У амбасадзе ЗША ў Менску пацьвердзілі факт намінаваньня новага кіраўніка дыпмісіі, аднак пакуль ад камэнтароў устрымліваюцца. Не гавораць таксама, калі новы амбасадар прыбудзе ў Беларусь. Але відавочна, што працэдурныя справы займуць пэўны час. Цяперашні амбасадар Майкл Козак, напрыклад, два месяцы чакаў зацьверджаньня ў сэнаце.
Майкл Козак працуе на пасадзе амбасадара ЗША ў Менску менш за тры гады, і беларускія ўлады ставіліся да яго з пэўнай насьцярогай. Спадар Козак прыбыў у Менск у кастрычніку 2000 году, аднак даверчыя лісты змог перадаць А.Лукашэнку толькі 22 лютага 2001 году — Лукашэнка доўга адмаўляўся сустракацца са спадаром Козакам.
Беларускія ўлады разьлічваюць на больш шчыльнае супрацоўніцтва з новым амбасадарам ЗША. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Беларускі бок даў згоду на прызначэньне новага амбасадара ЗША Рэспубліцы Беларусь Джорджа Крола. Гэта плянавая замена амбасадараў. Трэба падкрэсьліць, што Джордж Крол ужо працаваў у Беларусі, і яму не спатрэбіцца шмат часу, каб увайсьці ў курс справаў. Мы разьлічваем на плённую працу з новым амбасадарам, каб якасна палепшыць беларуска-амэрыканскія дачыненьні”.
Тым часам новапрызначаны беларускі амбасадар у ЗША Міхаіл Хвастоў пакуль ня выляцеў у Вашынгтон, але гэта адбудзецца неўзабаве, — кажа спадар Савіных.
Намінаваны на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі Джордж Крол закончыў Гарвардзкі й Оксфардзкі ўнівэрсытэты, працаваў у амбасадах ЗША ў Менску, Кіеве, Маскве, быў дырэктарам Офісу расейскіх справаў Дярждэпартамэнту.
Спадара Крола ў Менску многія ведаюць. На пачатку 1990-х гадоў ён быў намесьнікам першага амбасадара ЗША ў Беларусі Дэвіда Суорца, а пасьля ягонага ад’езду выконваў абавязкі часова паверанага ў справах.
Гаворыць колішні намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:
(Саньнікаў: ) “Я сустракаўся зь ім, калі ён выконваў абавязкі часовага паверанага. Ён застаў яшчэ той пэрыяд, пачатак 90-х, які быў вельмі цікавым увогуле для гісторыі Беларусі. Мяркую, што ён проста зараз не пазнае краіну, калі прыедзе: тое, што тады рабілася і якія былі адносіны з ЗША, зь якімі вяліся перамовы па раззбраеньні, вырашэньня пытаньня правапераемнасьці па дамове аб ядзернай зброі, але гэта цягнула за сабой і іншыя кантакты, іншыя вельмі плённыя перамовы, падпісаньне дакумэнтаў з амэрыканскім бокам. Менавіта амэрыканцы тады былі найбольш актыўнай краінай, прадстаўленай тут у Беларусі. І асабіста ў мяне захаваліся самыя найлепшыя ўражаньні ад спадара Крола”.
Андрэй Саньнікаў лічыць, што цяпер патрэбна аднавіць ранейшыя прыязныя адносіны Беларусі й ЗША — пры іншых палітычных абставінах. І новы амбасадар можа прапанаваць нейкія зьмены ў працу дыпмісіі, — кажа спадар Саньнікаў.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама сустракаўся з Джорджам Кролам, ён называе яго высокапрафэсійным дыпляматам, і лічыць, што зь ім будзе лёгка працаваць прадстаўнікам як апазыцыі, гэтак і ўладаў.
(Лябедзька: ) “Я разглядаю гэта як выключна плянавую ратацыю, гэта ня той выпадак, калі наш беларускі амбасадар 5–6 гадоў знаходзіцца ў той ці іншай краіне, у амэрыканцаў — дакладна тры гады. Што датычыць самой асобы і якая будзе палітыка — палітыку вызначае не амбасадар, ня Козак, ня Крол, палітыку выпрацоўвае ўрад ЗША і Дзярждэпартамэнт. Таму я ня думаю, што з прыездам новага амбасадара нешта зьменіцца ў стасунках ЗША і Беларусі”.
Анатоль Лябедзька лічыць, што, магчыма, невыпадкова прэзыдэнт Буш намінаваў новага амбасадара ў той жа дзень, калі афіцыйна абвесьціў пра заканчэньне вайсковай апэрацыі ў Іраку: Беларусь застаецца болевым пунктам у зьнешняй палітыцы Злучаных Штатаў, якія гатовыя да паляпшэньня двухбаковых стасункаў толькі ў адказ на станоўчыя зрухі ў Беларусі, — упэўнены А.Лябедзька.