На Рэчыцкім заводзе ляжыць каля 600 тонаў гатовай прадукцыі, якую прадпрыемства ня можа вывезьці ў Заходнюю Эўропу. Распавядае дырэктар прадпрыемства Адам Вашкоў:
(Вашкоў: ) “Вельмі вялікія зрывы ў Францыю і Нямеччыну”.
Вытворцы адкрыта скардзяцца на адсутнасьць вялікагрузнага аўтатранспарту для міжнародных перавозак.
Начальнік аўтатранспантнай управы Міністэрства транспарту і камунікацыяў Валеры Міленькі, наадварот, упікае вытворцаў у нежаданьні своечасова разьлічвацца з аўтамабілістамі. Яны, маўляў, заказваюць транспарт у аднаго перавозчыка, не разьлічваюцца зь ім і шукаюць іншага.
Між тым, аўтамабілісты прыватным чынам пагаджаюцца, што з пачатку году колькасьць перавозчыкаў зьменшылася амаль на траціну. Мінаўтатранс мэтанакіравана пазбаўляўся ад канкурэнтаў. Апошні штрых — увядзеньне на пачатку году Беларускай асацыяцыяй аўтаперавозчыкаў, прэзыдэнтам якой зьяўляецца міністар транспарту Міхаіл Баравы, і мытным камітэтам гарантыі банку на суму 10 тысяч даляраў. Бяз гэтага нельга ад асацыяцыі перавозчыкаў атрымаць дакумэнты на спрошчаны мытны міжнародны кантроль.
Многія перавозчыкі ня здолелі атрымаць банкаўскія гарантыі. Іншыя накіраваліся працаваць у Расею.
Начальнік аддзелу арганізацыі міжнародных перавозак БАМАПу Валер Красоўскі дапаўняе:
(Красоўскі: ) “Шмат існуе прычынаў. Па-першае, фрахтавая стаўка нізкая. Польшча ўвяла абмежаваньні на паліва, і гэта патрабуе ад перавозчыкаў дадатковых выдаткаў — 300 эўра. Прадпрыемствы-экспартэры іх кампэнсаваць ня хочуць. Мала зваротных грузаў. Мы ў Нямеччыну завязем экспартны тавар, а назад грузаў няма. У асноўным імпарт ідзе на Расею. Але на перавозкі з трэціх краінаў патрэбны расейскі дазвол. Міністэрства транспарту дамаўляецца з Расейскай Фэдэрацыяй, але дазволаў з кожным годам выдаецца ўсё меней і меней”.