Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗРАІЛЬСКІЯ ВОЙСКІ ПРАВЯЛІ РЭЙДЫ НА ПАЛЕСТЫНСКІЯ ТЭРЫТОРЫІ Ў АДКАЗ НА ЎЧОРАШНІ ТЭРАКТ У ТЭЛЬ-АВІВЕ


Юры Дракахруст, Прага

Плян, прэзэнтаваны прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, ставіць на мэце стварэньне на працягу 3 гадоў паўнавартаснай незалежнай палестынскай дзяржавы. Ён быў распрацаваны Злучанымі Штатамі, Эўразьвязам, Расеяй і ААН.

Гэта ня першы плян мірнага ўрэгуляваньня застарэлага канфлікту, аднак прадстаўляючы яго, прэзыдэнт Буш заявіў наступнае: “Я аптыміст. Я лічу што зараз, калі палестынцы сфармавалі ўрад, які адназначна заявіў пра неабходнасьць змагацца з тэрорам, мы маем вялікія шанцы на тое, каб зрушыць наперад працэс. І я скарыстаю гэтую магчымасьць”.

“Дарожная мапа” была прадстаўленая на наступны дзень пасьля таго, як палестынскі парлямэнт ухваліў склад новага ўраду на чале з памяркоўным палітыкам Махмудам Абасам. У сваёй прамове ў парлямэнце пры ягоным прызначэньні Абас рашуча асудзіў тэрарызм незалежна ад яго крыніцаў і матываў, падкрэсьліўшы, што тэрор не спрыяе стварэньню палестынскай дзяржавы, а наадварот, перашкаджае гэтаму. Ён паабяцаў раззброіць усе паўваеныя палестынскія групоўкі, што прадугледжана плянам мірнага ўрэгуляваньня.

Аднак літаральна праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як палестынскі парлямэнт ухваліў урад Абаса, баевік-самагубца зьдзейсьніў тэракт у Тэль-Авіве. Тры чалавекі загінулі, дзясяткі атрымалі раненьні. Адказнасьць за напад узялі на сябе радыкальныя групоўкі “Хамас” і “Брыгады пакутнікаў Аль-Акса”. Тэракт стаў сваеасаблівым выклікам новаму прэмьеру палестынскай аўтаноміі. Лідэр групоўкі “Хамас” Абдэль Азыз Аль-Рацысі заявіў, што тэрор супраць ізраіліцянаў будзе працягвацца. Ён таксама сказаў: “Мы не зьбіраемся раззбройваць нашых людзей, і мы не дазволім палестынскаму ўраду раззброіць любую з нашых арганізацыяў, мы пераканаем кожнага, што новы палестынскі ўрад мусіць ці стаць на бок палестынцаў ці супрацьпаставіць сябе ўсяму народу”.

Ізраільцяне адказалі на ўчорашні тэракт у Тэль-Авіве ва ўласьцівай ім жорсткай манэры. Сёньня ізраільскае войска зрабіла рэйд на палестынскія тэрыторыі, ня меньш як 7 палестынцаў былі забітыя ў сэктары Газа – цытадэлі “Хамасу”.

Новы палестынскі прэм’ер-міністар абяцае разарваць гэтае замкнёнае кола тэрору і жорсткіх адказаў на яго. Аднак невядома, ці здолее Махмуд Аббас, які не карыстаецца вялікай папулярнасьцю, выканаць свой намер раззброіць “Хамас” ды іншых радыкалаў.

Заходнія краіны спрабуюць дапамагчы памяркоўным палестынскім лідэрам, робячы ціск на спонсараў палестынскага тэрарызму. Прэзыдэнт Буш зьвярнуўся да ўсіх арабскіх краінаў з заклікам спыніць фінасаваньне палестынскіх тэрарыстаў. Японія і Францыя запатрабавалі ад Сырыі вывесьці яе войскі з Лібану, а таксама зачыніць прадстаўніцтвы палестынскіх экстрэмісцкіх груповак, якія месьцяцца ў Дамаску. У хуткім часе адбудзецца візыт у Сырыю дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла. Спыненьне падтрымкі палестынскіх тэрарыстаў з боку Сырыі стане адной з галоўных тэмаў перамоваў Паўэла ў Дамаску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG