Незалежнае агенцтва “Middle East Newsline”, якое базуецца ў канадзкім горадзе Манрэалі, паведаміла зь Лёндану са спасылкай на крыніцы ў заходняй выведцы ды лібанскай апазыцыі, што рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада загадаў ірацкім афіцыйным асобам неадкладна пакінуць Сырыю. Паводле гэтых крыніцаў, “іракцы, у тым ліку Садамава жонка Саджыда і трое ейных дзяцей, былі забясьпечаныя праязнымі дакумэнтамі й зьмешчаныя на пасажырскія авіярэйсы з такімі месцамі прызначэньня як Лібія ды Беларусь”.
Я патэлефанаваў у Дамаск амбасадару Беларусі ў Сырыі Ўладзімеру Лапату-Загорскаму і спытаўся, як ён ставіцца да гэтай інфармацыі.
(Лапата-Загорскі: ) “Наўпроставых рэйсаў з Дамаску ў Менск у апошнія тры месяцы не было, І візы ірацкім грамадзянам у амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Сырыі не выдаваліся апошнія тры месяцы”.
(Карэспандэнт: ) “І чартэрных авіярэйсаў таксама няма?”
(Лапата-Загорскі: ) “Не”.
Спадара Лапату-Загорскага я папрасіў таксама пракамэнтаваць інфармацыю агенцтва “Middle East Newsline”, паводле якой да 15 красавіка ў Сырыі знаходзіліся сотні памочнікаў і сваякоў Садама Хусэйна.
(Лапата-Загорскі: ) “Гэтыя зьвесткі афіцыйна абвяргаюцца сырыйскім бокам, і тут мы ня маем падставаў не давяраць афіцыйнай пазыцыі сырыйскага боку”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, Юры Оранж ды іншыя дыпляматы, якія працавалі ў Іраку, дагэтуль знаходзяцца ў вас у Сырыі?”
(Лапата-Загорскі: ) “Не, на гэты час яны ў Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Яны таксама не маглі выдаць беларускія візы ірацкім грамадзянам?”
(Лапата-Загорскі: ) “Пасьля таго, як амбасада Беларусі ў Багдадзе пераехала сюды ў Дамаск, супрацоўнікі амбасады візаў не выдавалі”.
У аддзеле чартэрных перавозак авіякампаніі “Белавія” пацьвердзілі, што апошнім часам ніякіх авіярэйсаў у Сырыю зь Беларусі не было. А прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў, што грамадзяне Іраку з просьбамі даць ім палітычны прытулак у Беларусі не зьвярталіся.