Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЗ КУЛЬТУРНАЙ ПАШЫ ЧЫСТАГА МАЛАКА НЕ БЫВАЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёлетні пашавы сэзон моцна азадачыў жыхароў вёскі Калініна Пакалюбіцкага сельскага савету, што знаходзіцца па шляху ад абласнога цэнтру на Ветку. Распавядае Надзея Трушкіна:

(Трушкіна: ) “Каровы няма дзе пасьвіць. Перааралі ўвесь луг. Цалкам. Малако хочуць, каб у калгас здавалі, у Пакалюбічы, а пашы каровам няма ніякай. Мы сваю карову на прывязі трымаем”.

Старшыня Пакалюбіцкага сельскага савету Ўладзімер Чэркас патлумачыў, што наконт перааранай сенажаці трэба разьбірацца са старшынём калгасу імя Леніна Віктарам Парадзіным. Землямі распараджаецца калгас, а не савет. Зрэшты, менавіта ад калгасаў і фінансаваньня залежыць стварэньне пашаў для жывёлы прыватных гаспадарак, у тым ліку і ў раёнах, моцна забруджаных радыяцыяй. Чарнобыльскі камітэт павінен плянаваць на гэта сродкі.

Аднак праграма стварэньня культурных пашаў (паўгектара на карову на выпас, паўгектара — на сенакос) з году ў год не выконваецца. У прыватнасьці, летась у рэгіён ад Камчарнобылю паступіла толькі 66% грошай, прадугледжаных на гэтую мэту. Як вынік, для кароваў прыватнікаў не прыведзена ў парадак каля 1 тысячы гектараў пашаў.

Людзі выганяюць жывёлу на забруджаныя радыяцыяй няўдобіцы і ў лясы. Амаль у 200 населеных пунктах рэгіёну санслужба пэрыядычна рэгіструе наяўнасьць малака з высокім утрыманьнем радыяцэзію. Асабліва шмат забруджанага малака выяўляецца ў вяскоўцаў Брагінскага, Лельчыцкага, Чачэрскага раёнаў.

На сёлета рэгіянальная чарнобыльская ўправа заплянавала стварыць культурную пашу ў 187 вёсках — агульным памерам звыш 5200 гектараў. Што з гэтага атрымліваецца, сьведчыць кіраўніца аддзелу радыяцыйнай абароны Галіна Акушка:

(Акушка: ) “На ўсё на гэта мы просім у Камчарнобылю 3 мільярды 778 мільёнаў рублёў. Такая заяўка. Што нам дадуць, невядома. Дамова не заключаная, фінансаваньня не адкрылі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG