Пісьменьніца Вольга Іпатава праз суд дамагаецца вяртаньня сваёй кнігі “Альгердава дзіда”, якую выдаў Літаратурны фонд Саюзу пісьменьнікаў. Кніга была надрукаваная ў Доме друку яшчэ летась у кастрычніку, але кнігарні й бібліятэкі яе дагэтуль не атрымалі — увесь тысячны наклад ўтрымліваецца на складзе гатовай прадукцыі, аўтару далі на рукі толькі некалькі сыгнальных асобнікаў.
Адметна, што кніга была выдадзеная за асабістыя грошы Вольгі Іпатавай. Дакладней, на пазычаныя ёю 7 мільёнаў рублёў, якія ана абавязалася вярнуць пасьля рэалізацыі кнігі. Між тым, рэалізацыя не пачыналася і невядома калі пачнецца. Вырашэньне справы мог бы прысьпешыць суд, які пачаўся 28 красавіка ў Партызанскім судзе Менску, але новае кіраўцтва Літаратурнага фонду дагэтуль ня вырашыла, хто будзе прадстаўляць гэтую арганізацыю ў судзе.
Старшыня Літфонду пісьменьнік Мікалай Чаргінец, вядомы таксама праз сваю дэпутацкую дзейнасьць, сёньня ў суд гэтак і не прыйшоў. Ён кажа, што яго ніхто не паінфарімаваў пра адкрыцьцё працэсу. Што да сутнасьці прэтэнзіяў Вольгі Іпатавай да Літфонду, то Мікалай Чаргінец іх адначасова і прызнае, і адвяргае.
(Чаргінец: ) “Па сутнасьці яна безумоўна мае рацыю. Калі чалавек уклаў свае грошы ў выданьне кнігі, ён павінен яе атрымаць. Сваю працу ў Літфондзе я пачаў з патрабаваньня, каб зь ёй разьлічыліся. Але ў дадзены момант кнігай Вольгі Іпатавай Літфонд не валодае, часова грашовы рахунак фонду арыштаваны падатковай інспэкцыяй, кнігі таксама арыштаваныя. А ўсе гэтыя праблемы з падаткамі ды іншым спарадзіла былое кіраўніцтва Літфонду, якое было ў час, калі Саюзам пісьменьнікаў кіравала сама Вольга Іпатава. Такім чынам, яна цяпер змагаецца сама з сабой”.
Спачатку пісьменьніца Вольга Іпатава паабяцала не даводзіць справу да суду наўзамен за абяцаньне Літфонду аддаць кнігі не пазьней, чым у сакавіку. Але ўсе тэрміны прайшлі, і суд стаўся непазьбежным. Сама Іпатава цяпер у працяглай замежнай паездцы, яе інтарэсы ў судзе прадстаўляе яе муж Ягор Фядзюшын. Ён перакананы, што падзеі, якія адбываюцца вакол кнігі жонкі, маюць палітычнае адценьне. Гэтак сама, паводле Ягора Фядзюшына, ляжаць нерухома на складзе і іншыя беларускія гістарычныя раманы, выдадзеныя за былым кіраўніцтвам Літфонду. Гэта раман Уладзімера Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Пляц Волі” Алеся Пашкевіча. Ягор Фядзюшын кажа:
(Фядзюшын: ) “Уражаньне, што яны не жадаюць займацца сваёй дзейнасьцю. Іхная задача — выдаць кнігу, атрымаць прыбытак і заплаціць яшчэ грошы пісьменьнікам, іх заахвоціць. Тут ім грошы пералічылі мы — толькі зрабіце сваю справу і аддайце кнігі. А калі ўзьніклі нейкія праблемы, дык за год іх магчыма, пэўна, вырашыць ? А тут нічога. Вось і атрымліваецца, што, відаць, гэта ў іх нейкая такая палітыка вядзецца”.
Наступнае паседжанье суду на пазоў Вольгі Іпатавай да Літфонду адбудзецца празь месяц, 26 траўня. Кіраўніцтва Літфонду абяцае да гэтага часу вызначыцца з тым, хто будзе спрачацца ў судзе зь вядомай пісьменьніцай.