Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДАЎГІ ШЛЯХ АД ПЕРАМОГІ”

Юры Дракахруст, Прага

Газэта паведамляе, што прэзыдэнт Буш прызямліўся на палубу авіяносца “Абрагам Лінкальн”, апрануты ў форму пілёта марской авіяцыі. Ягоная прамова, зьвернутая да маракоў і лётчыкаў, трансьлявалася на ўсю Амэрыку. Паводле “New York Times”, амэрыканскае войска прадэманстравала сваю мужнасьць, скінуўшы пачварную дыктатуру хуткай і рашучай ваеннай кампаніяй. Але і сам прэзыдэнт у сваёй прамове адзначыў, што праца Амэрыкі далёкая ад завяршэньня. “New York Times” падкрэсьлівае, што забесьпячэньне сталага міру ў Іраку стане для Злучаных Штатаў больш цяжкой справаю, чым ваенная перамога. Газэта прыгадвае, што мільёны іракцаў сутыкаюцца з крахам сыстэмы аховы грамадзкага парадку, пакутуюць ад адсутнасьці вады, электрычнасьці і мэдычнага забесьпячэньня. Праблемаю застаецца і бясьпека, пра што сьведчаць інцыдэнты ў горадзе Фалуджа.

Паводле зьвестак “New York Times”, у хуткім часе амэрыканская адміністрацыя прызначыць галоўным адміністратарам Іраку Пола Брэмера – вопытнага дыплямата і адмыслоўца ў пытаньнях тэрарызму. Ён заменіць Джэя Гарднэра, былога генэрала, які ўзначаліў часовую адміністрацыю месяц таму.

“New York Times” паведамляе, што дзеля забесьпячэньня парадку ў Іраку амэрыканскія сілы далучаюць да гэтай справы ваенізаваныя групоўкі курдаў, сунітаў і шыітаў. Аднак выданьне ня лічыць гэта добрым рашэньнем, паводле “New York Times” гэтую праблему трэба вырашаць амэрыканскімі сіламі, паслаўшы ў Ірак вялікі кантынгент ваенных паліцэйскіх. Да чаго трэба як мага шырэй далучаць іракцаў, дык гэта да хутчэйшай адбудовы грамадзянскай і эканамічнай інфраструктуры краіны. Ірак ня мае дэфіцыту ў кампэтэнтных інжынэрах, дактарах ды іншых прафэсіяналах, – піша газэта.

Паводле “New York Times”, не зьяўляецца аптымальным і намер Пэнтагону як мага хутчэй сфармаваць пераходны ўрад у Іраку. Такія намеры – лічыць “New York Times” – дадуць перавагу лепш арганізаваным суполкам выгнаньнікаў і рэлігійным групоўкам. Больш працяглы працэс фармаваньня ўлады дазволіў бы далучыць і іншых кандыдатаў, што забясьпечыла б большую стабільнасьць у будучыні.

“New York Times” піша, што з самага пачатку вайны ні ў кога не было сумневу ані ў амэрыканскай перамозе, ані наконт таго, што пра зьніклы рэжым Хусэйна ніхто ў сьвеце не пашкадуе. Сумнеў быў і застаецца ў тым, ці хопіць адміністрацыі Буша цярпеньня аднавіць Ірак і адчыніць яму шлях да стабільнага і гуманнага існаваньня. На думку “New York Times”, хаатычная сытуацыя ў Афганістане ня сьведчыць пра вялікі талент амэрыканцаў у справе спрыяньня нацыянальнай пабудове. Гэтак і ў пасьляваенным Іраку эфэктыўнасьць амэрыканскага кіраваньня значна саступае эфэктыўнасьці амэрыканскай ваеннай апэрацыі. Але яшчэ ёсьць час, каб дамагчыся лепшага, – такімі словамі завяршаецца атрыкул у “New York Times”.
XS
SM
MD
LG