Усе чатыры названыя краіны выступалі супраць вайны ў Іраку. Праўда, афіцыйна пра раскол паміж НАТО і Эўразьвязам размова на гэтым саміце ў Брусэлі не вялася. Кіраўнікі Францыі Жак Шырак і Нямеччыны Гергард Шрэдэр ўвесь час паўтаралі пра ўмацаваньне эўрапейскага флянгу НАТО. Але ніхто зь лідэраў чатырох краінаў не патлумачыў, чаму яны лічаць патрэбным для гэтага стварыць новую ваенную арганізацыю па-за існуючымі структурамі альянсу.
Прэзыдэнт Францыі Жака Шырак палічыў неабходным падкрэсьліць:
“Мы хочам пазьбегнуць бессэнсоўнага дубляваньня выдаткаў краін Эўразьвязу на ўмацаваньне эўрапейскага флянгу ўнутры НАТО. Мы безумоўна ня маем нічога супраць Атлянтычнага альянсу. Насупраць, мы хацелі б умацаваць яго”.
Тым ня менш, ініцыятары стварэньня Эўрапейскага абарончага саюзу дамовіліся, што краіны-ўдзельніцы, і ўсе, хто пажадае да яго далучыцца ў будучым, утвораць таксама Эўрапейскія сілы хуткага рэагаваньня, сумеснае камандаваньне стратэгічнай авіяцыі, сумесныя цэнтры падрыхтоўкі і нават асобную штаб-кватэру для плянаваньня апэрацыяў Эўразьвязу.
Нарошчваньне ваеннай моцы гэтай арганізацыі ўдзельнікі саміту назвалі абсалютна неабходным для ажыцьцяўленьня эўрапейскай замежнай палітыкі і палітыкі ў галіне міжнароднай бясьпекі.
Жак Шырак адзначыў, што ЭЗ павінен быць гатовым да таго, каб ставіць задачы перад ААН без выкарыстаньня рэсурсаў НАТО альбо дазволу ЗША.
(Шырак: ) “Мы разам з нашымі партнэрамі ў стварэньні арганізацыі прапануем адзначыць неабходнасьць апэратыўнага плянаваньня і правядзеньня стратэгічных апэрацыяў, распрацаваных генштабамі краінаў Зьвязу. Гэтыя стратэгічныя рэсурсы могуць быць выкарыстаныя, калі Эўразьвяз вырашыць – у адпаведнасьці з франка-брытанскай дэклярацыяй Сэн-Мало 1998 году і вынікамі саміту ў Кёльне ў 1999 годзе – што няма магчымасьці выкарыстаць рэсурсы НАТО. Напрыклад, пры правядзеньні апэрацыяў Эўрапейскага Зьвязу пад эгідай ААН”.
Усе чатыры ўдзельнікі саміту ў Брусэлі лічаць, што новыя структуры павінны заставацца адкрытымі для далучэньня будучых сяброў Эўразьвязу па меры яго пашырэньня.