Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАБОТНІКАЎ ШЭРАГУ БУЙНЫХ БЕЛАРУСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ 1 ТРАЎНЯ ПАЧАЛІСЯ ПРАЦЯГЛЫЯ ВАКАЦЫІ


Натальля Раковіч, Менск

Згодна з прэзыдэнцкім указам, паміж 1 траўня і Днём перамогі працоўнымі днямі будуць 2-3 і 7-8 траўня. Але ў асобных прадпрыемстваў свой графік працы ў міжсьвяточны пэрыяд. З 1 па 9 траўня буде стаяць Менскі трактарны завод. МАЗ ня будзе працаваць з 4 па 11 траўня. Прадстаўніца заводу патлумачыла мне гэтае рашэньне так:

(Спадарыня: ) “Каб не выводзіць людзей 7 і 8 траўня. Гэта вытворчасьць, доменныя печы – вельмі шмат электраэнэргіі будзе затрачвацца. Каб не было перапынку, бо печы награваюцца колькі дзён”.

Менскі мотовелазавод таксама ня будзе працаваць цэлы тыдзень – з 4 па 11 траўня. Начальнік адзьдзела працы і заробкаў Іван Сініца сказаў, што прадпрыемства адпрацоўвала за гэтыя дні раней.

(Сініца: ) “Графік з пачатку года быў на гэта прадугледжаны. Мы ўжо адзін дзень адпрацавалі ў красавіку – 3-га працавалі замест 5-га траўня. Папросту ў нас былі пераносы ў зьвязку з тым, што стратаў болей, калі на адзін распачынаеш працу”.

Лідэр Свабодных прафсаюзаў Генадзь Быкаў сьцьвярджае, што шматлікія беларускія прадпрыемствы адпускаюць сваіх працаўнікоў на працяглыя вакацыі, бо такім чынам сапраўды мажліва зэканоміць сродкі. Многія заводы маюць вялікія запасы гатовай прадукцыі на складох, таму працаваць лішнія дні для іх ня мае сэнсу.

(Быкаў: ) “Адназначна, ёсьць прадпрыемствы, на якіх таньней не працаваць, чым працаваць, гэта па-першае. Па-другое, я мяркую, што такія прадпрыемствы як МАЗ, Трактарны, з улікам таго, што мы жывем не ў савецкія часы, павінны прыкладваць сур’ёзныя намаганьні, каб прадаць свой аўтамабіль ці трактар. Для іх ня мае сэнсу выходзіць 2 і 3 траўня. Стратаў для прадпрыемства ад гэтага ня будзе”.

У праблемы ёсьць сур’ёзны сацыяльны аспэкт, гаворыць спадар Быкаў, бо на прадпрыемствах кшталту МТЗ і МАЗ працуюць дзясяткі тысяч чалавек. Усе яны спачатку радуюцца магчымасьці адпачыць ажно тыдзень, асабліва на пачатку чарговага сэзону лецішчаў. Але ў чэрвені гэта адгукнецца нізкімі заробкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG