Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЛІЧАЎ


Ягор Маёрчык, Стралічаў

Зь беларускага насельніцтва засталося некалькі дзясяткаў пэнсіянэраў. У пакінутыя хаты з розных рэгіёнаў колішняга Савецкага Саюзу прыехала тысяча чалавек сямнаццаці нацыянальнасьцяў. Калі тыя ж казахі зьбягалі ад сваёй радыяцыі, то прадстаўнікі іншых народаў ратаваліся ад лякальных узброеных канфліктаў.

У вёсцы суіснуюць два лады жыцьця. Беларускае і мігранцкае. Вонкава яны падобныя і нават дзесьці перакрыжоўваюцца, але ўнутрана — надта розныя. Таму й распавядаць пра іх трэба паасобку.

Першыя прыбышы зьявіліся ў Стралічаве 10 гадоў таму, пасьля таго як тагачасны кіраўнік гаспадракі разаслаў у газэты па ўсім колішнім Саюзе артыкулы са спакусьлівымі прапановамі. Абяцаньне працы, заробку й даху над галавой у дадатак зрабіла сваю справу.

У жыцьці мігранта — тры абавязковыя этапы. Спачатку рэгістрацыя ў органах улады. Затым даюць від на жыхарства. І праз 7 гадоў — грамадзянства Беларусі.

Ва ўцекача з Грузіі Мартына Аганесяна чаканьне беларускага пашпарту расьцягнулася на дзесяцігодзьдзе.

(Аганесян: ) “Я тут з 1993 году. Пытаюся: “Чаму не даяце грамадзянства?” — “Ты аўтаматачна перайшоў у грамадзянства Грузіі”. Як я мог туды трапіць, калі я зьехаў адтуль у 1993-м? Жыву толькі на падставе віду на жыхарства. У шпіталь, барані Бог, траплю — трэба будзе плаціць. А чым плаціць, калі не даюць заробак. 15–20 тысяч затрымліваюць ужо месяцы 3–4. Тая беларуская мова... Яе паспрабуй вывучыць! Словы вельмі цяжкія, цяжэйшыя за грузінскія ды армянскія”.

(Карэпандэнт: ) “А людзі, якія жывуць тут, як яны ставяцца да ўлады?”

(Аганесян: ) “Усе любяць. Усё добра! Усё выдатна!”

Прыбышоў трэба ня столькі слухаць, колькі за імі назіраць. Пытаюся, ці дапамагаюць мясцовыя ўлады. На што гучыць станоўчы адказ. Адначасна глядзіш на чалавека, а ён у гэты момант альбо з хітраватай усьмешкай адмоўна хітае галавой, альбо ня менш красамоўна скрыжоўвае рукі.

Тлумачыцца гэткая ляяльнасьць тым, што азначаныя сем гадоў пражылі многія, а беларускія пашпарты дагэтуль атрымалі толькі адзінкі. А від на жыхарства самі яны называюць “падвешаным станам”, які ў адно імгненьне можа скончыцца на жаданьне чыноўнікаў з райцэнтру.

Яшчэ больш няпэўная пэрспэктыва ў тых, хто нават ня мае дазволу на знаходжаньне ў Беларусі. Аксана Паліберда працуе ў канторы экспэрыментальнай базы (так тут называецца калектыўная гаспадарка). Ні ад каго не хаваецца, наўпрост кажа, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца нелегальна.

(Паліберда: ) “Калі прыяжджала, я ставіла рэгістрацыю ў міліцыі. На год толькі на 90 дзён даецца рэгістрацыя. І каб прыехаў і прапісаўся, а тут так хутка не атрымліваецца. Я ўжо жыву тут два з паловай гады і яшчэ не атрымала віду на жыхарства. Атрымліваецца, што нелегальна”.

Ня так даўно зьявілася яшчэ адна сьцежка да грамадзянства. Адпаведнае рашэньне прымае Аляксандар Лукашэнка з прадстаўленьня адмысловай камісіі. Кацярына Васільева вырашыла скарыстацца менавіта гэтым шляхам.

(Васільева: ) “Яшчэ засталося грамадзянства Казахстану. Хочам рабіць грамадзянства Беларусі. Колькі даведак трэба сабраць! 17 пунктаў усялякіх розных паперак, якія пацьвярджаюць, што ты хочаш стаць грамадзянінам Беларусі. Гэта моцна ўпіраецца ў грошы. Адзін толькі аналіз на СНІД каштуе 10 даляраў. Катастрофа! Вось менавіта: для нас гэта кастастрофа!”

Насамрэч пашпарт з мадыфікаваным гербам БССР — вось запаветная мара прыбышоў. Шмат хто зь іх да пачатку 90-х жыў у буйных прамысловых цэнтрах. Многія прызнаюцца, што як толькі зьявіцца грамадзянства і прапіска, будуць шукаць шчасьця ў гарадах. А пакуль — вымушаныя жыць у вёсцы ды спрабаваць свае сілы ў сельскай гаспадарцы.

Галоўная цяжкасьць у жыцьці мігрантаў у Стралічаве — ужо згаданая бясплатная мэдычная дапамога. Паводле закону, асобы без грамадзянства могуць разьлічваць на яе толькі ў тым выпадку, калі хвароба пагражае жыцьцю.

Стралічаўскі фэльчарска-акушэрскі пункт уражвае сваімі памерамі. Двухпавярховы будынак з добрым дзясяткам прадцэдурных кабінэтаў. Галоўны лекар Алег Сакалоў — таксама не з тутэйшых. Ён цьвердзіць: штомесяц візыт да доктара неабходны кожнаму чацьвертаму жыхару. Але калідоры і еабінэты ФАПу ня бачылі чэргаў ад 1986 году.

(Сакалоў: ) “Мне ў прынцыпе ўсё адно — маеце вы грамадзянства, ці не. Ну, якая мне розьніца, ёсьць у вас від на жыхарства, ці не. Праблемы адмовы ў кантактаваньні зь лекарам няма, праблема толькі ў тым, што вы не атрымаеце бясплатныя мэдыкамэнты. Прыкладам, сухоты. 50 захворваньня на 100 тысяч насельніцтва. То бок, тут дзесьці на ўзроўні эпідэміі. Лекаваньне сухотаў заўсёды было доўгім і дарагім. На гэта трэба болей за 700 даляраў. Дык вось, калі ў чалавека няма грамадзянства Беларусі, лекаваць яго ад гэтай хваробы практычна немагчыма”.

Задаволенасьць жыцьцём, пэнсія ў час і прысядзібная гаспадарка — так можна апісаць жыцьцё беларускай часткі Стралічава. Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёску выселілі. На моцна забруджаных тэрыторыях радыяцыя ў 1993 годзе нібыта палагоднела. І абазвязковае адсяленьне замянілі на ўмоўнае.

Міхаіл Курленка скарыстаўся гэтым і вярнуўся ў родную хату:

(Курленка: ) “Я адсюль зьяжджаў у Віцебскую вобласьць. Не прыжыўся там. Перасадзіць маладое дрэва і старое: маладое прымецца, а старое можа і не прыжыцца. Вярнуўся назад”.

(Карэспандэнт: ) “Але кажуць, што тут радыяцыя”.

(Курленка: ) “Ай! А дзе яе цяпер няма? І коламі, і сьнегам, і дажджом, і пылам яе разьнесьлі па ўсім белым сьвеце. Брагінскі, Хойніцкі і Нараўлянскі раёны — гэта самыя былі забруджаныя. А цяпер ужо кажуць, што нібыта нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “Куды тая радыяцыя зьнікла?”

(Курленка: ) “У зямлю мо пайшла?”

(Карэспандэнт: ) “А цяпер гэта нейкія льготы дае?”

(Курленка: ) “Ды нічога! Раней палову плаціў за сьвятло, за радыё і за газ. А цяпер адмянілі. Мабыць, каманда прэзыдэнта. Крыўдна”.


* * *
Тут — тэрыторыя, забруджаная радыёнуклідамі. Адразу за Стралічавым пачынаюцца мёртвыя землі.

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкім чынам адчуваеце, што падвышаны радыяцыйны фон?”

(Спадарыня: ) “Адчуваю. У мяне падвышаецца ціск. У роце горка. Ізжога. Страўнік баліць. Губы сушыць. Гэта распаўсюджана шмат у каго. Нашыя дзеці пачынаюць хварэць”.

(Карэспандэнт: ) “На гэтыя забруджаны тэрыторыі прыяжджаюць новыя людзі. Як яны ўпісваюцца ў беларускую рэчаіснасьць?”

(Спадарыня: ) “Так, як мы, яны працаваць ня ўмеюць. Бо ў Расеі на зямлі ня могуць людзі працаваць. Таму — хто працуе, а хто дома сядзіць. Маладыя ў дэкрэтныя адпачынкі ідуць. У нас па сямёра дзяцей нараджаецца ў гэтай зоне. Атрымліваюць вялікую дзіцячую дапамогу — 150 тысяч. А маці-адзіночкі па 200 і болей. Дык лепей не працаваць і выхоўваць дзяцей”.

Перасяленцы ў размовах пра карэннае насельніцтва абачлівыя, слова дрэннага ня скажуць. У беларусаў жа прэтэнзіяў хапае.

Як толькі прыбышы пачалі зьяўляцца, беларускія стралічаўцы нейкі час ладзілі ў вясковым Доме культуры вечарыны. Мэта была простая — пасядзець за агульным сталом ды перазнаёміцца. Госьці такія імпрэзы наведвалі й пачастункі не ігнаравалі. Праўда, знакамітай усходняй гасьціннасьці ў адказ, як і працягу знаёмстваў, беларусы не дачакаліся.

Дырэктарка Стралічаўскага ДК Галіна Гасюга сьпісвае ўсё на тое, што інтарэсы ў новых і старых вяскоўцаў не супадаюць.

(Гасюга: ) “Там, мабыць, не былі людзьмі, дык яны прыехалі — і тут сябе гэтак сама паводзяць. Калі заробак, адразу атрымалі — і ў краму. Яны скупліваюць усё, што ёсьць. Вельмі любяць выпіць. Яны не прызнаюць нашых сьвятаў і абрадаў, а свае адзначаюць у сябе ў хатах”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, мела б нейкі сэнс Дому культуры правесьці якое-небудзь узбэцкае сьвята, таджыцкае сьвята альбо казаскае? Мо тады гэтыя людзі пацягнуліся б да культуры?”

(Гасюга: ) “Мы ўжо колькі казалі ім: “Даваейце наладзім вашае сьвята. Толькі прыйдзіце і пакажыце як”. — “Добра, абавязкова прыйдзем”. Тут праходзіць месяц, праходзіць другі. “Ну, што там?” — пытаюся. “Ай, няма мне калі! Ды й нашто яно мне?” Расчараваная я прыбышамі. Раней у нас не было значынстваў! А ўсё праз тое, што ў вёску Стралічаў наехала нацыянальнасьцяў з усяго СНД”.

Прадстаўнікі Хойніцкага аддзелу ўнутраных справаў прызнаюць, што жыцьцё ў Стралічаве далёкае ад спакойнага. Вясковы крымінал — гэта начныя крадзяжы хатняй жывёлы і сапраўдныя налёты на склепы ды капцы. Участковы міліцыянт у гэтай сытуацыі — дапамога малая. Сам ён жыве за пяць кілямэтраў, у райцэнтры. І бывае ў вёсцы пераважна днём — а ўсё адбываецца ноччу.

На пытаньне, хто гэта робіць, пальцам на канкрэтнага чалавека тут не пакажуць. Але пэнсіянэрка Раіса Савянок зазначае, што прысядзібную гаспадарку трымаюць збольшага карэнныя жыхары сталага веку. І яны адно ў аднаго ніколі нічога ня кралі.

(Савянок: ) “Бамжуюць, ходзяць па вуліцы, кардуць, дзе што можна ўзяць — курэй, бульбу якую — што можна зьесьці. А паспрабуй разабрацца: скраў куру ды зьеў яе. Ці ты цяпер каго знойдзеш? Калі да мяне хтосьці прыйдзе, я ж пабаюся нават выйсьці. Такое жыцьцё прыйшло. Усе хочуць есьці, а рабіць ня хочуць. А вось сама баюся: пакалоцяць бабу”.

(Карэспандэнт: ) “За што?”

(Савянок: ) “Ды я ж нічога такога не сказала, ні на каго не паказвала. А нашто мне паказваць?”

Як бы гэта ні парадаксальна гучала, але ўсе насельнікі Стралічава па-свойму задаволеныя. Карэнныя жыхары радыя, што ім не перашкаджаюць дажываць век у роднай хаце. Мігранты прыдбалі другую радзіму. А раённыя ўлады атрымалі паслухмяную працоўную сілу, якая лічыць за шчасьце працаваць у Чарнобыльскай зоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG