Разам са сваімі сябрамі і акторамі самадзейнага “Вольнага тэатру” дзяўчыны ладзілі пэрфоманс пад лёзунгам “Хай жыве свабода і справядлівасьць!”. Падчас гэтай акцыі анархісты ня толькі дэманстравалі артыстычныя нумары, але і распаўсюджвалі газэту “Навінкі”. Гэта і прыцягнула ўвагу міліцыянтаў, якія затрымалі Аксану Гарбацюк і Ганну Фёдараву і загадалі прайсьці да службовай машыны. Затрыманьне адбывалася на вачах у шматлікіх удзельнікаў афіцыйнага мітынгу, які быў зарганізаваны гарвыканкамам.
Міліцыянты пачалі складаць пратакол, але нечакана для сябе высьветлілі, што газэта “Навінкі” зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі, а таму выдаецца і распаўсюджваецца легальным чынам. Празь некалькі хвілінаў абедзьвюх анархістак адпусьцілі, параіўшы спыніць сваю акцыю на галоўнай плошчы.
Варта таксама нагадаць, што берасьцейскія ўлады не дазволілі правесьці сёньня шэсьце і мітынг іншым палітычным партыям - ПКБ і сацыял-дэмакратам з “Народнай Грамады”. Прадстаўнікі гэтых партыяў зьбіраюцца аспрэчваць рашэньне гарвыканкаму ў судзе.