Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШАЯ АМЭРЫКАНСКАЯ ВАЙСКОВАЯ БАЗА ЗЬЯВІЦЦА Ў ПОЛЬШЧЫ ЎЖО Ў 2006 ГОДЗЕ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле інфарматараў “Gazety Wyborczej”, першая амэрыканская база паўстане ў мястэчку Кшэсіны каля Познані, на захадзе Польшчы. Цяпер там знаходзіцца аэрадром, на якім разьмешчаная эскадра польскіх зьнішчальнікаў. Плянуецца, што ў 2006 годзе да польскай авіяцыі далучацца і 16 зьнішчальнікаў войска ЗША, якія будуць перанесеныя зь Нямеччыны.

Гэта выглядае дастаткова праўдападобна, бо менавіта ў Кшэсінах палякі зьбіраюцца трымаць самалёты F16, амаль 4-мільярдны кантракт на закупку якіх польскі ўрад падпісаў нядаўна з амэрыканскай фірмай “Lockhead-Martin”. Такім чынам, польскія лётчыкі будуць мець добрую магчымасьць на месцы кансультавацца з амэрыканскімі калегамі ў справе абслугоўваньня новых машынаў.

“Gazetа Wyborczа” піша таксама, што акрамя Кшэсін, шанец на разьмяшчэньне амэрыканскіх вайсковых базаў маюць яшчэ некалькі польскіх мястэчак, у тым ліку і Мінск-Мазавецкі, які месьціцца на адлегласьці прыкладна 150 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Паводле польскага штодзёньніка, цяперашняя амэрыканская адміністрацыя, у тым ліку і дзяржсакратар у справах абароны Дональд Рамсфэльд, ёсьць гарачым прыхільнікам пераносу вайсковых базаў зь Нямеччыны на ўсход. Гэта дазволіць значна зьмешыць кошты іх утрыманьня, а таксама ўзмацніць партнэрскія дачыненьні зь дзяржавамі-сябрамі НАТО ва Ўсходняй Эўропе. Акрамя іншага, Вашынгтон ня хоча, каб Нямеччына зарабляла мільёны даляраў на ўтрыманьні базаў у той час, як яе ўрад не падтрымаў амэрыканскай апэрацыі ў Іраку.

Польскі ўрад, і асабліва прадстаўнікі мясцовых самаўрадавых ворганаў шматкроць заяўлялі, што гатовыя прыняць амэрыканскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі. Акрамя справаў палітычных, праз гэта ў Польшчы спадзяюцца вырашыць і частку эканамічных праблемаў.

Прыбыткі нямецкага мястэчка, каля якога месьціцца амэрыканская вайсковая база, ад яе абслугоўваньня могуць складаць нават мільярд даляраў у год. Цяпер гэтыя грошы могуць атрымаць палякі.

Перанос амэрыканскіх ваенных базаў зь Нямеччыны ў Польшчу выглядае тым больш праўдападобна, што напярэдадні Дэпартамэнт абароны Злучаных Штатаў афіцыйна абвесьціў аб заплянаваным закрыцьці 5 амэрыканскіх базаў у Нямеччыне.

А ў найбліжэйшую нядзелю ў Вашынгтон накіруецца міністар аброны Польшчы Ежы Шмайдзіньскі. У часе перамоваў з Дональдам Рамсфэльдам хутчэй за ўсё будуць канчаткова вырашаныя пытаньні пераносу вайсковых базаў у Польшчу.

Некалькі месяцаў таму, калі пытаньне аб магчымым разьмяшчэньні амэрыканскіх жаўнераў на тэрыторыі Польшчы зьявілася ўпершыню, шмат гаварылася пра супраціў Расеі. Варшава, аднак, завіла, што як сябра блёку НАТО Польшча мае права дазволіць разьмяшчэньне вайсковых адзінак хаўрусьнікаў на сваёй тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG