Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАСТОКУ ВЫЙШАЎ 5-Ы НУМАР БЮЛЕТЭНЮ ЗЬВЯЗУ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ УЦЕКАЧОЎ У ПОЛЬШЧЫ “ЭМІГРАНТ”

Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Пяты нумар “Эмігранту” толькі першы сёлета. Папярэдні, чацьверты выпуск бюлетэню зьявіўся восеньню мінулага году. Пра тое, чым быў выкліканы такі доўгі перапынак у выхадзе “Эмігранту”, гаворыць галоўны рэдактар выданьня Ясь Абадоўскі:

(Абадоўскі: ) “Мы за гэты час сабралі больш моцную, прафэсійную каманду і вырашылі ўзяцца за “Эмігрант” як належыць. Таму у бюлетэні зьмененае ўсё – і дызайн, і тэматыка”.

Летась пасьля затрыманьня часткі накладу бюлетэню “Эмігрант” на польска-беларускай мяжы гарадзенскі суд пастанавіў, што гэтае выданьне ня можа распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі, бо шкодзіць дзяржаўным інтарэсам краіны. Ці будзе бюлетэнь, нягледзячы на гэта, усё ж перадавацца нейкім чынам ў Беларусь? Працягвае Ясь Абадоўскі.

(Абадоўскі: ) “Тое, што зьмешчанае ў апошнім нумары бюлетэню, скіраванае перадусім да беларускага чытача, і таму мы будзем перадаваць “Эмігрант” у Беларусь, нягледзячы на ўсе забароны”.

Варта адзначыць, што ўжо сёньня пачалося распаўсюджаньне сьвежага нумару бюлетэню “Эмігрант” сярод беларускіх прадпрымальнікаў, якія прыяжджаюць ў Беласток па тавары, і сярод беларусаў, што гандлююць на беластоцкіх кірмашах.

Асаблівую ўвагу ў пятым нумары “Эмігранту” зьвяртае на сябе новы, больш прывабны дызайн выданьня, а таксама зьмест артыкулаў, якія цяпер скіраваныя не на беларускіх палітычных уцекачоў, а пераважна на чытачоў у самой Беларусі. Гэта матэрыялы пра гісторыю змаганьня з дыктатурамі ў сьвеце, Чарнобыль, розныя юрыдычныя кансультацыі. Чым выкліканая гэткая зьмена тэматыкі? Гаворыць рэдактар нумару Віталь Лоцманаў:

(Лоцманаў: ) “Мы прааналізавалі сытуацыю і вырашылі, што палітычная эміграцыя не павінна адыходзіць ад справы змаганьня за дэмакратычныя ідэалы ў Беларусі. Мы маем такую перавагу над апазыцыяй у Беларусі, што ў нас ёсьць вольнае слова, без аніякай цэнзуры. Таму наступным этапам змаганьня палітычнай эмігарцыі, на нашую думку, якраз павінны быць выпуск такога выданьня”.

Стваральнікі “Эмігранту” кажуць, што цяпер гэтае выданьне будзе выходзіць больш рэгулярна, а сярод ягоных аўтараў зьявяцца вядучыя незалежныя журналісты зь Беларусі.

Са зьместам “Эміграннту” можна пазнаёміцца на інтэрнэт старонцы www.emigrant.bialorus.pl.
XS
SM
MD
LG