла: ) “Вершам Гілевіча, вы хочаце сказаць, не хапіла месца?”
(Баравікова: ) “Ня тое што не хапіла, але нечым трэба было ахвяраваць. Мы проста перанесьлі яго вершы зь першага на другі нумар. Але Ніл Гілевіч вырашыў, што для яго лепш пакрыўдзіцца, ён прыйшоў і забраў свае творы, сказаўшы, што пакуль ён пачакае друкавацца ў “Маладосці”.
(Скобла: ) “Нядаўна былі абвешчаныя ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры. Сярод іх няма паэтаў. Няўжо яны нічога вартага не стварылі? Ці — нечым не дагадзілі дзяржаве?”
(Баравікова: ) “Гэта складанае пытаньне. За аднаго паэта Камітэт па Дзяржаўных прэміях прагаласаваў”.
(Скобла: ) “Вы, здаецца, сябра гэтага камітэту...”
(Баравікова: ) “Так, я — член камітэту. Прагаласаваў за Віктара Гардзея. Ён выдатны лірык, да таго ж у яго біяграфіі ёсьць гэткі цікавы факт: у Ганцавічах землякі назвалі яго імем вуліцу, так яго паважаюць. І для нас было непрыемна даведацца, што Віктару не прысуджаная прэмія”.
(Скобла: ) “Я дзесьці вычытаў, што вы вельмі жадаеце трапіць на прыём да прэзыдэнта краіны. Што вы яму хочаце сказаць? Скажыце — а раптам пачуе”.
(Баравікова: ) “Калі б мяне запрасіў да сябе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, я б, безумоўна, пайшла. Я расказала б яму пра сытуацыю, якая склалася з нацыянальнай літаратурай. Дарэчы, гэта было традыцыяй, першыя асобы Беларусі заўсёды цікавіліся літаратурай, кантактавалі зь пісьменьнікамі. Згадайце Машэрава. Альбо, калісьці я бачыла здымак: Яўген Еўтушэнка з Джонам Кенэдзі падчас паездкі ў ЗША, прычым на кватэры ў Кенэдзі. І дата стаяла. Еўтушэнку тады было 32 гады. Улады заўсёды зь пісьменьнікамі лічыліся, да іх думкі прыслухоўваліся…”
(Скобла: ) “А калі не прыслухоўваюцца, ня лічацца...”
(Баравікова: ) “Ат, я нічога пра гэта ня ведаю...”
(Скобла: ) “Зірнуўшы на студыйны гадзіньнік, мушу задаць апошняе пытаньне. Вы — лірык, і кнігі вашы называюцца адпаведна: “Каханьне”, “Сад на капялюшыку каханай”. Што трэба рабіць, каб каханьня, любові ў нашым жыцьці большала?”
(Баравікова: ) “Калі мы пачнем паважаць і любіць сябе, то палюбім і свае сем’і, і сваю дзяржаву. Часьцей трэба да мастацтва зьвяртацца. Полымем, сьвятлом мастацтва чалавек асьвятляецца і натхняецца. Талент — гэта пацалунак Божы, а Бог ёсьць любоў. Дык трэба ж з гэтага й зыходзіць, трэба жыць паводле любові, адпаведна ставіцца да свайго бліжняга й разумець яго”.