Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 30 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Сталинская молодёжь”, 1953 год, паведамленьне зь Віцебску пра абласную канфэрэнцыю кампазытараў-пачаткоўцаў:

“Расьце майстэрства самадзейных кампазытараў Віцебшчыны. У сваіх творах яны адлюстроўваюць тэму любві і адданасьці Камуністычнай партыі, Савецкаму ўраду, радаснае жыцьцё савецкіх людзей і іх змаганьне за мір. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі маладых кампазытараў былі людзі самых розных спэцыяльнасьцяў: тэхнік-электрык Г.Шадурскі, піянэрважаты Ф.Чарноў, дырэктар Багушэвіцкага раённага дому культуры М.Купрыянаў, студэнт Несьцяровіч. Кампазытары-пачаткоўцы праслухалі лекцыю “Аб задачах кампазытараў у сьвятле рашэньняў ХІХ зьезду партыі”, расказалі пра свае творчыя задумы. У працы канфэрэнцыі ўдзельнічалі вядомыя кампазытары рэспублікі — Я.Цікоцкі і У.Алоўнікаў”.


“Магілёўскія ведамасьці”, 1993 год, “Лукашэнка пайшоў у народ”:

“На мінулым і гэтым тыдні ў Магілёве адбываюцца сустрэчы народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з выбарцамі. Відавочна, што выхад папулярнага дэпутата “ў народ” мае агітацыйны характар. У часе сустрэчаў А.Лукашэнка заявіў, што на бліжэйшай сэсіі аблсавету ён хоча абвесьціць пра стварэньне новага руху здаровага сэнсу. Як мяркуе шклаўчанін, грамадзка-палітычная абстаноўка ў рэспубліцы такая, што бяз выхаду на палітычную арэну новых незакамплексаваных сілаў кожную дзяржаву чакае крах. Асаблівую ролю ў гэтым руху дэпутат надае інтэлігенцыі. “Прачніцеся! — зьвяртаўся Лукашэнка да выкладчыкаў. — Назіраючы з боку, як ідзе гістарычны працэс, вы можаце проста быць зьмеценыя з дарогі гісторыі”.


“Знамя юности”, 1993 год, “Новым ляўрэатам — новыя знакі”:

“На манэтным двары ў Санкт-Пецярбурзе вырабленыя новыя ганаровыя знакі ляўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. 1.Агульны знак. 2.Імянны знак ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы. 3.Імянны знак ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа. 4.Імянны знак ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Кастуся Каліноўскага. Знакі ляўрэатаў і дыплёмы ўручаць у другой дэкадзе траўня новым ляўрэатам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG