Паплечнікі сябра Беларускай партыі свабоды Валянціна Баранава непакояцца за яго. Спадару Баранаву 53 гады, ён мае праблемы са здароўем — хворае сэрца і падвышаны ціск. Лідэр “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч не аднойчы быў у камэры адзіным з “палітычных” і трымаў галадоўку. Ён распавёў Радыё Свабода:
(Статкевіч: ) “Безумоўна, галадаць 14 сутак небясьпечна. Звычайна на галадоўку, калі чалавек арыштаваны на 10 сутак, адміністрацыя не зьвяртае ўвагі. У іх ёсьць даўні турэмны вопыт, і яны ведаюць, што чалавек такі тэрмін галадоўкі звычайны вытрымлівае. Больш за 10 сутак — пачынаецца невядомае. Гэта становіцца небясьпечным. Цяжка галадаць у камэры, бо няма чыстага паветра, няма магчымасьці рухацца. Мяркую, што спадару Баранаву цяпер цяжка — і фізычна, і псыхалягічна.
Мне самому амаль ніколі не даводзілася сядзець у адной камэры разам з прадстаўнікамі апазыцыі. Толькі аднойчы я сядзеў трое сутак разам зь іншымі “палітычнымі”, і тое тады, калі мяне затрымалі на акцыі, якую арганізавала ня наша партыя, як шараговага ўдзельніка. Тады, я памятаю, мы выдатна бавілі час, гуляючы ў “дурня”. Нават прафэсара Хадыку навучылі гуляць у гэтую гульню”.
У адміністрацыі спэцпрыёмніка нам паведамілі, што назіраюць за станам здароўя Валянціна Баранава і пры неабходнасьці будуць выклікаць хуткую дапамогу.
Валянцін Баранаў адбывае пакараньне за тое, што 23 сакавіка прыйшоў да будынку Галоўпаштамту, каб удзельнічаць у сьвяточным шэсьці. У той дзень разам зь ім затрымалі каля паўсотні чалавек. Дваццаць трох судзілі. Усе арыштаваныя за ўдзел у вулічных апазыцыйных акцыях ужо адбылі пакараньне і выйшлі на волю.
Валянціна Баранава пакаралі арыштам на 14 сутак. Пакуль астатнія вязьні спэцпрыёмніка адбывалі пакараньне, спадар Баранаў напісаў скаргу ў гарадзкі суд. Там прысуд адмянілі як незаконны. Калі б пасьля перагляду справы суд апраўдаў Баранава, то тады давялося б прызнаваць і астатнія арышты незаконнымі. Быў бы створаны судовы прэцэдэнт. 25 красавіка судзьдзя Алена Церашкова пацьвердзіла прысуд свайго калегі й пакарала Валянціна Баранава арыштам зноў на 14 сутак.