Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІМ АБ’ЯДНАНЬНЯМ ІЗНОЎ ПАГРАЖАЮЦЬ ЗАКРЫЦЬЦЁМ


Галіна Абакунчык, Менск

Гаворка вядзецца пра тры недзяржаўныя структуры: гарадзенскае абласное аб’яднаньне “Ратуша”, баранавіцкую агенцыю рэгіянальнага разьвіцьця “Варута” і менскую грамадзкую арганізацыю “Моладзевы Хрысьціянска-сацыяльны зьвяз”. Супраць кожнай зь іх Міністэрства юстыцыі цягам мінулага тыдня распачало судовую вытворчасьць з мэтай ліквідацыі.

Прычынай для гэтага сталася, нібыта, парушэньне арганізацыямі статутнай дзейнасьці. Да прыкладу — выкарыстаньне скарочанай назвы арганізацыі альбо яе падаўжэньне, захоўваньне ў памяшканьні незарэгістраванага паліграфічнага абсталяваньня.

Паводле юрыста і каардынатара Асамблеі Юрася Чавусава, гэта сплянаваная акцыя ўладаў паводле надуманых абвінавачаньняў. Гаворыць Юры Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Пазовы былі пададзеныя па ўсёй краіне амаль адначасова. Матэрыялы, паводле якіх рыхтаваліся гэтыя пазовы, зьбіраліся цягам доўгага часу. Гэта значыць, што Мінюст не выносіў парярэджаньні, а калі прысьпеў час, на арганізацыю падалі ў суд. Але юрыдычная абгрунтаванасьць гэтых пазоваў выглядае досыць сумнеўна”.

Тым ня менш, лідэры названых арганізацыяў не сумняюцца, што суды не будуць супрацьстаяць уладнай вэртыкалі ў асобе Мінюсту. А сапраўднай прычынай перасьледу ўладаў сталася іхная грамадзкая дзейнасьць. Гаворыць намесьнік кіраўніка “Моладзевага Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу” Андрэй Казакевіч:

(Казакевіч: ) “Пасьля зьезду, які адбыўся ў лістападзе мінулага году, калі арганізацыя пачала займаць больш выразную грамадзянскую пазыцыю, больш удзельнічаць у грамадзкім жыцьці, адразу ж пасьля гэтага пачаліся праблемы зь Міністэрствам юстыцыі”.

Старшыня працоўнай групы асамблеі Алесь Бяляцкі гэтыя падзеі назваў другой хваляй плянавага закрыцьця найбуйнейшых грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі. І як прыклад прывёў нядаўняе адначаснае закрыцьцё “Моладзевага інфармацыйнага цэнтру”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” і берасьцейскага цэнтру “Вежа.” Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Сытуацыя паўтараецца. Зразумела, што гэта палітычны заказ, і гэта не дарма. Маё асабістае меркаваньне, што мы перад нейкай вялікай кампаніяй. Магчыма, што гэта чарговы рэфэрэндум і найбольш незалежныя, аб’ектыўныя арганізацыі, якія займаюцца распаўсюдам інфармацыі, яны й перасьледуюцца ўладамі. Адбываецца “зачыстка”. Відавочна, што грамадзкія арганізацыі заганяюцца ў падпольле, відавочна, што гэты працэс будзе доўжыцца”.

Паводле спадара Бяляцкага, гэты працэс можа перапыніць альбо запаволіць толькі ўсеагульны пратэс грамадзкасьці, у тым ліку міжнароднай. І Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў ужо распачала ягоную падрыхтоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG