Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬНЯТЫ З ПАСАДЫ РЭДАКТАР БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ГАЗЭТЫ “ЗАРЯ” ПЁТАР ЦІШУК


Алег Супрунюк, Берасьце

Заснавальнiкамi газэты “Заря” ёсьць Берасьцейскi аблвыканкам, абласны савет дэпутатаў i калектыў рэдакцыi. Але супрацоўнiкi газэты самi былi зьдзiўленыя паведамленьнем пра звальненье Пятра Цiшука з пасады галоўнага рэдактара. Гэтыя абавязкi ён выконваў крыху больш за тры месяцы i толькi нядаўна зь iм быў падпiсаны паўнавартасны працоўны кантракт.

Раптоўная адстаўка Пятра Цiшука афiцыйна тлумачыцца ягоным пераходам на iншую працу. Цяпер ён прызначаны намесьнiкам галоўнага рэдактара часопiсу “СЭЗ”, якi апошні час не выходзiць.

Журналiсты “Зари” ў прыватных размовах кажуць, што прычына для звальненьня спадара Цiшука палягае ў рашэньнi суду, паводле якога рэдакцыя павiнна абвергнуць несапраўдныя зьвесткi ў адной з публiкацыяў i сплацiць 500 тысяч рублёў за нанесеныя маральныя страты. У згаданай публiкацыi шэраг прадстаўнiкоў палiтычных партыяў i грамадзкiх аб’яднаньняў Баранавiчаў абвiнавачвалiся ў шматлiкiх злоўжываньнях i нават антыдзяржаўнай дзейнасьцi.

Пётар Цiшук пагадзiўся з судовым рашэньнем i адмовiўся яго аспрэчваць, нягледзячы на цiск з боку адказных чыноўнiкаў аблвыканкаму.

Але ёсьць i яшчэ адна вэрсiя адстаўкi рэдактара “Зари”. Напярэдаднi 85-х угодкаў стварэньня Беларускай Народнай Рэспублiкi ў газэце зьявiўся артыкул пад назовам “Яна была ў нашай гiсторыi”. Артыкул надрукаваны на беларускай мове, а ягоны аўтар зрабiў выснову, што хоць у простым сэнсе БНР не была дзяржавай, але падзеi, зьвязаныя зь яе стварэньнем, сталiся першым крокам барацьбы за беларускую незалежнасьць.

У Берасьцейскiм аблвыканкаме гэты артыкул успрынялi вельмi нэрвова. Галоўнага рэдактара “Зари” пачалi абвiнавачваць у прыхiльным стаўленьнi да апазыцыi й нагадалi пра ягоную дзейнасьць у Пiнску на пачатку 90-х гадоў. Тады Пётар Цiшук уваходзiў у групу дэпутатаў мясцовага гарсавету, што прытрымлiвалiся дэмакратычных поглядаў. Апошнiя гады, да прызначэньня рэдактарам абласнога выданьня, спадар Цiшук працаваў уласным карэспандэнтам “Народнай газеты”.

Цяпер пасада галоўнага рэдактара “Зари” застаецца незанятай. Але журналiсты газэты перакананыя, што, як i раней, нiхто не зьбiраецца зь iмi раiцца наконт магчымай кандыдатуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG