Паводле загадчыка аддзелу Марыі Сачок, на выставе зьмешчаныя дакумэнты, зьвязаныя з распаўсюджваньнем “Мужыцкай праўды”, а таксама — з пошукамі Кастуся Каліноўскага, якія вяла паліцыя. Ёсьць паперы, якія датычаць радаводу Каліноўскіх.
Сапраўды, тут рапарты пра знойдзеныя нумары газэты “Мужыцкая праўда” — на вуліцы ў Дзятлаве альбо ў жыхары вёскі Грандзічы. У архіве ёсьць трэці, чацьверты і пяты нумары газэты. Гэта маленькі аркушык кніжнага фармату, задрукаваны з двух бакоў. Ёсьць і сёмы нумар, які выходзіў фарматам А4 — тэкст толькі з аднаго боку. Газэту прыклейвалі на слупы, на сьцены, як улётку.
У архіўных зборах цэлая справа за 1863 год на 145 старонак. Яна датычыць знойдзеных у Гарадзенскай губэрні праклямацыяў, адозваў, рэвалюцыйных вершаў і “Мужыцкай праўды”. Гартаць пажоўклыя паперы вельмі цікава. Апроч газэты, захаваліся іншыя друкаваныя матэрыялы на беларускай мове лацінскім шрыфтам.
На выставе ёсьць рапарт аб сакрэтным наглядзе за хутарам бацькоў Кастуся Якушоўкай. Толькі ў 1865 годзе царскую камісію зацікавіла асоба ягонага брата Віктара, які не дажыў да паўстаньня. У рапарце паведамляецца, што ён “з волі божай памёр”.
У архіўных зборах захаваліся матэрыялы допыту бацькі Кастуся — Сымона Каліноўскага. Паводле Марыі Сачок, апошнім часам у архіве займаюцца вывучэньнем радаводу Каліноўскіх.