Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУРАЎ


Ягор Маёрчык, Тураў

У мястэчку ўсяго адзін вулічны ліхтар. За ягоным выключэньнем, населены пункт асьвятляецца зоркамі, месяцам, вокнамі хатаў і (па вялікіх праваслаўных сьвятах, часам начных набажэнстваў) дадаецца сьвятло сьвечак.

Такія асаблівасьці вулічнай ілюмінацыі небясьпечныя для жыцьця месьцічаў. У Варвары Радзівонавай ня так даўно загінуў муж.

(Радзівонава: ) “У мяне гаспадар зваліўся ў яму ды забіўся. Машына ехала ды зьбіла маладога мужчыну. А сьвятла даўно ўжо няма. Усюль гэтая эканоміка, а людзі гінуць. Па Ленінскай вуліцы няма сьвятла. Выйдзеш на вуліцу — нязручна. Машыны ідуць гэтай цэнтральнай вуліцай, а на ёй няма сьвятла! Усе зьдзіўляюцца, усе пра гэта гавораць”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі да мясцовых уладаў зьвярталіся? Што тыя кажуць?”

(Радзівонава: ) “Сказалі, што плаціць няма чым. У нас Тураў стаў горш за тую вёску”.

Некалі ў часе камандзіроўкі ў Жыткавічы выпадала чуць, што тутэйшыя палешукі размаўляюць не па-беларуску, але й не па-расейску: яны карыстаюцца “тураўскай” мовай. Непасрэдна ў мястэчку дзьве лінгвістычныя асаблівасьці — мясцовая гаворка й цыганская мова. Гэтая гучыць вельмі ўпэўнена, бо ейныя носьбіты жывуць тут стагодзьдзі.

Натальля Батура раскрывае адзін з сакрэтаў, як суполка захоўвае нацыянальныя традыцыі:

(Батура: ) “Я старэйшаму сыну загадала, каб у хаце не размаўлялі па-расейску, а каб толькі па-цыганску. Цыганская мова — гэта ад Бога. Не згубілі яе, свае законы”.

(Карэспандэнт: ) “А цыгане ведаюць беларускую мову?”

(Батура: ) “Ну а як жа! Вядома, ведаюць. Вось дзе, у якой краіне жывуць, там яны гэтым і напітаныя: той моваю і тымі звычкамі”.

(Карэспандэнт: ) “Галоўная праблема ў жыцьці цыганаў Турава?”

(Батура: ) “Цыгане пачуваюцца людзьмі другога гатунку. Я часта прыглядалася, і вельмі гэта адчуваецца. Асабліва на дзецях. Дарослыя цыганка ці цыган страсянуў гэта і пайшоў. А вельмі ад гэтага пакутуюць дзеці. Дзяцей шкода”.

(Карэспандэнт: ) “Чым цыгане ў Тураве займаюцца?”

(Батура: ) “Шмат хто зарэгістраваны як прадпрымальнік”.

(Карэспандэнт: ) “Як ідзе бізнэс?”

(Батура: ) “Прайшоў Новы год і Каляды. Людзі выбіліся з капейкі. Няма ў людзей грошай і ў цыганаў — таксама. Вельмі цяжкі месяц для цыганскага жыцьця”.

Веліч Турава засталася ў мінулым. Менавіта такое ствараецца ўражаньне часам вандроўкі па вуліцах мястэчка. Помнікаў мінуўшчыны ці нават нейкіх напамінаў пра славутую гісторыю — няма. Вылючэньне — каменны Кірыла Тураўскі, што самотна стаіць на замкавай гары. Аднаведна й турысты тут — вялікая рэдкасьць. А тых, якія й зьяўляюцца, вабіць не сталіца старажытнага княства, а блізкі Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Нешматлікія замежныя вандроўнікі, якія наведваліся ў Тураў апошнім часам, падмецілі мясцовую традыцыю. На іхны погляд, вельмі дзіўную. Паводле апісаньня, выглядае ўсё наступным чынам: тутэйшых жыхароў вельмі часта можна засьпець за нетаропкім баўленьнем часу ў кампаніі адно аднаго. Проста сядзяць і размаўляюць, зранку, удзень і надвячоркам. Замежнікам гэта кінулася ў вочы, бо ў іх людзі ў гэты час звычайна нечым занятыя. Але ня ўсё так проста.

У мястэчку шмат беспрацоўных. Зь пералічаных у даведніку кансэрвавага заводу, хлебапякарні, камбінату бытавога абслугоўваньнья і будаўнічай арганізацыі ацалела толькі будаўнічая арганізацыя.

(Карэспандэнт: ) “Людзі чым займаюцца?”

(Спадарыня: ) “Парнікамі. Штотрэці ў нас у Тураве займаецца агуркамі. Інакш тут не пражывеш. Атрымліваем мізэрныя заробкі: 40–60 тысяч. Людзі сядзяць на адным хлебе. І каб ня гэтыя агуркі, ці ты красьці ідзі, ці тапіцца. Хто 500 даляраў зарабляе, хто 700, хто тысячу”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта дзеліцца на год?”

(Спадарыня: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А канкурэнцыя вялікая ў агурках?”

(Спадарыня: ) “Вялікая, вядома. Закупшчыкі кошты ўсталёўваюць, а ня людзі. Па 100 рублёў, па 80 за кіляграм. І людзі здаюць. Якую цану загадаюць, па той мусіш і здаваць. Тым больш, што ў калгасе грошай не даюць тры-чатыры месяцы, а за кватэры трэба аплачваць. Нам трэба, каб у раёне думалі пра гэты Тураў. А раён толькі думае пра сябе ды як яшчэ з Турава забраць штосьці. Адзінае што — у нас гэты Кірыла Тураўскі стаіць, і яны яго ня могуць у Жыткавічы перацягнуць. Гэты помнік — нашая старажытнасьць, менавіта тураўская. Каб маглі Жыткавічы забраць у нас Кірылу Тураўскага, яны бы забралі яго з нагамі й вантробамі!”

Для месьцічаў парнікі— адзін зь нешмалікіх паратункаў. А старшыня пасялковага савету Мікалай Арцюшка ўважае вымушаную агуркагадоўлю за станоўчую рысу.

(Арцюшка: ) “Самае найлепшае ў жыцьці тураўчанаў — гэта тое, што яны пачалі займацца вырошчваньнем агуркоў. Гэта добрая дапамога да сямейнага бюджэту. Пасьля гэтага шмат хто пачаў будавацца. На дадзенны момант за ўласныя грошы тураўцаў у нас будуецца каля трыццаці жылых дамоў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці маюць улады аўтарытэт?”

(Арцюшка: ) “Ці мае ўладу павагу, ці не — пра гэта лепей запытацца ў нашых людзей. Тое, што ў вочы скажуць — гэта адно, а як падумаюць — гэта зусім іншае”.

Зь іншых станоўчых адметнасьцяў мястэчка варта згадаць незалежны штомесячнік “Вольныя навіны”. Выданьне прадстаўляе галоўны рэдактар Міхал Козел:

(Козел: ) “Мэта выданьня — пашырэньне інфрамацыйнай прасторы, стварыць нейкую альтэрнатыву афіцыйнай газэце. 12 падпісчыкаў у раёне. Выданьне асьвятляе палітычнае, эканамічнае. культурнае жыцьцё нашай мясцовасьці. На жаль, абараніць, канкрэтна дапамагчы чалавеку ня можам. Хаця людзі лічаць, што калі яны зьмесьцяць нейкі крытычны матэрыял у “Вольных навінах”, улады павінны адрэагаваць. Мясцовыя ўлады дэманстрацыйна не заўважаюць “Вольных навінаў”. Але неафіцыйна яны вельмі прыхільныя да выданьня”.

Калі выхаду чарговага нумару незалежнага выданьня трэба чакаць месяц, а жыткавіцкая раёнка зьяўляецца два разы на тыдзень, самы хуткі сродак масавай інфармацыі — сыстэма АБС (адна бабка сказала). Што да апошніх падзеяў навіна пра тутэйшы шпіталь абмяркоўваецца часьцей за астатнія. Цьвердзяць, што мэдычная ўстанова супрацоўнічае з Пэнтагонам — вайскавым ведамствам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Як доказ узгадваюць, што галоўнага лекара ўжо некалькі разоў адведвалі афіцэры-замежнікі.

Каб даведацца, што ды як, крочу ў шпіталь. Аказваецца, што ён перамог у конкурсе. У верасьні з дапапогай амбасады ЗША тут зьявіцца рэабілітацыйны цэнтар з сучасным абсталяваньнем.

Вось фрагмэнт маёй размовы з галоўным лекарам Ірынай Сяргейчык:

(Сяргейчык: ) “Гэтыя сумы на дабрачынную дапамогу выдзяляе Абарончае ведамства Злучаных Штатаў. Гучна так і кажуць, што Пэнтагон займаецца гэтымі праграмамі. Таму можна і сказаць, што абсталяваньне з Пэнтагону”.

(Карэспандэнт: ) “Паміж Беларусяй і ЗША ня самыя цёплыя адносіны. Вы фактычна зьяўляецеся дзяржаўным чыноўнікам і вы не пабаяліся?”

(Сяргейчык: ) “Не. Лекар — не палітык. Ён мусіць выкарыстоўваць усе сродкі, каб пацыенту зрабіць лепей. Часам апошняга візыту мы кантактавалі амаль увесь дзень. І ніхто ніякіх палітычных пытаньняў мне не задаваў. І ніхто не спрабаваў знаходзіць у гэтым апраўданьне сваім пазыцыям”.

Мяркую, што трэба вярнуцца да самай галоўнай (у разуменьні месьцічаў) праблемы. Тураўскі раён скасавалі ў 1960-я. Прайшло 40 гадоў, а жыхары ніяк ня могуць зьмірыцца са згубай такона статусу.

Фёдар Пятрычыц — адзін з самых перакананых прыхільнікаў адраджэньня адміністрацыйнай самастойнасьці мястэчка.

(Карэспандэнт: ) “Мястэчка Тураў ня мае статусу раённага цэнтру. Якія дачыненьні паміж Жыткавічамі і Туравым сёньня?”

(Пятрычыц: ) “Самая мяккая фармулёўка — напружанасьць паміж тураўцамі й жыткаўцамі. Узьнікла яна з-за таго. што Тураў у заняпадзе. Ну, сапраўды звычайная вёска, як тут ні круці. А Жыткавічы з глухой забітай вёскі на балотах пераўтвараецца ў горад. Коштам Турава”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі пакутуюць адтаго, што Тураў ня мае статусу раённага цэнтру. Калі б яго аднавілі, чым бы гэта дапамагло мястэчку?”

(Пятрычыц: ) “Гэта было б штуршком для адраджэньня Турава. А пра аднаўленьне статусу цяпер і казаць не выпадае. Знойдзецца тысяча прычынаў, каб гэта не рабіць”.

Жаданьне аднавіць незалежнасьць яднае народ і ўладу. Той жа местачковы вэртыкальнік Мікалай Арцюшка адкрыта заяўляе:

(Арцюшка: ) “Я толькі за тое, каб Тураў быў самастойным”.

(Карэспандэнт: ) “Сабралі бы подпісы...”

(Арцюшка: ) “Ужо зьбіралі шмат разоў. Але раённы цэнтар не аднавілі. Няма ў нас патрыятызму. Калі б мы былі літоўцамі, гэта было бы абавязкова”.

А зь мясцовым патрыятызмам таксама цяжкасьці. Маўляў, проста ня склалася, бо, як тут перакананыя, у гістарычнай навуцы Беларусі існуе “полацкае лобі”. Вось каб хто напісаў кнігу “Таямніцы тураўскай гісторыі”, гэта магло б стаць штуршком для адраджэньня мятстэчка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG