29 красавіка на Ўсходнія могілкі, дзе летась 1 траўня пахавалі Ігара Герменчука, прыходзілі ягоныя родныя, блізкія і сябры. Успамінае рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч, які працаваў разам зь Ігарам у Вярхоўным Савеце:
(Маркевіч: ) “Ігар Гермянчук — гэта вельмі вялікая страта для ўсёй беларускай журналістыкі. Ён быў флягманам, ён быў першапраходцам. Яго маглі не любіць, зь ім маглі спрачацца, але ніхто і ўжо ніколі не адмовіць яму ў праве быць тым правафлянгавым, якім ён быў і на самой справе. Ён фактычна вывеў беларускую, беларускамоўную журналістыку на той узровень, на якім яна сёньня знаходзіцца. І фактычна ўсе мы абавязаныя яму, абавязаныя “Свабодзе”, і ўсе мы каранямі адтуль. Фактычна, калі станавілася “Пагоня”, я вельмі шмат кансультаваўся зь ім, мы літаральна праводзілі разам цэлыя дні, асабліва перад выхадам “Пагоні”, бо абмяркоўвалі канцэпцыю, тэматыку, скіраванасьць, стыль”.
Галоўны рэдактар газэты “Салідарнасць” Аляксандар Старыкевіч лічыць сябе вучнем Ігара Герменчука:
(Старыкевіч: ) “Для мяне ён быў у значнай ступені і настаўнікам у журналістыцы. Зь вялікім задавальненьнем я зь ім супрацоўнічаў як аўтар з рэдактарам, бо вельмі карэктна Ігар заўсёды ставіўся да тэкстаў. Хоць ня штодзённымі былі нашыя стасункі, але магу сказаць, што мы сябравалі. І навіна пра ягоную сьмерць была для мяне ці ня самым вялікім ударам летась”.