Сёлета прадстаўнiкi мiжнародных праваабарончых арганiзацыяў крытыкуюць камiсiю ААН у правах чалавека. На думку праваабаронцаў, камiсiя на сваёй апошняй сэсii зрабiла вельмi мала, каб абаранiць правы ахвяраў рэпрэсiўных рэжымаў.
Злучаныя Штаты сёлета ўпершыню адмовiлiся спансараваць рэзалюцыi аб парушэньнях правоў чалавека ў Чачэнii i Кiтаi. Эўразьвяз, заняты ўнутранымi праблемамi i спрэчкамi з Вашынгтонам, таксама ня здолеў выступiць зь цьвердай i адзiнай пазыцыяй у шэрагу пытаньняў. У той жа час, з аб’яднанай пазыцыяй выступiлi такiя краiны як Алжыр, Лiбiя, Судан, Сырыя i Зымбабвэ, разам з Кiтаем, Кубай i Расеяй, i яны здолелi заблякаваць шэраг iнiцыятываў. Вось што кажа Лота Лiхт, эўрапейскi дырэктар мiжнароднай праваабарончай арганiзацыi “Human Rights Watch”:
(Лiхт: ) “Камiсiя расчаравала нас нават болей, чым летась. Мы ўбачылi нават большую тэндэнцыю сярод краiнаў-удзельнiцаў камiсii аб’ядноўвацца не дзеля таго, каб дасьледаваць сытуацыю з правамi чалавека i прымаць рэзалюцыi i рашэньнi пра тое, як выправiць сытуацыю. Замест гэтага яны аб’ядноўвалiся, каб не дазволiць абмеркаваньне ў ААН праблемаў з правамi чалавека i вырашэньне гэтых праблемаў. Гэта вельмi нэгатыўная тэндэнцыя”.
Выканаўчы дырэктар Мiжнароднай Гельсынскай Фэдэрацыi ў правах чалавека Эрын Роўдз кажа, што ён ня меў вялiкiх чаканьняў ад сёлетняй сэсii:
(Роўдз: ) “Вынiкi такiя, якiх можна было чакаць. Таму я асабiста не расчараваны. Я думаю, як праваабаронцы мы мусiм выкарыстоўваць любыя даступныя шляхi, нягледзячы на тое, што на камiсiю ў правах чалавека ўплывае шмат палiтычных сiлаў, пра што можна пашкадаваць. Мы павiнныя прыкладаць усе намаганьнi, каб пераканаць сябраў гэтай камiсii. Вельмi важна, каб яны прытрымлiвалiся прынцыпаў у правах чалавека. Таму можна сказаць, што я асабiста расчараваны, што нашая арганiзацыя расчараваная, але ж вынiкi заўсёды недасканалыя”.
Тым ня менш, сёлета камiсiя здолела ўхвалiць некалькi сур’ёзных iнiцыятываў – у тым лiку, упершыню была прынятая рэзалюцыя аб сытуацыi з правамi чалавека ў Беларусi. У прыватнасьцi, яна заклiкае ўрад Беларусi звольнiць цi часова адхiлiць ад пасадаў тых прадстаўнiкоў праваахоўчых ворганаў, якiя датычныя да зьнiкненьняў людзей.
Сярод iншых патрабаваньняў – забясьпечыць незалежнасьць судовай улады, а таксама вызвалiць зьняволеных паводле палiтычных матываў. Камiсiя таксама прапанавала Вярхоўнаму камiсару ААН у правах чалавека прызначыць свайго прадстаўнiка, якi б больш дэталёва вывучыў становiшча з правамi чалавека ў Беларусi i даў справаздачу на наступнай сэсii.